Нечакана гісторыя пра стварэнне таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя».
Як стваралася таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», якому спаўняецца 30 гадоў? Распавядае Міхась Талочка, які стаяў ля вытокаў гэтай арганізацыі.
На прозвішча Талочка я звярнуў увагу, калі прачытаў пра першую раду ўжо легендарных «Тутэйшых»: 14 снежня плануецца святкаванне 30-годдзя са дня стварэння таварыства маладых літаратараў.
Але калі пра яе сяброў Адама Глобуса, Сяргея Дубаўца, Алеся Бяляцкага ды іншых у літаратурным асяроддзі казаць не трэба, дык пра Міхася Талочку я раней не чуў. Калі ж пачаў шукаць па сеціве, нечакана высветліў, што ён актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці ўжо таксама легендарнай “Майстроўні”, пасля стварыў выданне «Наваградзкі кур’ер» і там жа, у Наваградку, суполку “Сваякі”. Знайшоў яго публікацыі, іх аказалася даволі шмат. Недзе апошнія дзесяць гадоў Міхась (часцей Міхал) Талочка друкуе артыкулы пра прыроду, нарысы пра паляўнічых ды іншых людзей, звязаных з лесам.
Не склала цяжкасцяў і знайсці яго тэлефон. Я вагаўся нядоўга. Патэлефанаваў, прадставіўся і папрасіў даць інтэрвію.
— Спадар Міхась, а вы ведаеце, што адбудзецца сход «Тутэйшых»?
— Ведаю. Выпадкова спаткаўся з Валодзем Адамчыкам (Адамам Глобусам), ён і сказаў. Пасля пабачыў інфармацыю ў інтэрнеце.
Па-шчырасці, можа і добра, што вы звярнуліся. Бо невыносна шмат гадоў класціся спаць з думкаю пра неабходнасць напісання артыкулаў аб рэвалюцыйнай маладосці; пра «Майстроўню» і «Тутэйшых», пра адраджэнскі рух 1980-х у Наваградку і аб’яднанне «Сваякі». Ты плануеш напісаць, і нічога не пішаш. «Дзеля чаго?..», «Дзеля каго?..» Вы ведаеце адказ?
— Можа дзеля самаго сябе…
— Гэтым аргументам і кіруюся, гутарачы з вамі. Бо толькі і раблю, што дзённікавыя запісы перачытваю: памёр Сяргей Вітушка, трагічна загінула Таня Дубавец (Сапач), не стала сябра Віктара Івашкевіча, які ўсе гады вылучаўся сярод кіраўнікоў адраджэнскага руху. На днях даведаўся, што памёр Віця Мартыненка… Пасля кожнай такой навіны думаеш: “Ты павінен выкласці свае думкі”. Ды памкненні сцішваюцца, захіляюцца журналісцкай працай, асабістымі праблемамі і стасункамі з тымі, хто побач, хто жыве з табою. Ды і ў якой форме пісаць? Не ўспаміны ж…
А я даўно хачу распавесці пра маё бачанне жыцця ў гэтым свеце свядомага беларуса. Раней і цяпер. Расказаць і, можа, па-нову глянуць на сябе ды іншых. Бо я хоць і грэшны,але верны сын Беларусі. Прымаецца?
— Так, але давайце пачнём усё ж з «Тутэйшых».
— Добра. У той час я ўжо меў досвед адраджэнскай барацьбы. Гэта і масавыя акцыі «Майстроўні», калі нас ганяла міліцыя, і мноства канфліктаў з дэканатам журфаку, гутаркі з куратарам факультэта з КДБ, які страшыў і заахвочваў супрацоўнічаць. Вытрымаў. Хаця нікога не асуджаю з тых, хто зламаўся. У тым ліку і сярод «Тутэйшых», але і паважаць не збіраюся. Пасля двух курсаў журфаку трапіў у войска, дзе атрымаў дадатковую псіхалагічную падрыхтоўку, аднавіўся ў БДУ. Сустракаўся з былымі «майстроўцамі». Наведваўся часцяком у кавярню Дома літаратара. Атмасфера там была тое што трэба. Пісьменнікі, музыкі, мастакі, адным словам — нефармальныя беларусы. І, вядома ж, пітво. А я да алкаголю быў схільны з ранняй маладосці. Зрэшты, гарэлка тады шмат каго з нас аб’ядноўвала. Анатоль Сыс адразу ж выклікаў цікавасць да сябе. Эксцэнтрычнымі, нечаканымі паводзінамі, сваёй неўтаямаванай стыхійнасцю. Але галоўнае — вершамі. Анатоль Сыс, я разумеў, геніяльны паэт. А як чытаў ён свае творы?! Мы шмат блазнавалі, выпрэнджваліся… Я не адхіляюся ад тэмы?
