Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Мы распачалі масавы дэмакратычны рух»

15.12.2016 общество

«Тутэйшыя» для Беларусі — нашмат больш, чым проста літаратура.

Падчас сьвяткаваньня 30-годзьдзя аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя» ўзьнікла спрэчка, ці можна лічыць адну з кніг сяброў суполкі роўнай «Вянку» Максіма Бадановіча, перадае «Радыё Свабода».

Некалькі дзясяткаў літаратараў, а таксама іх чытачы сабраліся ў менскім Палацы мастацтваў, каб павіншаваць літаратурнае аб’яднаньне «Тутэйшыя» з 30-годзьдзем.

Алесь Бяляцкі, які вёў імпрэзу разам з Сяргеем Кавалёвым, зачытаў урывак са свайго дзёньніка — успамін пра першае паседжаньне аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя». Адбылося яно 20 сьнежня 1986 году:

«Старонка пісалася 22 сьнежня. Я напісаў: Пазаўчора, 20 сьнежня адбылася цікавая падзея ў жыцьці літаратурнага існаваньня Беларусі».

Замоўчанае пакаленьне

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч (Сачанка) сказаў, што найлепшыя творы «Тутэйшых» яшчэ наперадзе:

«Я ня згодны з тымі крытыкамі і літаратуразнаўцамі, якія нас называюць страчаным пакаленьнем. Гэта абсалютна ня так. Мы ня страчанае пакаленьне, мы пакаленьне замоўчанае. Замоўчанае тымі ж самымі крытыкамі, афіцыйнымі структурамі. Замоўчанае наўмысна. Таму што наша пакаленьне было апазыцыйным да таго часу, да той літаратуры, да афіцыёзу тагачаснага, да цэнзуры, якая тады панавала ў літаратуры.

На жаль, празь некаторы час адносна свабоднай і незалежнай Беларусі зноў вярнуліся часы, падобныя да савецкіх. Як кіраўнік Саюзу беларускіх пісьменьнікаў я магу сказаць, што «Тутэйшыя» ў пераважнай большасьці засталіся ў сваім саюзе, апазыцыйным афіцыйнаму. Такім чынам яны засталіся вернымі сабе маладым».

Дапамагалі Танк і Гілевіч

Нефармальны касьцяк аб’яднаньня паходзіў з Гомелю: Анатоль Сыс, Алесь Бяляцкі, Сяргей Дубавец ды іншыя. Маладыя літаратары вырашылі стварыць сваю літаратурную суполку. Адбылося гэта пры дапамозе старэйшых творцаў — Максіма Танка і Ніла Гілевіча.

Толькі адзін чалавек на гэты момант напісаў успаміны пра аб’яднаньне «Тутэйшыя» — Алесь Аркуш. Ён адзначыў, што далучыўся да «Тутэйшых» толькі ў пачатку 90-х гадоў, і менавіта на іх паседжаньнях даведаўся імёны выдатных беларускіх літаратурных творцаў:

«Тутэйшыя» — гэта мае літаратурныя ўнівэрсытэты. Там я пачуў шэраг імёнаў выдатных беларускіх літаратараў, пра якіх ня ведаў да гэтага. Таксама пачуў пра новую беларускую паэзію, якая толькі пачала паўставаць. Там я сфармаваў кірунак сваёй далейшай дзейнасьці».

Няспраўджаны праект?

Разам з тым Алесь Аркуш сказаў, што лічыць «Тутэйшых» «няспраўджаным праектам»:

«Тутэйшыя» мелі магчымасьць выдаць сакральную кнігу. Кожная літаратура абапіраецца ў падмурках на сакральныя кнігі. Напрыклад, для нас ёсьць сакральнай кнігай «Вянок» Багдановіча. Як нараджаецца сакральная кніга? Трэба спрыяльны час, геніяльны аўтар і трыбуна, зь якой гэтая кніга падаецца. У выпадку зь «Вянком» — пачатак XX стагодзьдзя з нацыянальным абуджэньнем, геніяльны паэт Максім Багдановіч, газэта «Наша Ніва» ў якасьці трыбуны. Цяпер возьмем канец 80-х гадоў — быў нацыянальны ўздым і былі выбітныя паэты, але не атрымалася сакральнай кнігі».

Бяляцкі паспрачаўся з гэтымі словамі і сказаў, што ў пэрыяд актыўнай дзейнасьці «Тутэйшых» былі напісаныя творы, якія можна лічыць сакральнымі для беларускай літаратуры. Такім маглі б быць нецэнзураваныя зборнікі «Кроў на сумётах» Сержука Сокалава-Воюша, «Пан Лес» і «Агмень» Анатоля Сыса, «Сурма» Алега Мінкіна.

«Наша Ніва» — прадукт «Тутэйшых»

Падтрымаў пазыцыю Бяляцкага і ўкладальнік першага зборніка «Тутэйшых» і аўтар іхнага маніфэсту Сяргей Дубавец:

«Калі мы няспраўджаны праект, то чаму мы тады працягваем сваю творчасьць цяпер? Я б яшчэ дадаў, што ў «Тутэйшых» было дзьве плыні беларускага нацыяналізму: змагарская і творчая. Таму «Тутэйшыя» так актыўна засьвяціліся ў палітыцы, у гісторыі. Пра творчы кірунак можна сказаць, што ўся адроджаная «Наша Ніва» — гэта прадукт «Тутэйшых».

