Развітанне з Леанідам Мараковым адбудзецца 19 снежня ў Саборы Пятра і Паўла ў Менску.
Зранку 17 сьнежня пайшоў з жыцьця Леанід Маракоў. Яму было 58 год.
У яго была пухліна галаўнога мозгу. Пра гэта «Радыё Свабода» паведамляў сын пісьменьніка Дзьмітры. Па словах Дзьмітрыя Маракова, пухліна была прычынай таго, што на пачатку году Леанід перажыў інсульт. Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі Сьвятлана Алексіевіч 7 лістапада перадала на лячэньне Маракова тысячу даляраў.
Інжынэр-радыёэлектронік Леанід Маракоў у 1990-я гады пачаў вывучаць біяграфію свайго роднага дзядзькі, паэта Валера Маракова, які быў расстраляны 29 кастрычніка 1937 году. Вынікам працы стала маштабнае дасьледаваньне сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі —10-тамовы энцыкляпэдычны даведнік «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794–1991», дзе сабраныя зьвесткі пра 20 тысяч ахвяраў. Леанід Маракоў таксама напісаў досьлед «Ахвяры і карнікі», асобна выйшла кніга зьвестак пра рэпрэсаваных у Беларусі праваслаўных сьвятароў. У 2014 годзе выйшла ягоная манаграфія «Галоўная вуліца Мінска. 1880–1940». Акрамя навуковых дасьледаваньняў, у даробку Маракова і мастацкая проза: раман «Непамяркоўныя. Трэцяя спроба», зборнікі апавяданьняў «Сшытак забітага кантрабандыста», «Яны ня ведалі».
Мая Кляшторная: «Каб такіх неабыякавых людзей было больш, жылі б мы ў іншым грамадзтве»
Дачка рэпрэсаванага ў 1937 годзе паэта Тодара Кляшторнага Мая Кляшторная ведала Леаніда Маракова яшчэ хлопчыкам, але пазьней асабіста мала кантактавала, затое вывучыла ўсе творы Леаніда Маракова:
«Чалавек — інжынэр па адукацыі, тэхнар, але павярнуўся да гэтай тэмы і пайшоў без аглядкі, і зрабіў вялікую справу. Хоць многія браліся, але не давялі да канца, не паднялі. А ён здолеў гэта зрабіць!
Я ведала яго маленькім. Калі мы вярнуліся з Сыбіры, прыходзілі з мамай у хату на вуліцы Сонечнай да ягоных бабулі і дзядулі. Пасьля вяртаньня са ссылкі адзіны чалавек, якія нас прыняў, быў ягоны дзед Дзьмітры. Якімі высакароднымі людзьмі былі ягоныя бабуля і дзядуля! А якія яны былі прыгожыя зьнешне! Памятаю, як тады агромісты букет чаромхі прынёс мне дзед Дзьмітры са свайго саду! Ніводзін іншы букет ніводнага кавалера ня мог параўнацца з гэтым букетам.
А па хаце бегаў маленькі хлопчык, які плакаў увесь час — гэта быў Лёня Маракоў. Бацька Леаніда Ўладзімер быў вельмі хворы. А дзе другі сын Валер і што зь ім, яны ня ведалі. Як ня ведалі мы з маці, дзе наш бацька і што зь ім. Але ўсе мы верылі, што і наш бацька, і Валер Маракоў яшчэ вернуцца. Бабуля Леаніда пастаянна чытала Біблію і малілася за сыноў і за ўнука.
Леанід у дзяцінстве нічога ня ведаў пра рэпрэсіі. Паступіў у радыётэхнічны інстытут, вывучыўся на інжынэра і ўжо ў даволі сталым узросьце пераключыўся на дасьледчыцкую дзейнасьць.
Жыў Леанід, як мне падалося, па савецкіх мерках даволі нядрэнна, заможна. На пачатку 1990-х у яго была добрая машына, і ён нікому не адмаўляў — развозіў, працаваў на Саюз пісьменьнікаў. На яго машыне мы езьдзілі хаваць Алеся Адамовіча, потым ня раз ён нас вазіў на магілу Адамовіча. Заўсёды працягваў руку дапамогі.
Яго ўнёсак у высьвятленьне праўды пра рэпрэсіі быў вельмі значны. І каб такіх неабыякавых людзей было больш, магчыма, жылі б мы ў іншым грамадзтве».
Лідзія Савік: «Маракоў проста згарэў на гэтай рабоце, сябе не шкадаваў»
Літаратуразнаўца Лідзія Савік, якая сябравала зь Леанідам Мараковым, перакананая, што ён вельмі глыбокі, дакладны, скрупулёзны дасьледчык і таленавіты пісьменьнік:
«Мяне вельмі радуе тое, што ён як адзін з маладзейшых дасьледчыкаў працягнуў нашу справу. На пачатку 1990-х, калі мы атрымалі неспадзяваную незалежнасьць, нас, некалькі дасьледчыкаў літаратуры і гісторыкаў, дапусьцілі ў архівы КДБ. І мы там высьвятлялі сапраўднае становішча з рэпрэсаванымі пісьменьнікамі, таму што ў афіцыйных паведамленьнях было вельмі шмат хлусьні — хто, калі і як паміраў. Звычайна паведамлялі, што паміралі ад разрыву сэрца ў 1940-я гады, хоць амаль усіх расстралялі ў 1937 годзе.