— Не, асоба Сыса была ж ці не самая значная ў арганізацыі «Тутэйшых».
— Напачатку. Знакавая фігура… Пройдзе амаль дзесяць гадоў і ў «Звяздзе» я надрукую гутарку з ім пад назваю «Не трэба мяне шугацца»…
Адным словам, справа была так. Неяк у кавярні Дома літаратара кажу Толіку: «Слухай, давай створым суполку маладых літаратараў. Накшталт «Узвышша». Трэба ўскалыхнуць гэта балота…» «Не, нічога не атрымаецца». Ну я і выкінуў думку з галавы. Былі іншыя клопаты — тады на журфаку таксама існавала неабходнасць адраджаць беларушчыну. Але Сыс не забыўся. І зноў жа ў кавярні кажа: «Слухай, я тут перагаварыў з адным хлопцам — мой даўні знаёмы. Ён згадзіўся. Давай сустрэнемся ў мяне ў інтэрнаце, прыводзь каго-небудзь». Я запрасіў Алеся Ліпая, былую (давайсковую) аднакурсніцу Свету Раманаву і, здаецца, Сяргея Харэўскага з Андрэя Лапцёнкам.
Ліпай з Лапцёнкам, дарэчы, разам са мной удзельнічалі ў выпуску журфакаўскай насценнай газеты «Лірнік». Сяргей Дубавец з Гомеля прыслаў для яе эсэ «Памяці мёртвай мовы», змясцілі нашы аповяды і вершы. Уяўляеце: сярэдзіна 1980-х — а на ідэалагічным факультэце выходзіць насценная газета з такімі радкамі Сыса: «У гэтай краіне не маю я волі…» Чытаць яе збягаліся з усяго ўніверсітэта. Газета правісела недзе з тыдзень. Але я разумеў, што гэта доўга не працягнецца. І вось выклікаюць да дэкана. Там ужо Ліпай і Лапцёнак. Выкладчыкі пачынаюць выхоўваць у стылі таго, што тэксты варожыя. Я ж, як галоўны рэдактар, даю адказы. Вяду сябе спакойна і чую: мы павінны выпусціць новую газету, дзе адзначыць, што памыляліся. Вы ж гэтага не даказалі, кажу. Бачу — у дэкана нервы расхадзіліся і пытаюся: «Дык што — газету зняць? Гэта загад?» — «Так!»
Не будзь дурнем, я яе ў сябе не хаваў, а аднёс да хлопцаў з «Мроі» — яны тады праводзілі рэпетыцыі, наколькі памятаю, у падвале Дома літаратара. Цікава, ці засталася яна ў Лявона Вольскага… А назаўтра, як я і чакаў, мяне зноў выклікаюць да дэкана. І той кажа, хаваючы вочы, каб я газету вярнуў. Тут ужо паздзекаваўся я: «Што, — пытаюся, — з КДБ папрасілі?» І дадаю: «Ведаеце, вашы доказы мяне пераканалі. Я растроіўся і яе спаліў». А сам сяджу і ўсміхаюся…
Тое, што я пра гэта прыгадваю, важна вось з якой нагоды. І «Майстроўня», і «Тутэйшыя» былі асяродкам, які аб’ядноўнаў большасць людзей адной думкі, адной мэты. Стварэнне нашага аб’яднання нечакана і для нас ускалыхнула грамадскасць: пра «Тутэйшых» гаварылі, пісалі, нават вельмі папулярная ў той час маскоўская «Литературная газета». У Мінску існавала «Талака», паўсюдна ўзнікалі адраджэнскія суполкі. Менавіта такія незалежніцкія асяродкі сталі калыскаю для тых, хто пасля ўжо будаваў незалежнасць новай дзяржавы Рэспубліка Беларусь.