Як біліся Сыс і Глобус

Сяргей Дубавец прыгадаў, што на паседжаньнях аб’яднаньня заўсёды было вельмі весела:

«Памятаю, калі вырашалі адправіць адказнага за паэзію Сыса і адказнага за прозу Глобуса да Ніла Гілевіча, бо трэба было нешта ў яго высьветліць, па дарозе да кабінэта Гілевіча ў іх абавязкова здараўся канфлікт, прычым такі, што даходзіла да бойкі. Сыс і Глобус былі двума нефармальнымі лідэрамі аб’яднаньня. І вось Гілевіч адчыняе дзьверы свайго кабінэта, а там двое тузаюцца і адзін аднаго душаць...»

Міхась Скобла сказаў, што самая значная постаць «Тутэйшых» — гэта Анатоль Сыс.

«І да гэтага часу ў ягонай роднай вёсцы адбываюцца паэтычныя фэстывалі, прысьвечаныя яго памяці. І там гісторыі з жыцьця „Тутэйшых“ абрастаюць мітамі і паданьнямі».

Паэтка Іна Снарская, якая паход зіць з Полацку, але жыве ў Палтаве, сказала, што працягвае пісаць па-беларуску, бо яе да гэтага часу натхняюць часы, калі ў Беларусі паўставалі літаратурныя аб’яднаньні:

«Для мяне «Тутэйшыя» — гэта нашы наваполацкія «Крыніцы», літаратурнае аб’яднаньне, куды ўваходзілі, напрыклад, Уладзімер Арлоў і Валянціна Аксак, якім я прыносіла свае першыя літаратурныя і журналісцкія матэрыялы. Таксама з намі былі Сяржук Сокалаў-Воюш, Якуб Лапатка. Той дух нацыянальнай сьвядомасьці жывіць мяне і цяпер, за тысячы кілямэтраў ад роднага Полацку».

Як прасілі ў Гілевіча шафу

Драматург і літаратуразнаўца Сяргей Кавалёў расказаў, што «Тутэйшыя» ўвесь час прасілі, каб ім далі шафу:

«Мы яе прасілі і казалі, што будзем складаць у яе творы. І на нейкім сходзе, калі зноў мы паднялі пытаньне шафы, Ніл Гілевіч сказаў: Навошта вам тая шафа, у вас і твораў пакуль няма. А мы сказалі: Няпраўда, у нас ёсьць творы Алега Мінкіна, і мы будзем у шафе іх захоўваць“. І сапраўды, апроч пачаткоўцаў, сярод «Тутэйшых» былі паэты, якія склаліся. І адным зь іх быў Алег Мінкін».

Цягам імпрэзы Алег Мінкін, а таксама Ўладзімер Сіўчыкаў, Алесь Ліпай, Павал Дзьмітрук і Людка Сільнова прачыталі па некалькі сваіх вершаў.

Першы палітвязень Беларусі Славамір Адамовіч сказаў, што, на яго думку, цяпер у Беларусі няма літаратурнага аб’яднаньня, якое можна было б параўнаць з «Тутэйшымі» ці пазьнейшым «Бум-Бам-Літам»:

«У той час я толькі пачынаў, стараючыся ісьці ўсьлед за старэйшым Мінкіным. Але ўсё тое, што потым стала іміджам радыкала і рэваншыста, ува мне ўжо бушавала. «Тутэйшыя» сёньня ўжо гісторыя. Але ці то мы недапрацавалі, ці нешта іншае паўплывала. Дзе сёньняшняя моладзь? Сёньня — змрачнейшыя часы, чым тыя, што былі пры нашай маладосьці».

Славамір Адамовіч прачытаў верш, прысьвечаны 30-годзьдзю «Тутэйшых», у якім ёсьць такія радкі:

...І хто там чуў пра бел-чырвона-белы

І знак «Пагоня» як дзяржаўны герб?

Мы толькі праглі вершаў без прабелаў

І ўласнай мовы для сваіх патрэб.

«Тутэйшыя» — больш, чым літаратура

У падтрымку гэтых радкоў Алесь Бяляцкі сказаў, што «Тутэйшыя» займаліся ня толькі літаратурай, але і грамадзка-палітычнай дзейнасьцю:

«Тутэйшыя» былі ня толькі літаратурным аб’яднаньнем. І мы зьбіраліся ня толькі, каб пачытаць вершы і пакрытыкаваць адно аднаго. Мы фармавалі сябе як беларусаў. Мы бралі ўдзел у беларускім моладзевым руху, які ў канцы 80-х гадоў быў цэнтравым. Мы бралі ўдзел у мітынгу ў Траецкім прадмесьці ў 1987 годзе, калі Анатоль Сыс скончыў свае вершы поклічам «Жыве Беларусь!»; мы ўдзельнічалі ў адкрыцьці першай беларускай клясы ў Шабанах, дзеля чаго зьбіралі подпісы разам з «Талакой»; мы зрабілі «Дзяды» ў 1988 годзе — гэта была падзея, якая распачала масавы дэмакратычны рух. Было разуменьне, што «Тутэйшыя» — гэта больш, чым літаратурнае кола».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]