Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Мы зрабілі рэвалюцыю ў галовах»

13.12.2016 культура
«Мы зрабілі рэвалюцыю ў галовах»

«Арт Сядзібе» споўнілася пяць год.

«Дні вышыванкі», курсы беларускай мовы, тэатральная студыя, крэатыўныя вулічныя акцыі, канцэрты і творчыя сустрэчы з музыкамі. Усім гэтым займаецца пляцоўка «Арт Сядзіба» — пачынаючы са сьнежня 2011 году.

У інтэрвію «Свабодзе» яе дырэктар Павал Белавус расказаў, за што крытыкавалі «Арт Сядзібу», а таксама пра тое, як сумяшчаць культурніцкую дзейнасьць зь бізнэсам, як, не падтрымліваючы нікога з палітыкаў, быць трэнд-сэтэрамі на палітычных акцыях.

«Мы працуем не па правілах»

— Павал, ці складана было ў 2011 годзе стварыць «Арт Сядзібу»? Што ты памятаеш пра той час?

— У 2011 годзе «Арт Сядзіба» была адказам на выклік часу, неабходнасьцю. Летам 2011 году я прыйшоў з войска. За год, які я там правёў, у Беларусі адбылося шмат знакавых падзей: выбары 2010 году, суды, арышты палітыкаў, выбух у мэтро. Усё гэта я перажываў у вайсковай ізаляцыі, падпольна чытаючы навіны з тэлефона. Калі я выйшаў з войска, то ўзьнікла пытаньне: «А чым далей займацца?». Якраз зачынілі клюб «Рэактар» і выселілі Партыю БНФ з офіса на Машэрава — гэта былі месцы, дзе адбывалася шмат беларускамоўных канцэртаў і культурніцкіх імпрэз. Заставаліся «Галерэя Ў» і клюб «Графіці». Увогуле, гэта быў даволі дэпрэсіўны час у жыцьці Менску, усёй краіны, адчуваўся моцны недахоп месцаў, дзе можна было б правесьці беларускамоўную падзею без аніякай бюракратычнай валтузьні і ідэалягічных пытаньняў. На хвалі рамантычнага жаданьня стварыць такое месца, а таксама на хвалі асабістага жаданьня рэалізоўвацца ўзьнікла «Арт Сядзіба».

— Чаму «Арт Сядзіба» так хутка «раскруцілася», набыла папулярнасьць?

— Першы год працы паказаў, што невялічкая прастора на 50 квадратных мэтраў у памяшканьні заводу «Гарызонт» стала ўнікальнай для Менску. Вельмі хутка пры мінімальнай рэкляме ў сацыяльных сетках у нас ледзь ня кожны дзень пачалі адбывацца імпрэзы. Людзі прыходзілі і пыталіся, ці можна ў вас заўтра правесьці тое і тое. Мы казалі: «Калі ласка». Нашай асаблівасьцю, якая, дарэчы, моцна не падабаецца чыноўнікам, было тое, што мы ніколі не прасілі ніякіх дазволаў і ніякіх «гастролек». Мы для сябе цалкам скасавалі сыстэму «гастролек», разглядаў і прыняцьця рашэньняў. Мы працавалі не па правілах, якія былі ўсталяваныя ў краіне. Гэтая незалежнасьць і непадкантрольнасьць стала прычынай таго, што цягам трох гадоў нас высялялі з памяшканьня ў памяшканьне, апячатвалі нашы офісы.

«„Арт Сядзіба“ стала крэатыўным інкубатарам»

— Шмат хто асацыюе «Арт Сядзібу» з «Днём вышыванкі». А для цябе якая падзея стала знакавай?

— Для мяне знакавай падзеяй была творчая акцыя «Сьвята сонца». Яна прайшла ў 2012 годзе, мы рабілі яе супольна з польскім мастаком Паўлам Альтхамэрам. Ідэя была ў тым, каб правесьці начны канцэрт у адным з памяшканьняў заводу «Гарызонт», падчас апошняй песьні апрануць залатыя строі і пайсьці сустракаць сонца ў бок станцыі мэтро «Ўсход». Ясна, што ў апошні момант канцэрт у «Гарызонце» забаранілі. Мы перанесьлі яго ў клюб, і акцыя адбылася, некалькі соцень людзей у залатых строях а 6 гадзіне раніцы прайшлі па горадзе, вітаючы ўзыход сонца.