— Наконт стварэння «Тутэйшых» вы выкладаеце нечаканую версію.
— Але было менавіта так. Сыс — мёртвы, але Алесь Бяляцкі, відаць, можа пацвердзіць. Ён і быў «тым хлопцам», пра якога мне казаў Сыс. Тады, на першым пасяджэнні, мы з ім і пазнаёміліся. Думалася, і пасябравалі — я нават сведкам на вяселлі ў яго быў.
— А хто прыдумаў назву «Тутэйшыя»?
— Здаецца, Сыс. Прапаноў існавала шмат, кола наведвальнікаў ягонага інтэрнатаўскага пакоя пашыралася. Але вось на чым хачу акцэнтаваць увагу — большасць з нас былі зацятымі нацыяналістамі. На першым плане стаяла не літаратура, а незалежнасць Беларусі. Мы былі не адны. Сяргей Дубавец пасля размеркавання жыў з жонкаю Таццянай (Сапач) у Гомелі. Ужо тады яго аўтарытэт як адраджэнца і прафесійнага літаратара не выклікаў сумневу. І ён, так бы мовіць, віртуальна ў аб’яднанні быў з самага пачатку. Яго галоўная заслуга ў напісанні «Маніфесту» «Тутэйшых», дзякуючы якому пра нас пачалі гаварыць шырэй. У тым ліку і ў Саюзе пісьменнікаў.
І вось мы звяртаемся туды з просьбай прадставіць для пасяджэнняў таварыства залу, маўляў, нас болей сотні, а збірацца няма дзе. Запрашаюць туды на перамовы. Сыса ведаюць, пра Бяляцкага — аспіранта Акадэміі навук чулі, пра мяне — студэнта 3-га курса, напэўна ж, не. Друкаваўся не ў літаратурных выданнях, за выключэннем некалькіх «лімаўскіх» рэцэнзій. Але нахабства нам хапала. Па дарозе, як помню цяпер, сустрэлі Алеся Свістуновіча (ужо нябожчыка). Ён працаваў на Беларускім радыё дыктарам, узялі адразу ж «для саліднасці». Нас прыняло кіраўніцтва СП, будынак для правядзення сваіх пасяджэнняў мы атрымалі. І ўжо ў першы дзень у Доме літаратара сабралася не дзесяць, а каля сотні чалавек.
— А як ставіцеся да іншых версій стварэння «Тутэйшых»?
— Я іх і не ведаю. Адам Глобус мне неяк сказаў (мы нават паспрачаліся), што і яны збіраліся. Напэўна, так. Існавала мноства падобных суполак. Але што датычыць стварэння канкрэтна «Тутэйшых», я кажу пра тое, як было насамрэч. Ніякіх закулісных, «невядомых» лідараў, ніякіх КДБ (а мне даводзілася чуць, што «Талаку», напрыклад, стварала гэта арганізацыя), без усялякай сур’ёзнай падрыхтоўкі. Бог кіраваў…
— І як справы ў таварыстве ладзіліся далей?
— Трэба ўлічыць, што мы былі розныя. Шмат хто марыў друкавацца, хацеў славы, увагі, а для некага, мяне ў тым ліку, гэта было неістотна. Таму, каб стаць сябрам «Тутэйшых», патрабаваліся не друкаваныя творы. Ты чытаў іх на пасяджэнні і слухаў ацэнку. Шмат хто быў радыкальна настроены і не прымаў розных кампрамісаў. Групаваліся вакол Сыса, больш рацыянальная частка — вакол братоў Адамчыкаў. Мы іх называлі «глабусятнік». Бяляцкі стараўся неяк усё ўлагоджваць. Хачу адразу зазначыць, што менавіта Глобус з паплечнікамі, дзякуючы, магчыма, большаму досведу ў літаратурных справах, у структурным афармленні «Тутэйшых» зрабілі шмат чаго. І цяпер у вачах: лье дождж, нехта стукае ў дзверы драўлянай хаты па вуліцы Беларускай, дзе я жыў, і заходзяць Валодзя з Міракам (Міраслаў Шайбак). Збіралі подпісы. Асобная тэма — наша патрабаванне размаўляць толькі па-беларуску. Для мяне ці Сыса і сумневу не было, але некаторыя лічылі інакш. Вядома, у пабытовым жыцці так прасцей. Я ў гэтым плане і сёння катэгарычны, бо ўпэўнены — нават калі ты дзень паразмаўляеш паўсюдна па-беларуску, зробіш больш карысці ў яе прапагандзе, чым чытаючы лекцыі ці напісаўшы верш. Гаворка, вядома, пра кепскія вершы.
