Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Алесь Белакоз адкрыў для нас Беларусь»

03.12.2016 общество
«Алесь Белакоз адкрыў для нас Беларусь»

Cправа славутага беларуса будзе працягвацца.

Калі труну зь целам Алеся Белакоза везьлі празь вёску, людзі выходзілі з сваіх дамоў, з крамы, пошты, Дому быту, школы, каб разьвітацца зь ім. Бадай уся вёска сабралася каля Гудзевіцкага музэю, які ён стварыў, перадае «Радыё Свабода».

Прафэсар Аляксей Пяткевіч з Горадні ў сваім разьвітальным слове прапанаваў надаць Гудзевіцкаму музэю імя Алеся Белакоза.

Хавалі славутага краязнаўцу і настаўніка беларускай мовы Алеся Белакоза пераважна вяскоўцы. Прыехалі на пахаваньне некаторыя ягоныя былыя вучні, актывісты з Мастоў і Лунна, сябры розных грамадзкіх абʼяднаньняў з Горадні, супрацоўнікі створанага ім музэю, а таксама прадстаўнікі Мастоўскага райвыканкаму. Ад хаты да царквы труну з Алесем Белакозам несьлі на руках.

Сталы чалавек, Павал Лявусік распавядае, што па-суседзку ўвесь час сябраваў з Алесем Белакозам. Ён кажа, што вельмі сумна губляць такога чалавека:

— Вельмі добры быў чалавек, тут пра гэта ўсе ведаюць, і нікога ніколі ня крыўдзіў. Хто да яго за чым ні зьвяртаўся, то дапамагаў кожнаму, ніколі не адмаўляў. Ён нават і мой здымак у музэі павесіў, бо я як працаваў на трактары, то быў адным зь перадавікоў. Паважаў ён працоўных людзей.

Андрэй Трацяк быў вучнем Алеся Белакоза. Ён прыгадаў, якім быў яго настаўнік.

— Вельмі справядлівым, вучыў нас беларускасьці, і гэта засталося на ўсё жыцьцё. Часам здаралася, што і ставіў у куток, але зь ім было цікава ствараць музэй, пісаць вершы. Калі нехта хацеў паправіць адзнаку, то Алесь Мікалаевіч казаў: пішы верш. А нашы дзяўчаты пры ім пастаянна праводзілі ў музэі экскурсіі, ня тое што цяпер гэта робяць самі супрацоўнікі. Мы тады адчувалі сябе гаспадарамі гэтага музэя, бо разам зь ім зьбіралі экспанаты. І пасылкі з крэменем пасылалі па ўсім Саюзе, адкуль толькі пра гэта людзі ні прасілі — мы дапамагалі. Кожнай сваёй справай ён вучыў нас любіць Беларусь. Памяць аб ім у нас будзе жыць заўсёды.

Аляксандар Казлоўскі з Краснасельску Ваўкавыскага раёну даводзіцца сваяком Алесю Белакозу. Кажа, што нябожчык запомніцца яму як чалавек зь вялікай літары, бо ягоных спраў людзі ніколі не забудуць.

— Я памятаю, якую ён мне правёў першую экскурсію па музэі. У мяне тады ўсё ў галаве перавярнулася. 28 гадоў таму ў яго прызналі анкалёгію, а ён сам знайшоў спосабы, як вылечыцца ад гэтага. Ня думаю, што яму было лёгка гэта зрабіць, але ён здолеў перамагчы і анкалёгію — вось такім ён мне назаўсёды запомніцца.

Янка Курчэўскі прыехаў на пахаваньне з Горадні. Кажа, што памёр вялікі чалавек і вялікі беларус. Ён некалі бываў у Белакоза ў гасьцях, і размовы зь ім запомніліся на ўсё жыцьцё.

— Ён зрабіў такі беларускі музэй пры бальшавіцкай уладзе. Цяпер гэта нават цяжка ўявіць — ён моцны чалавек. А яго барацьба з хваробай — гэта варта найвялікшай павагі. Я толькі зьдзіўлены, што так мала беларусаў прыехала на яго пахаваньне, бо ў нас у краіне такіх людзей адзінкі.

Старшыня гарадзенскай арганізацыі ТБМ Алесь Крой кажа, што памёр вялікі патрыёт і вялікі стваральнік.

— Ён ня толькі ўмеў гаварыць, але ён яшчэ і ствараў, і пакінуў пасьля сябе вялікую спадчыну — музэй, якому цяжка знайсьці падобныя ў нашых вёсках.

