Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Шанцуе сьмелым

02.12.2016 культура
Шанцуе сьмелым

І шанцуе абачлівым. Шанцуе тым, хто мае ўнутраны стрыжань, хто мае гарт.

Амаль кожны дзень бываю ў Швэйцарскай даліне, уздоўж Гараднічанкі ходнікі, лаўкі, масты, месца адпачынку. А раней усё было зарослым і занядбаным. Калісьці Алесь Белакоз распавядаў мне, як уцякаў гэтай Швэйцарскай далінай ад людзей з «органаў». За раскіданыя ім самаробныя ўлёткі наконт незалежнай Беларусі. Раскіданыя ажно на Тэльмана, дзе былі міліцыя з КДБ. Быў канец 1940-х. Сёньня ўцячы не ўдалося б, месца цяпер дагледжанае. Але Белакозу ня раз шанцавала.

Шанцуе сьмелым. І шанцуе абачлівым. Шанцуе тым, хто мае ўнутраны стрыжань, хто мае гарт. Ён гэта меў, ён паказваў прыклад беларускага гарту.

Беларушчына не загінула цалкам на Гарадзеншчыне ў савецкія часы. Хаця прыдушаная была, вялізным каменем прыгнялі грудзі, каб дыхаць не магла. А пратрымалася дзякуючы гарту паасобных людзей, перанятаму з тых далёкіх заходнебеларускіх часоў і з гадоў вайны, калі беларуская мова магла гучаць адкрыта. Амаль у кожнай вёсцы мог быць чалавек зь беларушчынай у сэрцы. Хто мог бы сабраць прадметы вясковага быту, старыя кнігі, здымкі, каб захаваць памяць вёскі. Насамрэч да актыўных чынаў даходзіла нячаста.

Белакоз быў унікальным. Ён сагітаваў вяскоўцаў прынесьці старыя рэчы. Стварыў музэй, дамогся, каб яго зацьвердзіла начальства. З кожнай хаты ахвяравалі для музэю нейкія старыя рэчы — ганчарныя, кавальскія або зробленыя з дрэва, расказваў ён мне аднойчы. На словах начальства было ня супраць краязнаўчага музэю, хоць рабіла казіную мысу. Навошта музэй не калгаснага ладу, а нейкай старызны?

Аднойчы мы паехалі з прыяцелем з Англіі ў Гудзевічы, Алесь Белакоз захоплена апавядаў, і маёй жонцы давялося вельмі шмат перакладаць. Прыяцель зрабіў відэафільм для сябе.

Калі ўвесь час цябе скубуць дробныя начальнікі, неадукаваная публіка, цяжка. Хваробы не за гарамі. Але які гарт быў у чалавека, што рак удалося перамагчы! Алесь Мікалаевіч лічыў, што гэта з дапамогай крамнёвай вады. Ён вельмі ўсім раіў і прапагандаваў для ачышчэньня вады выкарыстоўваць скалку, крэмній. І нам тады даваў дробныя кавалачкі.

Пазнаёміліся аднойчы зь Мішам Белакозам, ягоным сынам. Жыў у Горадні, меў невялікую фірму: здабыты пад Краснасельскім крэмній драбнілі і прадавалі ў аптэках. Міша быў высокі, паглядны, прыгожы чалавек. Шкада было бацьку, калі сын некалькі год таму памёр, як выглядала, досыць выпадкова. Упаў, ударыўся галавой, ляжаў некалькі дзён у коме. Была зіма. А перад тым мы зь ім выпадкова бачыліся на рагу Савецкай і Ажэшкі, паразмаўлялі, як аказалася, апошні раз. Міша тады займаўся, мабыць, ня вельмі прыбытковым, але цікавым бізнэсам: набываў ужываныя аўтаматы для кавы і ўсталёўваў у розных месцах. На вакзалах, у крамах.

З Алесем Белакозам мы аднойчы ледзь не сустрэліся ў касьцёле. Быў 1985-ы. Я заехаў у Індуру, гэта на поўдні Гарадзенскага раёну. Касьцёл цікавы, з кожнага боку збудаваны ў розным стылі. Чалавек, які працуе пры касьцёле, мне расказаў, што ў храме захаваліся старыя выданьні на беларускай мове, таксама лацінкай, «Наша Ніва», кніжкі. І што ў газэту пісаў некалі, здаецца, ягоны бацька. Пазьней Белакоз расказаў, што да яго дайшлі гэтыя зьвесткі і ён паехаў у Індуру. Яшчэ троху, і ўсё прапала б, расказваў ён. Але яму ўдалося атрымаць тыя дарэвалюцыйныя яшчэ выданьні для гудзевіцкага музэю.

Шкада, што такіх загартаваных беларусаў, як Алесь Белакоз было няшмат. У тыя часы ў мяне напісалася апавяданьне, у якім стары настаўнік з дапамогай вучняў зьбірае ў школцы музэйчык. Школьнікаў справа захапіла. Вяскоўцаў не зацікавіла. «Старога настаўніка пасьпешліва адправілі на пэнсію пасьля таго, як ён у клясным пакойчыку, ператвораным у краязнаўчы музэй і поўным усялякіх чаропак, костак ды камнёвых сякер, на каламутна-малочнай дошцы намаляваў вершніка з крыжавым шчытом і мячом».

Цуд быў у тым, што гэты настаўнік і іншыя змаглі аднойчы ўбачыць герб зь вершнікам над сельсаветам. І нават пажыць у роднай дзяржаве пад конным рыцарам на шчыце. Цуды не трываюць доўга. Паміраць давялося з адвечнымі марамі аб сваёй беларускай Пагоні.

Сяргей Астраўцоў, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]