У Святы вечар паэт Уладзімір Някляеў адведаў удаву Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.
Аб гэтым Някляеў напісаў у Фэйсбуку:
- У Святы вечар з Сяргеем Шапранам і Вольгай зайшлі да спадарыні Валянціны, жонкі (ніяк не прызвычаюся да таго, што яна ўдава) Рыгора Барадуліна, якая папрасіла перадаць калядныя віншаванні і найлепшыя пажаданні ўсім, хто хацеў бы сёння павіншаваць са святам Рыгора...
З Калядамі!
У ноч калядную збяры
Усіх здарожаных, халодных,
Усіх забытых і галодных,
I раздары свае дары.
Прасі на кут сваіх Дзядоў
Абнашчыцца куццёю поснай,
Каб не шукаць гадзінай познай
У небе памяці слядоў.
Як вогнішча, разварушы
Тугу, што пазірае нема.
I ціха вока Бэтлеема
Узыдзе ў поцемках душы.
Рыгор Барадулін