27 лістапада 1920 году на Случчыне пачалася спроба ўзброенай абароны незалежнасьці Беларусі.
Прыкладна месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна зь мясцовых сялян, аказвалі супраціў савецкім войскам.
Традыцыйна ў канцы лістапада палітычныя арганізацыі ладзяць вандроўкі ў паселішчы, дзе праходзілі баі, а таксама мітынг у Слуцку. Сёлета такія выезды заплянаваныя тры. Партыя БНФ падала заяўку на правядзеньне імпрэзаў 26 лістапада, у гэты ж дзень у вандроўку па мясьцінах Слуцкага паўстаньня запрашае «Малады фронт». КХП БНФ ужо атрымала дазвол на ўшанаваньне памятных мясьцінаў і правядзеньне мітынгу ў Слуцку 27 лістапада, паведамляе «Радыё Свабода».
Партыя БНФ і рух «За свабоду»
Партыя БНФ і рух «За свабоду» 26 лістапада зладзіць традыцыйны аб’езд мэмарыяльных крыжоў у вёсках Грозаў, Семежаў, мястэчку Вызна (Чырвоная Слабада), дзе фармаваліся атрады слуцкіх паўстанцаў і праходзілі баі, а ў Слуцку — урачыстую дэманстрацыю і мітынг з нагоды 96-й гадавіны Слуцкага збройнага чыну.
У Слуцку збор заплянаваны каля кінатэатру «Беларусь» (краязнаўчы музэй, у будынку якога адбываўся сход дэлегатаў Случчыны, зараз на рамонце), на вуліцы Леніна а 14.30. Згодна з плянам, адтуль удзельнікі шэсьця калёнай накіруюцца ў гарадзкі парк да помніка Тарасу Шаўчэнку, дзе пройдзе мітынг.
Заяўку ў Слуцкі райвыканкам падпісалі намесьнік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў, кіраўнік слуцкай раённай арганізацыі БНФ Віталь Амяльковіч і старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.
«Малады Фронт»
Асобна ад Партыі БНФ у гэты ж дзень, 26 лістапада, Грозаў, Вызну (Чырвоную Слабаду) і Семежаў наведаюць актывісты «Маладога фронту». Яны ладзяць падарожжа па баявых мясьцінах, скончыць якое плянуюць ганаровай прысягай маладафронтаўцаў.
«27 лістапада 1920 году патрыёты Беларусі ўзьнялі гераічнае паўстаньне за незалежнасьць нашай краіны. Сёлета ўшанаваньне гэтай слаўнай падзеі адбудзецца 26 лістапада: нас чакае традыцыйная вандроўка ў Слуцак і навакольле. Запрашаем патрыётаў да ўдзелу ў сьвяткаваньні 96-х угодкаў Слуцкага збройнага чыну!», — пішуць маладафронтаўцы ў прэс-рэлізе.
КХП БНФ
Традыцыйна адзначае ўгодкі Слуцкага паўстаньня Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ «Адраджэньне». Як паведаміў Свабодзе намесьнік старшыні партыі Юры Беленькі, атрымана дазвол ад мясцовых уладаў на ўшанаваньне мэмарыяльных крыжоў у вёсках Грозаў, Семежаў, мястэчку Вызна (Чырвоная Слабада), а таксама на мітынг у Слуцку 27 лістапада.
Мітынг Менаблвыканкам дазволіў праводзіць у гарадзкім парку Слуцка, пройдзе ён з 15.00 да 16.00.