Гэтая падзея важная, таму што тады мы зразумелі, што нам вузка ў маленькім коле «Арт Сядзібы», якое складаецца з 50 чалавек. Тады мы вырашылі, што трэба ператвараць «Арт Сядзібу» з канкрэтнага пункту ў горадзе ў маштабную зьяву, у супольнасьць людзей, якія ў розных пунктах Беларусі ладзяць мерапрыемствы. Тады, апроч культурніцкіх імпрэз, мы пачалі арганізоўваць Школу арт-мэнэджэраў — каб падрыхтаваць адмыслоўцаў для арганізацыі канцэртаў, конкурсаў, фэстываляў, адукацыйных сэмінараў, акцыяў, абʼяднаных тэмай беларускай мовы, культуры, гісторыі, традыцыяў, сымбаляў. У пэўны момант мы зразумелі, што «Арт Сядзіба» становіцца крэатыўным інкубатарам, дзе нараджаюцца ідэі.

— Паступова побач з акцыямі і канцэртамі пачалася бізнэс-дзейнасьць…

— Так. У 2014 годзе нас выгналі зь пятага памяшканьня на завулку Інструмэнтальным. Па шчырасьці, я тады задаваў сабе пытаньне пра тое, што будзе далей, ці шукаць шостае памяшканьне. Прыйшло разуменьне: трэба альбо ўсё кідаць (да таго моманту «Арт Сядзіба» была для мяне хобі, па-за межамі нейкай дзейнасьці, празь якую можна было б зарабляць грошы), альбо ператвараць «Арт Сядзібу» ў сталую працу, якая прыносіць грошы, за якія можна і самому жыць, і рабіць нешта карыснае для краіны. Тады нарадзілася інтэрнэт-крама symbal.by, якая дала другі штуршок разьвіцьцю «Арт Сядзібы». Мы зразумелі, што можна займацца ня толькі культурніцкай і грамадзкай дзейнасьцю, але і выдаваць прадукт. Людзям рэчы патрэбныя ня менш. Аказалася, што часам нават больш патрэбныя. Важна ня толькі ўмець знайсьці спонсара і пашыць 100 сьцягоў, для таго каб раздаць іх бясплатна. Трэба ствараць такія ўмовы, каб людзі захацелі не ў падарунак узяць, а набыць нейкую рэч.

«Палітыка ці не»

— «Арт Сядзіба» — гэта культурніцкія і некамэрцыйныя праекты. Symbal.by — праект, які прыносіць прыбытак. А ці ёсьць палітычны складнік у вашай дзейнасьці?

Дзень вышыванкі — ўпершыню ў Беларусі. Як гэта было? (ФОТА)

— Адракацца ад палітыкі я ня буду. І казаць, што «Арт Сядзіба» па-за палітыкай, я таксама ня буду. У арганізацыі мы ўсе маем прыкладна аднолькавыя палітычныя погляды. Але палітычнай адзінкай мы не зьяўляемся, у выбарах ня ўдзельнічаем. Ужо некалькі год 25 сакавіка мы мабілізуем людзей на акцыю, а таксама праводзім пэрформансы ў яе межах.

Калі Зьмітру Вайцюшкевічу забараняюць выступаць, мы пастаянна даем яму пляцоўку, хоць ведаем, што за гэта самі яе можам страціць. Год таму выгналі «Свабодны тэатар» зь іх памяшканьня, мы адразу яго прытулілі, і некалькі месяцаў акторы ў нас і рэпэтавалі, і рабілі паказы. Мы ладзілі акцыю падтрымкі графіцістаў, якіх судзілі за графіці «Беларусь мае быць беларускай» — прадавалі майкі зь іх малюнкамі, а грошы аддалі на выплату штрафаў. Ну, і вялізная колькасьць акцыяў з мэтай папулярызаваць бел-чырвона-белы сьцяг. Палітыка гэта ці не — хай вырашае кожны для сябе. Нехта скажа, што гэта палітыка, нехта — што гэта культура, іншыя — што гэта прапаганда і русафобія. А для нас гэта проста нашы погляды і наша жыцьцё.

— Ці зрабіла «Арт Сядзіба» вышыванкавую рэвалюцыю ў Беларусі?

