Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У Горадні гісторыкі зладзілі «бітву» за Кастуся Каліноўскага

13.12.2016 общество
У Горадні гісторыкі зладзілі «бітву» за Кастуся Каліноўскага

Дыскусія гарадзенскіх гісторыкаў наконт Каліноўскага і паўстаньня 1863 году прывяла да высновы, што і паўстаньне, і асоба героя дагэтуль мала вывучаныя.

Дыскусія расьцягнулася на некалькі гадзінаў і закранула шмат аспэктаў як паўстаньня, так і дасьледаваньняў асобы Кастуся Каліноўскага, перадае «Радыё Свабода».

Тры маладыя гарадзенскія гісторыкі (Аляксей Кайрыс, Дзяніс Жыгавец і Васіль Герасімчык), якія займаюцца тэмай паўстаньня 1863 году, а таксама дасьледуюць асобу Кастуся Каліноўскага ў Цэнтры гарадзкога жыцьця «Гродна #uCentry» прадставілі свае погляды на падзеі таго часу. Іх размова хутчэй нагадвала ня бітву, як разрэклямавалі падзею арганізатары, а дыскусію, і зводзілася да таго, каб паглыбіць ісьціну і ажывіць тэму ў грамадзтве.

Паводле Аляксея Кайрыса, тэма паўстаньня 1863 году актуальная на працягу больш як 150 гадоў. На пачатку ХХ стагодзьдзя, паводле яго, тэма была ўзьнятая некаторымі гісторыкамі, напрыклад Вацлавам Ластоўскім, калі утваралася БНР, і гэта быў добры прыклад, каб засьведчыць, што за Беларусь змагаліся і ў ХІХ стагоддзі. У той самы час Кайрыс зазначыў, што паўстаньне можна лічыць шляхецкім:

— Толькі на Гарадзеншчыне і Віленшчыне ўсяго каля 30% паўстанцаў былі сялянамі. Не ўяўляю, што яны нешта думалі пра патрыятызм, яны ішлі змагацца за абяцаную зямлю.

Іншы погляд на сацыяльны склад удзельнікаў паўстаньня прывёў Герасімчык. Паводле яго дасьледаваньняў, шляхецкім паўстаньне імкнуліся паказаць, але архіўныя дакумэнты сьведчаць, што на тэрыторыі Беларусі звыш 40% паўстанцаў былі сялянамі.

— Царскія ўлады вялі сьпісы людзей, якія тады былі кінутыя ў вязьніцы, напрыклад у Беластоку, Горадні, Пружанах, Слоніме. І вось лічбы сьведчаць, што ў Беластоку на травень 1863 году налічвалася звыш 500 вязьняў, і амаль палова зь іх — сяляне.

Дзяніс Жыгавец прапанаваў закрануць праблему папулярызацыі тэмы паўстаньня, паколькі гэта той момант, які дазваляе, далучыць да тэмы і прыцягнуць да дыскусіі шырокае кола людзей.

Ён выказаў думку, што ў сёньняшняй папулярызацыі паўстаньня ёсьць такі вынік, паводле якога склалася пэўная парадыгма: паўстаньне ёсьць Каліноўскі, а Каліноўскі ёсьць паўстаньне.

— Атрымліваецца, што, акрамя асобы Каліноўскага, якога мы як чалавека мала ведаем, бальшыня людзей астатніх удзельнікаў паўстаньня наагул ніяк не ўспрымае. Таму вельмі цікава, дзе заканчваецца рэальны чалавек, а дзе пачынаюцца міты.

Аляксей Кайрыс лічыць, што сёньняшняе ўяўленьне пра асобу Каліноўскага — гэта вынік трансфармацыі мітаў аб ім на працягу 100 гадоў. Прычым, паводле Кайрыса, адны міталагізавалі Каліноўскага як нацыянальнага героя, іншыя прадстаўлялі яго як польскага тэрарыста, які не хацеў аднаўленьня Беларусі, не змагаўся за праўду.

— Але на пачатку 90-х гадоў Каліноўскі, па сутнасьці, падымаецца на гару пантэону беларускіх герояў. Амаль ва ўсіх школьных падручніках ён паказваецца як герой. З часоў зьяўленьня інтэрнэту патрыятычна настроеная моладзь зьмяшчае рознага кшталту малюнкі, дзе Каліноўскі прадстаўлены супэрмэнам і г. д. На мой погляд, гэта міт, які прайшоў некалькі трансфармацыяў і стварыў Каліноўскага для нас ня проста як асобу, нейкага рэвалюцыянэра, а стварыў змагара за незалежную Беларусь. І гэты міт вельмі актуальны для нас у цяперашняй геапалітычнай сытуацыі.

Васіль Герасімчык паўстаньнем і асобай Каліноўскага зацікавіўся падчас вучобы ў Маскве і напачатку лічыў яго таксама польскім героем, якога навязваюць беларусам. Але гэты погляд зьмяніўся, калі асабіста сутыкнуўся асабліва з архіўнымі матэрыяламі.

— Як правіла, многімі паўстаньне і цяпер называецца польскім, але замоўчваюцца факты, што была магчымасьць далучэньня да яго і расейцаў. Прыклады расейскага легіёну і арганізацыі «Зямля і воля», асоба Герцэна — пра ўсё гэта імкнуцца нічога не казаць. Паўстаньне называюць антырасейскім, а ня супраць царызму. Розныя людзі пра Каліноўскага казалі вельмі рознае. Павінен сказаць, што асоба Каліноўскага выключная, але ён ня быў адзіным, на каго варта зьвяртаць увагу. Асобаў такіх хапала, і яны, як і Каліноўскі, склалі галовы. Але асоба Каліноўскага выклікала жывую рэакцыю і была ўзьнесеная на пантэон нашай гісторыі.

Што датычыць Каліноўскага як чалавека, то, паводле Герасімчыка, гэта быў чалавек зь цяжкай сямейнай гісторыяй.

— На ягонай асобе вялікі адбітак пакінуў старэйшы брат Віктар. І Кастусь жыў у ягоным цені. Віктар рана памёр, а Кастусь узяў на сябе адказнасьць за тое, што не давяршыў брат, і таму быў вымушаны на задні плян адсунуць сваё асабістае жыцьцё.

Паводле Васіля Герасімчыка, асоба Каліноўскага настолькі шматгранная, што ў ёй можна знайсьці ўсё, што толькі пажадаецца. Ён падкрэсьліў, што не стварае мітаў пра Каліноўскага:

— На маю думку, ён не выступаў супраць Расеі, ні ў якім выпадку ён супраць расейскага народу не выступаў, і гэта вельмі важна цяпер, калі ягоную асобу імкнуцца шальмаваць.

Герасімчык падкрэсьліў, што, нягледзячы на ўжо шматлікія навуковыя публікацыі, прысьвечаныя паўстаньню 1863 году, яно па-ранейшаму застаецца невядомым. А што датычыцца асобы Каліноўскага, то ня варта нешта зь яе ствараць, а трэба пісаць пра яго так, як ёсьць.

— Асоба Каліноўскага тым і асаблівая, што яна можа быць цікавай усім у Беларусі, незалежна ад поглядаў і перакананьняў.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]