Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла зьвярнулася да беларусаў з прычыны ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну.
«Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, віншую вас з угодкамі адной з найбольш гераічных падзей у нашай гісторыі — Слуцкім збройным чынам!» — гаворыцца ў звароце, апублікаваным «Радыё Свабода».
«Так доўга як памятаю, беларусы ў вольным сьвеце адзначалі ўгодкі Слуцкага збройнага чыну, як сваё вялікае сьвята памяці, памяці тых дзесяці тысяч случчакоў, якія дабраахвотна пайшлі бараніць сваю праўду і сваю зямлю перад бальшавіцкай навалай. Гэта было першае войска Беларускай Народнай Рэспублікі.
Нягледзячы на адсутнасьць адэкватнай зброі, случчакі на працягу цэлага месяца — ад 27-га лістапада да 29-га сьнежня 1920 году — баранілі свой край.
На жаль, ня ўсе змаганьні канчаюцца перамогай. У гэтым выпадку, здрада так званых «саюзьнікаў» была асабліва балючай. Але паўтару тут словы прафэсара Анатоля Грыцкевіча: «Гэта быў патрыятычны чын беларускага сялянства і інтэлігенцыі ў барацьбе за незалежнасьць з легальнай, дэмакратычнай уладай».
Прашу ўсіх вас, дарагія суродзічы, аддаць даніну павагі нашым слуцкім героям!
Яны заслужылі на нашую памяць і на нашую ўдзячнасьць» — гэтымі словамі завяршае свой зварот старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.