Аднавясковец Павал Сідар лічыць Алеся Белакоза сваім духоўным настаўнікам. Ён працуе ў мясцовым калгасе. Кажа, што быў аднадумцам з Алесем Мікалаевічам, часта раіўся зь ім і абмяркоўваў самыя розныя праблемы.

— Я часта заходзіў да яго ў музэй, ён праводзіў экскурсію нават для аднаго чалавека, імкнуўся болей расказаць, каб людзі ведалі нашу гісторыю, культуру, мову. Толькі дзякуючы яму мы тут пазналі, што такое Беларусь, наша спадчына і бацькаўшчына... Ягоная сьмерць — гэта вялікая страта для ўсіх нас.

Муж і жонка Багданы кажуць, што спадар Белакоз быў іхнім клясным кіраўніком. Надзея Багдан сама цяпер працуе ў школе ў Ваўкавыскім раёне і таксама стварыла пры школе музэй.

— Ён быў вельмі добры настаўнік і чалавек, і адзнакі нам добрыя ставіў. Клапаціўся пра тое, каб мы ведалі і любілі беларускую мову. І мы любім і Беларусь, і беларускую мову, і ганарымся тым, што Беларусь жыве. Ён аддаваў нам усе свае веды і сілы...

Віталь Багдан дадае, што Алесь Белакоз выхоўваў у іх любоў да самых звычайных рэчаў: быць сумленным, шчырым, любіць сваю краіну, сямʼю, шанаваць родную мову, паважаць бацькоў.

— Здавалася б, такія простыя рэчы, і толькі з часам разумееш, як шмат для нас гэтым самым зрабіў гэты чалавек.

На пахаваньні прысутнічаў прадстаўнік гарадзенскай арганізацыі беларускіх пісьменьнікаў Валянцін Дубатоўка. Ён добра ведаў сямʼю Белакозаў, ня раз гасьцяваў у іх:

— Хто б ведаў сёньня наагул пра Гудзевічы, каб не Алесь Белакоз і створаны ім музэй! Гудзевічы — звычайная вёсачка, якіх тысячы ў Беларусі. Але жыў тут такі чалавек, які здолеў стварыць столькі, што Гудзевічы вядомыя ня толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. У музэі, створаным Белакозам, жыве ягоная душа, закладзеныя ягоныя мары, якія ён пасяліў у гэтым музэі разам са сваімі экспанатамі. А колькі выхавана людзей, і сярод іх паэтаў і празаікаў... Колькі добрых і шчырых беларусаў узгадавалася ў гэтым музэі... Вялікі чалавек адыходзіць...

Пасьля адпяваньня ў царкве труну зь целам Алеся Белакоза падвезьлі да музэю, які ён стварыў. Тут выступілі прадстаўнікі Мастоўскага райвыканкаму, дырэктарка мясцовай школы.

Усе казалі цёплыя словы пра Алеся Белакоза. А сябра ТБМ з Горадні, прафэсар Пяткевіч сказаў, што самай лепшай памяцьцю пра Белакоза было б надаць ягонае імя Гудзевіцкаму музэю. У гэты момант загучалі аплядысмэнты.

Пасьля пахаваньня я зьвярнуўся да дырэктаркі Гудзевіцкага музэю Кацярыны Басінскай з пытаньнем — ці будзе працягвацца справа Белакоза ў створаным ім музэі?

— Колькі ад мяне гэта будзе залежаць, то справа Алеся Белакоза будзе працягвацца. І бліжэйшым часам я паклапачуся аб тым, каб надаць імя Алеся Белакоза нашаму музэю.

Пры пахаваньні цела Алеся Белакоза пакрылі бел-чырвона-белым сьцягам.

Алесь Белакоз памёр 1 сьнежня 2016 году на 89-м годзе жыцьця. Белакоз — заслужаны настаўнік Беларусі, заслужаны дзяяч культуры, адным зь першых быў ушанаваны мэдалём імя Францішка Скарыны. Ляўрэат прэміі «За свабоду думкі».

Алесь Белакоз

Маладым настаўнікам у 1948 годзе Алесь Белакоз напісаў на лістках заклік «Змагайцеся за незалежную Беларусь!» ды раскідаў іх зь цягніка па дарозе ў Менск. Потым раздабыў шрыфт ды надрукаваў антысавецкія ўлёткі, якія зь сябрамі распаўсюджваў у Горадні. Цудам пазьбег арышту і сталінскай карнай сыстэмы.

У Гудзевічах стварыў унікальны дзяржаўны літаратурна-гістарычны музэй, які ўзначальваў болей за 30 гадоў.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]