Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Рэзалюцыі і іх рэалізацыя

03.12.2016 политика
Рэзалюцыі і іх рэалізацыя

Якая б вайна не вялася, халодная, гарачая, гібрыдная ці халера ведае якая яшчэ, усе яны праходзяць пры непасрэдным удзеле інфармацыйнай кампаніі.

Інфармацыйную атаку можна параўнаць з галоўнай дыверсійнай групай, якая закідваецца ў тыл непрыяцеля з мэтай знішчыць або паралізаваць усе яго дзейсныя сістэмы. А сама інфармацыйная вайна вядзецца як непасрэдна пад час усялякай вайны, так і да яе, ну і пасля. Увесь час вядзецца.

Сродкі, якімі карыстаюцца “генералы” інфармацыйнай кампаніі, нічым не адрозніваюцца ад тых, якімі карыстаюцца іх баявыя калегі. І залежаць яны выключна ад ступені подласці палітычнай улады канкрэтнага ваюючага боку. На вайне, як на вайне. Хто прайграе інфармацыйную вайну, наўрад ці можа разлічваць на перамогу ўвогуле.

Еўразвяз, зараз, ускосна прызнаўся, што першы раўнд у гэтым кірунку ён прайграў з разгромным, і ў дадатак з сухім лікам. Прычым прайграў усім. ІДІЛу, Расеі, ісламскім тэрарыстычным групоўкам… Усім, каму толькі можна. І зараз спахапіўся ў халодным поце. І вось ужо дэпутаты Еўрапейскага парламента нарэшце ўхвалілі рэзалюцыю аб супрацьдзеянні антыеўрапейскай прапагандзе, якую на іх думку вядуць Расея і ісламісцкія тэрарыстычныя групоўкі.

Ну лепш позна, чым ніколі. Дакумент сапраўды гістарычны, і патрабуе падвышанай увагі. Ну як да яго сур’ёзна не паставішся, калі там чорным па беламу акрэсленыя важнейшыя аспекты еўрапейскай інфармацыйнай бяспекі. Прынамсі там сказана, што “варожая прапаганда супраць ЕС і яго дзяржаў-членаў накіравана на тое, каб сказіць праўду, выклікаць сумневы, раз’яднаць Еўразвяз і яго партнёраў у Паўночнай Амерыцы, паралізаваць працэс прыняцця рашэнняў, дыскрэдытаваць інстытуты ЕС, а таксама пасеяць страх і няўпэўненасць сярод грамадзян Еўразвяза”.

Жах! Цікавыя назіранні! Тут цяжка з чым паспрачацца. Зрэшты, асабіста я не прачытаў тут нічога новага. Бо пісалі пра гэта задоўга да прыняцця гэтага дакумента безліч журналістаў, думку якіх чамусьці ўсе гэтыя доўгія гады проста ігнаравалі. І нават на бязмежных прасторах былога Савецкага Саюзу пра зараджэнне і развіццё расейскай прапагандысткай сістэмы білі ў званы большасць незалежных СМІ, пакуль паслясавецкія таталітарныя рэжымы іх не пазачынялі.

Пра гэта у тым жа СНД крычалі ў тры гарлякі апазіцыйныя палітыкі, але за перамовамі еўрапейскіх палітыкаў з паслясавецкімі таталітарнымі ўладамі іх ніхто не хацеў пачуць. Ды і ў самой старэнькай Еўропе хапала аналітыкаў, якія сігналізавалі еўрапейскім чыноўнікам пра рэальны стан рэчаў. Але палітыка паліткарэктнасці і яшчэ безліч нейкіх там навамодных слоў выконвала ролю глушылак падобнай інфармацыі.

І вось зараз адбыўся такі кардынальны прарыў свядомасці! Відаць прыпякло канкрэтна. Больш не да жартаў.

“Еўрасаюзу, – падкрэсліваецца ў дакуменце, –  неабходна больш актыўна прымаць меры па барацьбе з кампаніямі па дэзінфармацыі і прапагандзе”. І вось тут надыходзіць самае цікавае. А якія ж гэта меры? Пра супрацьдзеянне антыеўрапейскай прапагандзе ад, прыкладам, ІДІЛа, разважаць бессэнсоўна. Гэтым мусяць займацца спецслужбы.

А вось з расейскай прапагандай мы ў Беларусі знаёмыя непасрэдна. Бо пад яе ўплывам жывём больш двух дзесяцігоддзяў, і мала каго гэта хвалявала. Мала хто гэтаму надаваў такое значэнне, якое зараз мы пачулі ў рэзалюцыі. І тым больш дзіўным успрымаецца тое, што размовы пра супрацьдзеянне псеўдаінфармацыі і антыеўрапейскай агітацыі вядуцца пад ужо традыцыйныя страхі і чуткі, што могуць застацца без падтрымкі тыя нямногія медыі, скіраваныя на атрымальнікаў інфармацыі ў Беларусі, якія гэтай барацьбой з псеўдаінфармацыяй і без усялякіх рэзалюцый займаліся цягам усяго свайго існавання.

Зрэшты, аўтары рэзалюцыі пра гэты аспект напэўна добра ведаюць. Бо сама рэзалюцыя, якая, дарэчы, носіць толькі рэкамендацыйны характар, падрыхтаваная дэпутатам ад Польшчы Ганнай Фатыгай. А для польскіх палітыкаў гэта тэма не новая. Ну што ж. Рэзалюцыі адно, а метады іх рэалізацыі другое. Паглядзім як яно будзе на практыцы.

Віктар Сазонаў, «Радыё Рацыя»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]