Калі Леанід Маракоў даведаўся, што я непасрэдна займалася архівамі КДБ і вяла тэму рэпрэсаванай літаратуры ў Інстытуце літаратуры, ён часта прыяжджаў да мяне ў інстытут, а потым і дадому, карыстаўся маімі выпіскамі. А потым пачаў выдаваць і перавыдаваць творы свайго дзядзькі Валера Маракова, які быў расстраляны ў самым росквіце, у 27 гадоў. Спачатку давёў да ладу зборнік «Рабінавая ноч», аднавіў у творах Валера Маракова ўсе купюры, якія былі зроблены цэнзурай у 1920–30-я гады. Ён паказаў лёс сям’і Мараковых, у яго ж і дзед быў рэпрэсаваны і высланы, дзядзька Валер быў расстраляны.
Потым Маракоў выдаў дзесяцітомнік «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794–1991». У мяне ўсе гэтыя тамы стаяць на паліцах, некалькі паліц занятыя кнігамі Маракова. Прычым ён адкрыў новыя імёны людзей, пра якіх наагул было мала вядома.
А які фундамэнтальны том «Галоўная вуліца Мінска. 1880–1940» ён выдаў! Я зьдзіўлялася, пыталася: «Лёня, дзе вы знайшлі столькі зьвестак пра жыхароў гэтай вуліцы Савецкай (пазьней праспэкту Леніна, Сталіна)?
Леанід напісаў кнігу „Ахвяры і каты“, дзе паказаў, хто дапытваў і зьнішчаў ні ў чым не вінаватых людзей. Да мяне даходзілі чуткі, што родзічы гэтых катаў, якія таксама працавалі ў гэтым страшным ведамстве, пагражалі яму, чаму ён абнародаваў гэтыя рэчы.
Леанід Маракоў напісаў і шмат мастацкіх апавяданьняў на гэтую тэму — ён праявіў сябе і як таленавіты празаік.
Але ж афіцыйна ён у апошнія гады нідзе не працаваў, а выданьнем кніг надта многа не заробіш. Я часта пазычала яму грошы, бо іншым разам ён прыходзіў і казаў, што хлеба няма на што купіць, а ў яго сям’я, двое дзяцей.
Я яму вельмі ўдзячная, што ён пайшоў далей за нас, працягнуў тую працу, якую мы пачалі раскопваць у жудасных архівах КДБ. Ён адзін з самых апантаных гэтай тэмай дасьледчыкаў, які ахвяраваў сваім здароўем дзеля такой працы. Прычым займаўся толькі адной тэмай рэпрэсіяў, суткамі сядзеў за кампутарам. Ён вельмі шмат працаваў, проста сьпяшаўся шмат пасьпець, ня маючы за гэта ніякіх матэрыяльных даброт. Я яму казала: „Лёня, нельга столькі працаваць! Пашкадуйце сябе“. Гэта ж яшчэ такія перажываньні, эмоцыі — ён усё прапускаў празь сябе. Ён проста згарэў на гэтай рабоце, сябе не шкадаваў».
Уладзімер Раманоўскі: «Мяне ўразіў вельмі глыбокі навуковы падыход і працаздольнасьць Маракова»
Кіраўнік рады менскага аддзяленьня міжнароднага таварыства «Мэмарыял» Уладзімер Раманоўскі распавёў, што зь Леанідам Мараковым пазнаёміўся яшчэ на пачатку 1980-х. Высьветлілі, што побач і ў адной сфэры працавалі: Маракоў — на заводзе імя Арджанікідзэ, Раманоўскі — у НДІ ЭВМ:
«І гэта нас адразу аб’яднала. Пазьней мяне вельмі ўразіла энэргія, мэтанакіраванасьць і пасьлядоўнасьць, менавіта навуковы падыход да працы, калі ён захапіўся вывучэньнем сталінскіх рэпрэсіяў. Я шмат разоў быў у яго ў доме і бачыў, наколькі глыбока ён пранікае ў тэму, пералапачвае процьму дакумэнтаў, каб знайсьці пацьверджаньне свайго пункту гледжаньня. Мяне ўразіў менавіта вельмі глыбокі навуковы падыход. Зыходзячы са свайго досьведу навуковай дзейнасьці, прызнаюся, што мяне гэтая ягоная грунтоўнасьць, глыбіня ўзрушыла. Я бачыў, як частка ягонай кнігі „Галоўная вуліца Мінска. 1880–1940“ — дзясяткі аркушаў — ляжала, як прасьціна, на падлозе, заняўшы ўсю плошчу пакоя, і як ён нешта папраўляў, удакладняў, удасканальваў.
А калі мы сустракаліся на розных імпрэзах, ягоная пазыцыя заўсёды была вельмі жорсткая, але абгрунтаваная той велізарнай дзейнасьцю, тымі дакладнымі дасьледаваньнямі, якія ляжалі ў падвалінах ягоных высноваў, вынікаў.
У мяне ёсьць некалькі відэа, адзьнятых на розных прэзэнтацыях ягоных кніг, дзе ён паказвае свае здольнасьці найперш як дасьледчыка, навукоўца. Я не літаратар, таму ня стану ацэньваць ягоныя мастацкія здольнасьці, але як дасьледчык магу ацаніць яго грандыёзныя здольнасьці і моцную працавітасьць».
Разьвітаньне зь Леанідам Мараковым адбудзецца 19 сьнежня аб 11-й гадзіне ў менскім Саборы сьвятога Пятра і Паўла (вул. Ракаўская, 4. мэтро Няміга).