Ратарыянцы — гэта пасьпяховыя і ўплывовыя людзі, якіх яднае мэта служэньня грамадзтву.
Беларуса Алеся Карцеля абралі прэзыдэнтам Rotary Club Warszawa City.
Rotary International — гэта міжнародная сетка дабрачынных арганізацый, у шэрагах якой звыш мільёна сяброў.
Ратарыянцаў часта зьвязваюць з масонамі і нават называюць вярбовачнай базай для масонскіх арганізацый. Самы малады прэзыдэнт варшаўскага ратарыянскага клюбу распавёў «Свабодзе» пра сябе і дзейнасьць гэтай таямнічай, паводле крытыкаў, арганізацыі.
Алесь Карцель — са Жлобіна. У сярэдзіне 2000-х вучыўся ў БДПУ імя Максіма Танка і Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце. Быў галоўным рэдактарам студэнцкай газэты «Выказьнік», а пазьней адным з рэдактараў «Сьвежай газэты». За тыдзень да прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году Алеся адлічылі з пэдунівэрсытэту.
— Пасьля гэтага я трапіў у Варшаву па праграме Кастуся Каліноўскага, — распавядае Алесь, — скончыў факультэт міжнародных стасункаў Варшаўскага ўнівэрсытэту. Цяпер рыхтуюся да абароны доктарскай дысэртацыі пра транснацыянальныя карпарацыі ў постсавецкіх краінах.
Калі Алесь вучыўся ў Нямеччыне на курсах MBA, то адзін зь яго сяброў зь Менску, чалец клюбу Rotary Minsk City, распавёў пра ратарыянцаў. Дзякуючы яму Алесь далучыўся да менскага клюбу, але пасьля перавёўся ў Rotary Club Warszawa City.
— Кандыдатаў запрашаюць іншыя чальцы арганізацыі. Гэта людзі розных прафэсій, розных зацікаўленасьцяў, але часьцей за ўсё яны маюць уласны бізнэс, альбо займаюць кіраўнічыя пасады. Трапіць у Rotary club ня проста. Трэба мець бездакорную рэпутацыю ў бізнэсе і грамадзкім жыцьці, — тлумачыць Алесь. Здабываць яе Карцель пачаў яшчэ на першым курсе ўнівэрсытэту. Ён уладкаваўся ў call-цэнтр і прадаваў праграмнае забесьпячэньне фірмам. Пасьля стаў мэнэджэрам праектаў. Дзякуючы сваёй працавітасьці Алесь заняў пасаду генэральнага дырэктара. Сёньня ён узначальвае аддзел Цэнтральнай Эўропы, Блізкага Ўсходу і Афрыкі нямецкай кампаніі Sell Action. Паралельна разам з жонкай разьвіваюць уласны кансалтынгавы бізнэс, а таксама выхоўваюць дваіх дзяцей. У дадзены момант, дарэчы, Алесь мае бацькоўскі дэкрэтны адпачынак.
— Клюбам Rotary International больш за 100 гадоў. Мы рэалізуем дабрачынныя праекты кожны ў сваёй краіне і супольныя міжнародныя праекты. Разам з клюбам з Бэрліну і Мілану мой варшаўскі клюб сабраў грошы на пабудову мосту ў Віетнаме, каб дзеці хадзілі па ім у школу. Цяпер мы будуем жаночы шпіталь у Сенегале і абсталёўваем госьпіс у Ізраілі. Сябры ратарыянскіх клюбаў не атрымліваюць заробкаў. Яны ашчаджаюць сродкі, якія пазьней выдаткоўваюцца на дабрачынныя мэты. Грошы на праекты ратарыянцы зьбіраюць праз складкі і ахвяраваньні ад прыватных спонсараў. Ратарыянскі рух часта называюць вярбовачнай пляцоўкай для масонскіх арганізацый. Алесь з усьмешкай ставіцца да гэтых закідаў.
— Гэта выдумкі. Камусьці падаецца, што гэта закрытая арганізацыя. Але пра Rotary club вельмі проста даведацца з нашых сайтаў. На сустрэчу клюбу можна прыйсьці кожны жадаючы. У нас ёсьць свой цырыманіял. Кожнае спатканьне пачынаецца з удару ў невялікі звон. Гэтак жа і завяршаецца. Кожны клюб мае свой сьцяг. Кожны чалец клюбу носіць значак Rotary на пінжаку. У кагосьці гэта можа выклікаць падазронасьць, бо ня ўсе людзі разумеюць, як гэта можна дапамагаць іншым і не атрымліваць заробку. Для мяне ж гэта толькі магчымасьць дапамагаць іншым.
Алесь кажа, што ў варшаўскага клюбу ёсьць праекты і для Беларусі. Але вялікай перашкодай зьяўляецца мяжа. Rotary Club гатовы ўжо сёньня перадаць адмысловыя ложкі ў беларускія шпіталі альбо ў дамы для састарэлых. Але беларускае заканадаўства вельмі спэцыфічнае.
— У беларускіх шпіталях можна карыстацца ложкам, вырабленым яшчэ ў СССР, але атрымаць ложак з-за мяжы, якому 5 гадоў, ужо немагчыма. Мыта вельмі вялікая. Я па сумяшчальніцтве зьяўляюся кіраўніком камітэту Польшча-Беларусь у польскім Rotary club і таму спрыяю кантактам. Нядаўна менскі клюб у супрацы з польскім пасольствам у Менску пабудаваў пякарню ў адным зь дзіцячых дамоў пад Менскам і замянілі ў доме ўсе вокны. У Беларусь Алесь вяртацца пакуль не зьбіраецца. Кажа, што вырашыў застацца ў Польшчы, бо ня змог бы зрабіць такую карʼеру дома.
Па дадзеных Rotary International, па ўсім сьвеце існуюць больш за 33 000 клюбаў. Паводле дакумэнтаў арганізацыі, яе асноўнай мэтай зьяўляецца абʼяднаньне прафэсіяналаў і бізнэсмэнаў для ажыцьцяўленьня гуманітарных праектаў, разьвіцьця высокіх этычных стандартаў у прафэсійнай сфэры і дапамогі ва ўсталяваньні міру на ўсёй плянэце.