— Я ня буду казаць толькі пра вышыванкавую рэвалюцыю. Мы паказалі прыклад, што калі шчыра верыць, то нават у гэтай краіне можна зрабіць усё. Глядзіце, пяць гадоў таму не было ні крэатыўных прастораў, ні каворкінгаў, ні кластэраў. Цяпер я магу іх налічыць дзясяткі. Калі мы пачыналі, нічога такога не было. Мы паказалі прыклад, што можна проста наняць пустое памяшканьне з голымі сьценамі і стварыць там крэатыўную пляцоўку. У нас прайшлі першыя стэнд-апы па-беларуску, першыя моўныя курсы ў фармаце шоў, першыя настольныя гульні па-беларуску. Мы зрабілі і робім рэвалюцыю ў галовах. Возьмем бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоню». У грамадзтве панавала ўстойлівае меркаваньне, што яны апазыцыйныя. Таму іх баяліся, а нехта і працягвае баяцца. Мы хочам паказаць, што гэта не апазыцыйныя, а нацыянальныя сымбалі, і няма нічога страшнага ў тым, каб хадзіць, напрыклад, у майцы з «Пагоняй» ва ўнівэрсытэт. Цікава, што большасьць тавараў, якія прадаюцца на symbal.by, вырабляецца ў Беларусі, у тым ліку на дзяржаўных прадпрыемствах. І бел-чырвона-белыя сьцягі для нас робіць тая самая арганізацыя, якая шые і афіцыйныя. Вытворцы разумеюць, што гэта карыстаецца попытам і што яны заробяць, шыючы бел-чырвона-белыя сьцягі і выдаючы кубкі з «Пагоняй».

«Крытыкуюць за арнамэнт»

— Як ты ставісься да таго, што некаторыя трэнды, якія задала «Арт Сядзіба», рэалізуюцца не зусім так, як задумвалася адпачатку? Напрыклад, вышыванкі падхапіў БРСМ. А некаторыя гандляры прадаюць нацыянальныя сьцягі побач з магніцікамі з выявамі Сталіна.

— У папулярных рэчаў заўсёды бываюць трэш-працягі. І сапраўды ёсьць людзі, якія ў пагоні за выгадай вырашаюць, што вось Сталін і Ленін — для «русского мира», а для «беларускага сьвету» — вось сьцяг і вышыванка. Мы такія моманты калі знаходзім, спрабуем выкрываць. І я думаю, што пасьля крытыкі такія людзі пачынаюць разумець, што зрабілі лухту.

— А вас за што крытыкуюць?

— Самае галоўнае, за што нас крытыкуюць, — гэта папулярызацыя арнамэнту без асаблівай увагі на генэтычны код, які ў яго закладзены. Маўляў, мы зрабілі з арнамэнту папсу, і людзі пачалі выкарыстоўваць яго паўсюль. Таксама крытыкуюць, што дорага ў нас набываць рэчы. Маўляў, як можна нажывацца на сьвятым — на нацыянальным?

— А чаму ў вас дорага?

— Беларусы прывыклі, што ўсё з нацыянальнай сымболікай павінна раздавацца бясплатна, бо гэта ідэя. Насамрэч нехта павінен гэта ўсё роўна купіць, каб пасьля раздаваць. Калі казаць пра кошты, то рэчы ў нас сапраўды даражэйшыя, чым, скажам, кітайскія. Але кітайскія рэчы выпускаюцца мільённымі накладамі, а рэч, якая ў нас прадаецца, робіць беларуская майстрыха, і наклад у яе 50 штук, таму гэта ўнікальная рэч.

«Марым пра будынак у цэнтры Менску»

— Якія пляны цяпер у «Арт Сядзібе»?

— Адзін зь цікавых і доўгатэрміновых праектаў — гэта супраца з кавярняй «Грай». Гэтае месца знаходзіцца амаль на Кастрычніцкай плошчы, у ім цяпер адбываецца шмат цікавых імпрэзаў, у тым ліку і сьвяткаваньне 5-годзьдзя «Арт Сядзібы». Таксама маем намер разьвіваць тэатральны кірунак. У гэтым годзе паказвалі спэктакль «Браніслаў». Ужо напісаны новы сцэнар — гэта будзе пастаноўка пра Францішка Аляхновіча. У калядны сэзон ладзім ранішнікі-ялінкі для дзетак. Запускаем новую настолку «Багач», яна прысьвечаная Менску. Самы амбітны плян на бліжэйшы год — займець новае памяшканьне ў цэнтры гораду, уваход у якое будзе наўпрост з праспэкту.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]