Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

70 тысяч беларусаў ваявалі ў Войску Польскім

01.12.2016 общество

У Берасьцейскай крэпасьці адкрылася выстава Ігара Мельнікава.

Гісторык Ігар Мельнікаў сумесна з амбасадай Польшчы зладзіў выставу «Беларусы ў Войску Польскім. 1939-1945» у Берасьцейскай крэпасьці.

Некалькі дзясяткаў чалавек, шмат журналістаў прыйшлі на адкрыцьцё выставы ў Берасьці. Разам з аўтарам выставы Ігарам Мельнікавым яе адкрывалі Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік і Генэральны консул Польшчы ў Берасьці Славамір Місяк, перадае «Радыё Свабода».

На выставе экспануюцца фотаздымкі, дакумэнты ды іншыя артэфакты, зьвязаныя з удзелам беларусаў у фармаваньнях польскага войска на розных франтах Другой усясьветнай вайны. Паводле падлікаў Ігара Мельнікава, у шэрагах польскага войска змагаліся каля 70 тысяч беларусаў.

Амбасадар Польшчы Конрад Паўлік расказаў пра сымбалічнасьць адкрыцьця выставы ў Берасьцейскай крэпасьці:

«Я рады, што гэтая выстава яшчэ багацейшая ў параўнаньні з паказанай раней ў Менску, зьмяшчае новыя экспанаты. 70 тысяч беларусаў (у складзе Войска Польскага. — РС) пачалі зь першага дня вайны змагацца з нацызмам, зрабілі першы крок да перамогі і прайшлі ўсю вайну. Цяпер мы адраджаем памяць пра іх і шануем іхны подзьвіг. Я перакананы, што паказ выставы ў такім асаблівым месцы мае вялікае значэньне».

Конрад Паўлік рэкамэндаваў прысутным паглядзець фрагмэнты выстаўкі, прысьвечаныя абароне Берасьцейскай крэпасьці польскім войскам у верасьні 1939 году.

Аўтар выставы, кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў займаецца дасьледаваньнем міжваеннай гісторыі Беларусі, працуе над тэмай удзелу беларусаў у польскім войску. Гісторык выдае кнігі ў гэтай тэматыцы, на выставе ён расказаў, што цяпер працуе над кнігай пра беларусаў, якія змагаліся ў складзе польскай арміі генэрала Ўладыслава Андэрса.

«Беларусы паўсюль вылучаліся гераізмам, паўсюль польскія камандзіры пісалі, што гэта добры жаўнер, які не баіцца ворага, які добра ваюе, які ідзе наперад. Гэтак было і ў 1939 годзе, і ў 1944 годзе, калі разам з генэралам Андэрсам жаўнеры ішлі штурмаваць Монтэ-Касіна. Гэта тэмы, якія, на жаль, доўгі час у Беларусі не ўздымаліся. І цяпер мы робім першыя крокі, каб беларусы ганарыліся гэтымі жаўнерамі Другой сусьветнай вайны».

У часе адкрыцьця выставы выступіла дачка аднаго з жаўнэраў Войска Польскага Віктара Амелянюка. Спадарыня Ангеліна ў часе сваёй прамовы выказала падзяку гісторыку за ягоную працу:

«Дзякуючы спадару Ігару Мельнікаву мы даведаліся нешта пра свайго бацьку. Ня толькі тое, як ён ваяваў і якім ён быў, але і дзе пахаваны. Ігар прывёз фотаздымак ягонай магілы. І мы яму вельмі ўдзячныя за гэта. Мы зычым Ігару плённай працы на карысьць нашай Радзімы».

Гэта ўжо трэцяя выстаўка Ігара Мельнікава, прысьвечаная беларусам у Войску Польскім. Першая была ў Нацыянальным гістарычным музэі, другая — у музэі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Выстава будзе працягвацца да 31 сьнежня 2016 году ў выставачнай залі Берасьцейскай крэпасьці побач з Холмскімі варотамі. Уваход бясплатны.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]