Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Хрыстос нарадзіўся — славім Яго!»

25.12.2016 общество
«Хрыстос нарадзіўся — славім Яго!»

Слова Апостальскага Візытатара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея (Гаека) на Раство.

«Адвеку нечувана было, каб Бог Ісус на зямлі зьявіўся і пажыў сярод людзей, нашы недамаганьні і хворасьці на сябе ўзяў...»

Францішак Скарына, Акафіст Імю Ісусаваму, кандак 7.

Такімі словамі 500 год таму сын беларускай зямлі — Францішак Скарына з Полацку выказваў сваё захапленьне Таямніцай Уцелаўленьня Спрадвечнага Слова Божага — Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста.

Ужо больш за тысячу гадоў беларускія хрысьціяне ўсходняй традыцыі з пабожнай пашанай радасна сьпяваюць бізантыйскі трапар: «Нараджэньне Тваё, Хрысьце Божа наш, зазьзяла на ўвесь сьвет сьвятлом пазнаньня».

Гэта выраз радаснай веры ў словы, якія Ісус Хрыстос сказаў пра Сябе: «Я сьвятло сьвету, хто ідзе за Мной, ня ходзіць у цемры, але будзе мець сьвятло жыьцця» (Ян 8,12).

Хрыстовае сьвятло дайшло і да нашых праайцоў — праз стагодзьдзі хрысьціянская вера і хрысьціянскі культ кшталтавалі жыцьцё беларускага народу ды прыносілі плады прасьвятленьня і культуры: пісьменнасьць, адукацыю, іканаграфію, архітэктуру, музыку, мастацтва.

Гэтая беларуская духоўная спадчына мела хрысьціянскія карані ва ўсходняй і заходняй духоўнай і культурнай традыцыях, і сёньня яна выклікае шырокую зацікаўленасьць у шматлікіх краінах сьвету. Усім вядомы прыклад — выстаўка беларускіх ікон (у большасьці уніяцкіх), якая прайшла у траўні-чэрвені 2016 году ў Ватыканскім музэі.

Зразумела, што ўся гэтая беларуская духоўная спадчына зьяўляецца сёньня выклікам для кожнага хрысьціяніна Беларусі, для кожнага жыхара Беларусі, каб яе шанаваць, любіць і разьвіваць.

Сьвятая Эўфрасіньня Полацкая, сьвяты Кірыл Тураўскі — гэта для нас прыклад веры і таго, як мужна і разумна клапаціцца пра дабро свайго народу.

Чалавекам веры быў таксама Францішак Скарына, які Біблію — Слова Божае — пачаў друкаваць на зразумелай мове «Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Як вядома, першай біблійнай кнігай, якую Францішак Скарына надрукаваў у Празе 6 жніўня 1517 году, быў Псалтыр — кніга малітвы. Разумеў наш адукаваны зямляк, што няма выхаваньня народу бязь веданьня Слова Божага і без малітвы.
Таму ён сам склаў шэраг малітваў, якія зьяўляюцца сынтэзам усходняй і заходняй духоўнай традыцый, і якімі да сёньняшняга дня карыстаюцца беларускія грэка-католікі.

Напярэдадні юбілею 500-годзьдзя беларускай Бібліі хочам дзякаваць Госпаду за Францішка Скарыну — сапраўднага эвангелізатара беларускага народу. А найлепшым ушанаваньнем памяці доктара Францішка будзе чытаньне Слова Божага на роднай, беларускай мове.

Хрысьціянін чытае Біблію — Слова Божае, каб у ім знаходзіць сьвятло і моц для хрысьціянскага жыцьця. Каб жыцьцё сваёй сям’і, сваёй хрысьціянскай супольнасьці і ўсяго грамадзтва будаваць паводле Слова Божага.

Засноўваць і кшталтаваць жыцьцё паводле Слова Божага — гэта вялікі выклік і выхаваўчы подзьвіг.

Уніяцкая Царква на землях Беларусі прынесла свой каштоўны ўнёсак у сфэру адукацыі. З удзячнасьцю Богу ўзгадваем уніяцкага мітрапаліта Язэпа Вельяміна Руцкага ды ягоную рэформу, у рамках якой 400 год таму ён рэарганізаваў манахаў базыльянаў і даверыў ім арганізацыю школьніцтва паводле эўрапейскіх хрысьціянскіх стандартаў.

Пачэсныя айцы сьвятаслужыцелі, дарагія браты і сёстры!

Да ўсіх вас накіроўваю маё сьвяточнае віншаваньне паводле словаў Францішка Скарыны: «Каб Бог Ісус, што на зямлі зьявіўся і пажыў сярод людзей, нашы недамаганьні і хворасьці на сябе ўзяў», каб дні Раства Хрыстовага былі для ўсіх нас радаснай сустрэчай з Ісусам Хрыстом — Сьвятлом свету, Які прасьвятляе нашае жыцьцё і ўмацоўвае нашу веру, надзею і любоў.

У гэты сьвяточны час ды ва ўсім Новым 2017 годзе будзьма «сьведкамі Эвангельля любові да кожнага чалавека».

Няхай блаславеньне Ісуса Хрыста — Збаўцы кожнага чалавека — дойдзе да ўсіх вас, да ўсіх вернікаў нашай Царквы ў Беларусі і ў замежжы, да нашых Братоў і Сёстраў рыма-католікаў, праваслаўных, пратэстантаў і да ўсіх людзей добрай волі ў нашай Бацькаўшчыне.

Усіх вас шчыра віншую з Раством Хрыстовым.

Хрыстос нарадзіўся — славім Яго!

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]