Калі пачынаюцца спрэчкі пра прыналежнасць той ці іншай гістарычнай асобы да той ці іншай краіны, для мяне бясспрэчна адно.
Айчына - не назва краіны. Айчына - зямля, на якой ты нарадзіўся. У розныя эпохі яна можа называцца Вялікім Княствам літоўскім, Рэччу Паспалітаяй ці Расійскай імперыяй, але Айчына яна - на ўсе часы. І на ўсе часы ты ёй прыналежыш, хто б і куды ў замежных даведніках і энцыклапедыях цябе ні перамяшчаў.
Амаль уся гісторыя сённяшняй Беларусі прысябечаная нашымі суседзямі. Прысябечаныя гістарычныя падзеі, славутыя імёны, якія, калі мы хочам стаць паўнавартаснай нацыяй, проста неабходна вяртаць на зямлю Айчыны.
Па звестках з Амерыкі, Сяржук Сокалаў-Воюш сабраў унікальныя матэрыялы пра нашага славутага земляка, скульптара, аднаго з герояў паўстанняў 1831 і 1863 гадоў Генрыка Дмахоўскага. Увогуле знакамітых Дмахоўскіх (нашых землякоў) двое: мастак Вацлаў Дмахоўскі (таксама ўдзельнік паўстання, нарадзіўся ў 1805 г. у в. Нагародавічы цяперашняга Дзятлаўскага р-на) і Генрык Дмахоўскі, якога ў Варшаве выдаюць за паляка (Dmochowski), у Вільні за літоўца (Дмахавскас), які ў ЗША вядомы як Henry Saunders, а народжаны ён у 1810 г. на Міёршчыне ў фальварку Забалацце. І пахаваны ён, забіты ў баі з царскім войскам на беразе возера Мядзела, у нашай зямлі.
На здымках: Генрык Дмахоўскі; Фальварак Дмахоўскіх у Забалацці; Надмагілле жонкі і дзіцяці Г. Дмахоўскага; Помнік Казіміру Пулаўскаму (скульптар Г. Дмахоўскі), герою ЗША, «бацьку амерыканскай кавалерыі». Дзве карціны Вацлава Дмахоўскага: «Туганавічы» і «Лясны пажар».
Уладзімір Някляеў