Тэатральна-дыскусійны вечар «Гаворым ці маўчым па-беларуску» прайшоў у Пружанах.
Пляцоўкай для вечарыны стаў музей-сядзіба “Пружанскі палацык”, які рэгулярна дае сваю прастору для беларускіх імпрэзаў. У якасці гасцей былі запрошаныя Дзяніс Фёдараў (Брэст), рэжысёр пастановы “Білінгвы”, і Анатоль Бараннік — акцёр таго ж монаспектакля. Ад брэсцкай суполкі “Мова Нанова” завітала Вольга Малафеечава. Удзел у вечарыне ўзяла таксама Анастасія Пілюгіна, арганізатарка інтэрнэт-суполкі “Беларускамоўная моладзь у Пружанах”.
Кампанію «Будзьма беларусамі», якая выступіла арганізатарам вечарыны, прадстаўлялі вядоўца Хрысціна Марчук і каардынатарка Марыя Шарый.
Пастаноўка, у якой няма працы драматурга
Вечар пачаўся з пастаноўкі “Білінгвы”. У зале згасла святло, а акцёр Анатоль Баранік вынес на сцэну валун і, паклаўшы яго на крэсла, пачаў серыю маналогаў пра мову ад імя розных людзей. Не ўсе прысутныя адразу зразумелі задуму, а некаторыя нават пачалі ўстаўляць рэплікі, нібыта акцёр размаўляў непасрэдна з імі.
Анатоль хадзіў па шэрагах, прамаўляючы то ад імя марака, які паехаў на заробкі, то ад імя хлопца з дрэдамі, то ад імя рудавалосай дзяўчыны і г.д. Беларуская мова ў пастанове чаргуецца з рускай, а сам тэкст стаў вынікам жывых інтэрв’ю з мінакамі, якім задавалі пытанне пра іх стаўленне да беларускай мовы.
“Нас натхніў спектакль “Білінгвы” Андрэя Саўчанкі, і мы вырашылі зрабіць нешта падобнае, але на берасцейскім матэрыяле, — тлумачыць рэжысёр Дзяніс Фёдараў. — Спектакль зроблены на аснове жывых інтэрв’ю, тут няма перапрацаванага тэксту і працы драматурга, усё пакідалі без зменаў. Мы трымаліся нейтральнай пазіцыі — пазіцыі “нуль”. Таму тэатр не заклікае і не дае ацэнак. Гэта даследаванне».
Дзяніс перакананы, што на балючыя сацыяльныя пытанні, у тым ліку на пытанне мовы, не можа быць адназначнага адказу, таму і пытанне “Што хацеў сказаць творам аўтар?” тут неактуальнае.
Яшчэ адзін цікавы момант — дыскусія з гледачом пасля пастановы, якая з практыкі часамі ператвараецца ў другі акт спектакля. Размовы пішуцца на дыктафон, і найбольш характэрныя рэплікі… проста ўліваюцца ў новую пастанову. Менавіта таму акцёр чытаў некаторыя маналогі з паперкі — яны новыя. Так пастанова жыве і ўвесь час абнаўляецца.
Берасцейцы не адрозніваюць беларускай ад польскай ці ўкраінскай?
Да размовы падключаецца Вольга Малафеечава. Рэч у тым, што ў спектаклі прагучала рэпліка пра тое, што берасцейцы лепш ведаюць польскую і размаўляе на ёй ці не кожны другі…
“Не, на вуліцы нельга пачуць польскай мовы, — сцвярджае Вольга, — Хутчэй моладзь рыхтуецца да экзаменаў, калі едзе вучыцца ў Польшчу, і вучыць мову. Некаторыя нават не адрозняць беларускай ад украінскай ці польскай — ёсць такое. Яшчэ адзін варыянт: людзі адказваюць па-беларуску, калі да іх па-беларуску звяртаешся, а калі кажаш па-польску — то адпаведна”.
Вольга абмалёўвае агульную сітуацыю з “Мовай Нанова” ў вобласці: курсы працуюць пакуль толькі ў Брэсце і Баранавічах. У абласным цэнтры працуе ўжо чацвёрты сезон курсаў, то бок праца ідзе амаль поўныя чатыры гады. Сярэдняя колькасць прысутных на занятках — 40 чалавек, але часам бывае і па 80.
