Знакамітая “Вікіпедыя” пачынае свой аповед пра “БелСат” наступнай фразай.
“БелСат” пачаў спадарожнікавую трансляцыю 10 снежня 2007 года, у Сусветны дзень правоў чалавека…”.
Сама дата, да якой быў прывязаны пачатак першай трансляцыі, яскрава гаварыла пра тэматыку і намеры калектыву новага незалежнага СМІ.
А цяперашнім годам, у Дзень правоў чалавека я раздаваў жыхарам Гародні спецвыпуск “Народнай волі” прысвечаны гэтай даце. І многія гарадзенцы, узяўшы газету, з трывогай пыталіся ў мяне, ці праўда што “БелСату” больш не будзе…
Неўзабаве і сродкі масавай інфармацыі ўзарваліся ад навіны, што міністр замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі у інтэрв’ю польскаму парталу wpolityce.pl паведаміў пра закрыццё “Белсата” ўзамен за абяцанне пусціць у кабельныя сеткі Беларусі польскі тэлеканал.
Так і захацелася грымнуць фразай ужо не з “Вікіпедыі”, але таксама з знакамітага твора, дзе Міхаіл Самуэлевіч Панікоўскі крычыць у твар Шуру Балаганаву:
– А паедзьце вы ў Кіеў, і ўсё… Паедзьце ў Кіеў і спытайце…
Вось і пан міністр мог бы з’ездзіць у Кіеў і спытаць у свайго ўкраінскага калегі, як беларускі ўрад выканаў абяцанні пусціць на беларускі медыйны прастор украінскі тэлеканал. Але нават каб польскі канал, пра які гаворыць пан міністр, насамрэч з’явіўся б у Беларусі, то ці змог бы ён замяніць “БелСат”?
[25/12/16 13:52:11] Nata Radina: Ва ўсё той жа “Вікіпедыі” чытаем:
“У якасці задачы “БелСата” абвяшчалася – даць беларусам доступ “да незалежнай інфармацыі, да дакладных звестак пра гісторыю іх краіны, да поўнай інфармацыі пра міжнароднае атачэнне Беларусі, да цікавых культурніцкіх і забаўляльных праграм на іх роднай мове”.
А вось пра родную мову асобная гаворка. Беларуская інфармацыйная прастора засыпаная расейскімі каналамі. І вяшчаюць яны, зразумела, па-руску. Былі некалі і іншыя гучанні. У тым ліку і польскія. Хто іх выкінуў з эфіру – здагадацца няцяжка нават тым, хто дзеля скону “БелСату” вядзе дыялог з тымі, хто і выкінуў польскія каналы з беларускага эфіру. І наступ на родную мову беларусаў з’ява не новая.
Я гэта пра тое, што ўзамен “БелСату” можа выйсці іншы тэлеканал на рускай мове. А менавіта мова беражэ народ ад асіміляцыі. І выступаць супраць яе можа толькі той, хто жадае гэтай асіміляцыі. Відаць словы Жырыноўскага пра змену межаў у Еўропе, якія падзеляць Украіну і Беларусь зноў на заходнюю і ўсходнюю, некаму не даюць спакою. Ну то ім варта было б паглядзець у гісторыю і зразумець, што ад Рыжскіх пагадненняў да пакту Молатава і Рыбентропа праходзіць не так многа часу. А Уладзімір Вольфавіч Жырыноўскі заўтра можа прапанаваць змяніць тыя межы паводле трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай. З яго шапка не зваліцца. І невядома колькі дзеячоў у Нямеччыне, а можа і на Вугоршчыне, палічаць тую прапанову гэтакай жа заманлівай, якой яе палічыць уся Расея. Пра гэта мусіць памятаць кожны “polski PAN”, калі прыслухваецца да слоў “русского ГОСПОДИНА”.
Ну але вернемся да “БелСату”. “Вікіпедыя” працягвае інфармаваць нас, што “паводле сацыялагічных апытанняў Цэнтру сацыялагічных даследаванняў “Люстэрка-інфо” (2012 г.) больш за палову (53 %) карыстальнікаў спадарожнікавымі антэнамі ў Беларусі дэкларуюць, што глядзяць праграмы “БелСата”. Колькасць гледачоў са спадарожнікавай антэнаю – амаль 1760 тыс., што складае 22 % дарослай тэлеаўдыторыі ў Беларусі”. Някепска, праўда. І гэта на такім невялікім рэсурсе. Усё з-за энтузіязму і неверагодна актыўнай працы аднаго з наймацнейшых медыйных калектываў, які хочуць разбурыць.
Дарэчы, пра рэсурс. Некаторыя лічаць яго падачкай беларусам з польскага бюджэту. Зноў заклікаю такіх людзей да вяртання памяці і ўзгадаць, як цывілізаваны свет дапамагаў палякам вырвацца з абдымкаў СССР. А ўзамен і з удзячнасці Польшча абвясціла сваёй місіяй прасоўванне дэмакратыі на ўсход… Ну дык што цяпер рабіць белсатаўцам?
А можа ім паехаць у Кіеў, калі больш ніхто не хоча. І пагаварыць пра той рэсурс. У Кіеве то яшчэ не забыліся, да чаго прыводзіць брак сваіх нацыянальных медыйных рэсурсаў, якія вяшчаюць на роднай мове.
Віктар Сазонаў