— А чаму вы спынілі літаратурную дзейнасць?
— Жыць цікавей, чым пісаць…А ўвогуле хто сказаў, што спыніў? Я ўжо летам перавёўся на завочнае аддзяленне, з’ехаў у Наваградак, у раёнку, дзе пісаў аповеды і вершы. Праз год запрасілі ў Іслач на з’езд «Тутэйшых». Не хачу і прыгадваць… Маё жыцё — журналістыка. А літаратура — зрэдку для сябе і блізкіх. Памятаю, як у «Советской Белоруссии» (а туды было трапіць няпроста і газету пры вялікім накладзе не прымушалі выпісваць, я яшчэ раіўся з Дубаўцом, ці ісці працаваць. Аргумент «за» быў адзін — трэба дзеля беларускай справы) я змяшчаў артыкулы пра беларускіх адраджэнцаў. А ў «Звяздзе» змясцілі мой нарыс нават пра Сашу Пушкіна. Я і не спадзяваўся. Хвала тагачаснаму галоўнаму рэдактару Уладзіміру Наркевічу, яго смеласці. Ён заслугоўвае самых лепшых слоў. Дарэчы, я яго запомніў з першых пасяджэнняў «Тутэйшых» — ён там прысутнічаў як прадстаўнік ЦК. Я не заракаюся пра літаратуру, а раптам… Спадзяюся, святы Пётар мне яшчэ діст не даслаў.
— Вы ўжо ведаеце пра плануемы сход. Можа наведаецеся, уваход жа вольны.
— Не. Чаго? Тое, што трэба з літаратуры былых «тутэйшых», я прачытаў. Хто там будзе? Пэўна ж, членаў афіцыйнага Саюза пісьменнікаў не запросяць. Хаця той жа Алесь Бадак нашмат мацнейшы і цікавейшы паэт за некаторых плануемых прысутных. У свой час, пабачыўшы, як да адраджэнскага руху прымазаліся людзі, далёкія ад Беларушчыны, я перастаў прымаць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Беларусь стала незалежнай — і дзякуй Богу. Я ў часы «Тутэйшых» і не думаў, што дажыву да таго часу. Не хачу абмяркоўваць творчасць ні тых, хто служыць уладзе, ні тых, хто ў іншым лагеры.
Было б, вядома, прыемна некага ўбачыць, пачаркаваць. Але гэта можна зрабіць і іншым разам. Увогуле для мяне той час і тыя падзеі засталіся ўнутраным цяпельцам, яны то гараць агнём, то толькі блішчаць вугалькамі. Але не тухнуць. Я не хачу, каб нехта, няхай і ненаўмысна, лез у маё, інтымнае. Не хачу сам трывожыць маю ціхую радасць, маё тагачаснае шчасце…
— А як жа наконт іншых гутарак пра гісторыю адраджэння 1980-х—1990-х?
— Я не адмаўляюся. Бо, можа, каму стане цікава. Галоўнае — я ўпэўнены, што ніхто з тых, чыё жыццё ў маладосці зачапіла ідэя беларускасці, хто адчуў смак роднай мовы, свае думкі не зменіць. Ён можа прыстасавацца, нават зламацца, але той вугельчык ніколі не згасне. Чалавек жа не змяняецца, толькі нейкія рысы, раней схаваныя, абвастраюцца. А «Тутэйшыя»… Як сказаў класік, «быў час, быў век, была эпоха»… Што было, тое было.
Аляксандар Бортнік, «Белорусские новости»