“У школе можна гутарыць па беларуску толькі пра літаратуру, а ў нас — пра ўсё, — працягвае Малфеечава. — Калі чалавек прыходзіць у супольнасць, ён спакайней сябе адчувае. Першы раз найчасцей прыходзяць з сябрамі, аднагрупнікамі. Наступныя разы ўжо свядома, каб вывучаць мову. Людзі пачынаюць сябраваць, знаходзяць карысныя кантакты. Трапляюцца і гісторыі кахання, якім дала жыццё менавіта “Мова Нанова”.
“Стрыт-арт патрабуе грошай, суполка ў “ВК” — не»
Наступны рэспандэнт — Анастасія Пілюгіна, арганізатарка пружанскай беларускамоўнай суполкі ў “ВК”. Дзяўчына распавядае, што суполка мае каля 300 падпісантаў, у Інстаграме — прыкладна столькі ж.
“Зараз суполка, на жаль, у фазе застою — няма новых сілаў, — тлумачыць Пялюгіна. — Усе мінулыя рэдактары на вучобе ці на працы. Таму шукаем новы фармат. Наогул жа мы з’явіліся ў 2012 годзе. Мае калегі — Георгі Казлоўскі і Дар’я Ціхановіч — наогул рускамоўныя. Спачатку мы дасылалі мясцовым уладам заяўкі на муралы ў Пружанах з беларускім кантэнтам, але атрымалі адмову. Тады і вырашылі працаваць у інтэрнэце”.
Спачатку суполка карысталася вялікай папулярнасцю. Аўтары рабілі мемы па-беларуску на мясцовую тэматыку, чым зараблялі лайкі і рэпосты. У 2015-м каманда суполкі ўсё ж выйшла ў афлайн, зладзіўшы ў горадзе “Шоў беларушчыны”.
“Стрыт-арт, якім мы загарэліся спачатку, патрабуе грошай і штогадовай рэстаўрацыі, — тлумачыць Анастасія. — А нам было па 15-16 гадоў. Суполка ў інтэрнэце не патрабуе ніякіх грошай, таму кансалідаваліся і зрабілі. Шоў Беларушчыны — таксама справа досыць бюджэтная, таму і яе ўзялі на ўзбраенне”.
“Часам нават рускія просяць экскурсіі па-беларуску»
Дырэктар “Палацыка” Юры Зялевіч, які ў свой час зладзіў тут нашумелую “Ноч вышыванкі”, дзеліцца сваімі назіраннямі адносна моўнай сітуацыі.
“Запатрабаванасць мовы малая, — канстатуе сп. Юры. — Экскурсіі па-беларуску замаўляюць хіба тыя, хто загадзя едзе з такой устаноўкай. З іншага боку, часам нават рускія просяць правесці экскурсію па-беларуску… Агулам па-беларуску распавядаем хіба 5-6 групам на год. Пружанцаў сярод іх, на жаль, няма.”
Чаму так? Ад чаго залежыць запатрабаванасць мовы?
“Трэба ў корань глядзець, — працягвае Зялевіч. — А корань — у спектаклі. Мы жывем у аднамоўным асяродку, нягледзячы на ўзаконены білінгвізм. Ідучы па горадзе, можна сустрэць 2-3 шыльды па беларуску : “Белсаюздрук”, “Магазін “Крыніца”, “Помнік архітэктуры” і… усё. Нават на рынку мала хто адкажа па-беларуску”.
Мова, Brutto і эфект “белай вароны»
Хрысціна Марчук звяртаецца да залы з пытаннем, ці пазнаў сябе хто сярод тыпажаў, паказаных у пастанове.
“Так, канечне, — адгукаецца хлопец з завушніцай у вуху, — я заўсёды цікавіўся гісторыяй, а мова — неад’емная яе частка. Калі жыў у Мінску, то наведваў “Мову Нанова”, “Мову ці каву”, курсы Шэіна. Але людзі ставяцца да гэтага як да дзівацтва, маўляў, ёсць і такі прыкол. Ну навошта табе гэта? Што маеш з мовы?.. Я пазнаў не толькі сябе, але і сваіх сяброў. Тыя ж самыя ноткі, на працы, на вуліцы, быццам вы ў іх бралі інтэрв’ю”.
