Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Калгаснае поле ператвараецца ў поле бітвы»

07.12.2016 культура
«Калгаснае поле ператвараецца ў поле бітвы»

Зьміцер Бартосік прэзэнтуе ў Менску кнігу «Быў у пана верабейка гаварушчы».

8 сьнежня ў менскім Прэс-клюбе адбудзецца прэзэнтацыя кнігі знанага барда, літаратара і журналіста Зьмітра Бартосіка «Быў у пана верабейка гаварушчы», якая выйшла ў бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода.

Кніга вырасла з адной з самых любімых радыёслухачамі перадачаў — «Падарожжы Свабоды». Аўтар сабраў разам гісторыі, пра якія сьведкі адважыліся расказаць толькі напрыканцы жыцьця і якія мяняюць звыклае ўяўленьне пра тое, што рабілася ў Беларусі ў ХХ стагодзьдзі.

Пачатак у 18:00 па адрасе: Веры Харужай, 3-601.

Сваімі першымі чытацкімі ўражаньнямі ад новай кнігі Зьмітра Бартосіка дзеліцца пісьменьнік Уладзімер Арлоў:

- У гісторыі нашага з Бартосікам знаёмства, а затым і сяброўства быў адзін шчасьлівы, перапоўнены прыгодамі, проста фантастычны пэрыяд, калі ўлетку 2001 году мы зь ім (апрача ўсяго іншага, яшчэ і зухаватым кіроўцам) абʼехалі Беларусь удоўжкі, ушыркі і амаль па пэрымэтры, зрабіўшы не адзін дзясятак выступаў у самых розных сьценах і пад адкрытым, то сонечным, то зорным небам. У Драгічыне нас да вечара (пакуль не даведаліся, што мы едзем у суседні Кобрынскі раён, пасьля чаго мы разьвіталіся ледзьве не з абдымкамі) затрымлівалі міліцыянты на чале з самім начальнікам райаддзелу. У Браславе мы пазнаёміліся і пасябравалі зь сямʼёй гісторыкаў і краязнаўцаў Шыдлоўскіх і сямʼёй паляўнічых ды эколягаў Селяхаў, якія былі і застаюцца гаспадарамі цэлай воўчай зграі. У Крычаве давялося па-бацькоўску ўшчуваць юнага паэта, які прысьвяціў сваёй каханай і надрукаваў у падараванай нам тамтэйшай газэце вершы, што ўяўлялі сабой трошку пераробленыя радкі з Бартосікавай песьні «Разьвітаньне зь Вільняй» (у Бартосіка — «такія месты проста так не пакідаюць...», у юнага паэта — «такія грудзі проста так не пакідаюць...» ну і далей па целе).

Мне здаецца, менавіта тая наша бясконцая летняя вандроўка і натхніла Зьмітра пазьней на стварэньне адной з самых папулярных на Беларускай службе Радыё Свабода праграмаў — «Падарожжы Свабоды».

Але перад гэтым Бартосік пасьпеў выдаць кнігу «Чорны пісталет. Апавяданьні з уласнага жыцьця». На чацьвёртай старонцы вокладкі гэтай таленавітай і неверагодна дасьціпнай кніжкі (чытаючы яе, хтосьці рагатаў, хтосьці пакутліва задумваўся над нашымі крываточнымі беларускімі праблемамі, а суровая журналістка Марына Коктыш, паводле ейнага прызнаньня, усхліпвала) ёсьць мае гранічна шчырыя радкі: «Разам з Бартосікам я праехаў па Беларусі 10 000 км, і мне ні разу не захацелася ўзяць у рукі пісталет і прыстрэліць свайго спадарожніка».

Празь некалькі гадоў Бартосік стаў адным з герояў маёй уласнай кнігі «Пакуль ляціць страла», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды». Нарэшце гэтая бібліятэка і тысячы ейных чытачоў і герояў Бартосіка дачакаліся новай Зьмітровай кнігі. У зьмешчанай на яе пачатку падборцы водгукаў, якая пачынаецца з захопленых словаў Сьвятланы Алексіевіч, ёсьць і пара маіх радочкаў: «Падарожжы Зьмітра Бартосіка адкрываюць нам Беларусь, схаваную за афіцыйным фасадам. Там іншыя сьцяг і герб. Там сьвяткуюць несавецкія сьвяты і згадваюць добрым словам пана. Там калгаснае поле ператвараецца ў поле бітвы...»

Пакуль едзе Бартосік, сумна нікому ня будзе.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]