Новая кніга Зьмітра Бартосіка — канцэнтрат беларускага космасу.
8 сьнежня ў менскім Прэс-клюбе адбудзецца прэзэнтацыя кнігі знанага барда, літаратара і журналіста Зьмітра Бартосіка «Быў у пана верабейка гаварушчы», якая выйшла ў бібліятэчнай сэрыі «Радыё Свабода».
Сваімі першымі чытацкімі ўражаньнямі ад новай кнігі Зьмітра Бартосіка дзеліцца палітык і мовазнаўца Вінцук Вячорка.
Глыбоцкія прарокі маюць рацыю: «Беларусь будзець»
Падарожжы свабоднага Зьмітра Бартосіка я стараюся найперш слухаць. Ня толькі таму, што радыёслухач старых традыцыяў. Але і бо ведаю, якую поліфанію пачую. І людзкіх думак, і характараў, і розных беларускіх гаворак хрэстаматыю — на якія Зьміцер мае чуйнае вуха. То кніга для мяне — канцэнтрат беларускага космасу, слухачамі чутага, а Зьмітром бачанага, аб’еханага і пройдзенага.
Зайздрошчу ягонай жыцьцярадаснай здольнасьці разгаварыць людзей. Дзякуючы ёй маем прыклад таго, чым мае быць oral history, вусная гісторыя, у сьвеце прызнаны ня гэтулькі ў літаратуры, але і ў навуцы жанр, калі гістарычныя падзеі асэнсоўваюцца празь лёсы і ўспрыманьне так званага «звычайнага» чалавека. У падсавецкай Беларусі гэтая шчырасьць не была магчымая. Зьміцер акурат і паказвае людзей Беларусі несавецкай і наагул не дамысьленай, а такой, як яна ёсьць. Пасьля гэтае кнігі ня трэба доўга тлумачыць, чым была калектывізацыя, або паваенны супраціў, або «лінія Сталіна»...
Але кампазыцыя кнігі цалкам пазытыўная. Глыбоцкія прарокі, якім аўтар аддаў апошняе слова, маюць рацыю. «Беларусь будзець».