Хрысціна не спыняецца і ідзе ў наступ: “А што ты маеш з мовы?”
“Я сам задаволены, мне падабаецца, — працягвае хлопец. — Хочацца быць адметным, хай гэта і падлеткавы момант. Мой знаёмы адзін ездзіў са мной на канцэрт Brutto ў Польшчу. У Беларусі ён размаўляў па-расійску, а там ужо пераключыўся цалкам на беларускую. Людзі мо і хочуць гутарыць на мове, але ім цяжка адразу стаць белымі варонамі”.
“А Шчапёткінай дайце бясплатна!”
Пазнала сябе ў пастанове і жанчына з задніх шэрагаў, настаўніца рускай мовы і літаратуры. Яе зачапілі радкі пра кніжкі на паліцы, якія там захоўваюцца, нібы святыня. У якасці доказу адданасці мове яна зачытвае верш, складзены разам з вучнем, — пра дранікі:
“Дранікі — гэта смачна, дранікі трэба драць…»
Пасля бурных апладысментаў (частка залы — пружанскія школьнікі) жанчына перадае лісток з вершам наперад, арганізатарам — каб захаваўся для гісторыі.
Далей у размову уключаецца жанчына ў акулярах:
“Пытаецеся пра выгаду ад мовы? Я раскажу, чаму выгадна. Я трапіла ў шпіталь. З доктарам па-беларуску размаўляла. На наступны дзень ужо тры дактары прыйшлі мяне паслухаць. “Што вас бянтэжыць?” — пытаюцца. А калі трэба было адзенне купляць на аперацыйны стол, доктар усміхаецца і кажа: “А Шчапёткінай дайце бясплатна!”.
Далей жанчына распавядае пра спрэчную сітуацыю з грашыма ў краме, якая таксама вырашылася дзякуючы мове. “Хто размаўляе па-беларуску — той не ілжэ!” — такі быў вердыкт прадавачкі. І першую, і другую гісторыю зала сустрэла воплескамі.
“Беларуская мова ў блакадным становішчы…»
Час падводзіць вынікі. Хрысціна пытаецца ў рэжысёра пастановы, што ўсё ж такі стаіць за адказамі людзей наконт мовы.
“Ніколі не ведаеш, што скажуць людзі, — паціскае плячыма Дзяніс. — Але так склалася — гэта адбітак рэальнасці. Афіцыйна білінгвізм, але… руская мова паўсюдна, а беларуская — у блакадным становішчы. Цікава, калі пастанову глядзяць рускамоўныя, якія з мовай нідзе не сутыкаюцца, а пасля кажуць: “Нешта зварухнулася”. Значыць, недарма. Бо хто размаўляў на мове, той і будзе размаўляць. А калі чалавек, далёкі ад усяго гэтага задумваецца, гэта ўжо перамога”.
Вольга Малафеечава заклікае ставіць беларускую мову на тэлефоны, пісаць на мове ў сацыяльных сетках, а галоўнае — размаўляць. Пасля задае ўжо цалкам канкрэтнае пытанне: “Калі б у вашым горадзе пачаліся курсы “Мовы Нанова” — хто б прыйшоў?”
Няўпэўнена падымаецца спачатку 3-4 рукі. Людзі азіраюцца, шукаючы знаёмых альбо аўтарытэтаў. 5-7 рук, пасля 8-10… Калі б паўза зацягнулася, ёсць верагоднасць, што паднялі б рукі ўсе — нават не пружанцы.
Па руках ідуць будзьмаўскія паштоўкі. Сярод хлопцаў-школьнікаў чутно: “Лю-стэ-эрка”, “А як “чарка” будзе? Чарка?..”
У канцы сустрэчы Хрысціна Марчук дзякуе ўсім прысутным і адміністрацыі музея-сядзібы:
“Ёсць такія формы беларускага жыцця: талака і грамада. Пружанскі палацык — цудоўны прыклад і рэсурс для усіх нас. Гэта пляцоўка для пошуку аднадумцаў, абмеркаванняў, жывы пункт збору для матываваных валанцёраў. Пазіцыя ж нашай кампаніі па мове нязменная: мова ўплывае на культуру і паляпшае жыццё. І акрамя яскравых індывідуальнасцяў шмат што ў моўнай сітуацыі залежыць ад сям’і сяброў, усіх нас разам”.