Сёньня сьвяткуе 70-годзьзе грамадзкая актывістка Ніна Багінская — сталая ўдзельніца вулічных акцыяў, пікетаў, мітынгаў.
Яна заўсёды прыходзіць на апазыцыйныя акцыі зь бел-чырвона-белым сьцягам. «Радыё Свабода» пацікавілася ў Ніны Багінскай, як тая будзе адзначаць дзень народзінаў.
— Пасьля 60-ці я перастала сьвяткаваць, бо гэтая дата нагадвае мне пра тое, што чалавек згарае нібыта сьвечка. Чым сядзець і сьвяткаваць, я лепш займуся працай. Маю гэтулькі плянаў на жыцьцё: малюю, вышываю, вяжу, выразаю па дрэве... Хачу ўсё пасьпець, — кажа Багінская.
Цягам мінулага году ўлады хацелі пазбавіць актывістку лецішча, складалі на яе пратаколы і давалі штрафы за ўдзел у акцыях. Нягледзячы на такія абставіны, спадарыня Ніна глядзіць у будучыню з аптымізмам і, як кажа, не зьбіраецца сядзець у хаце:
— Рэч у тым, што акцыі трэба рабіць цікавейшымі, трэба мяняць фармат. Яшчэ зь мінулай зімы я бачу ўсё больш моладзі, якая выходзіць на пікеты, не шукаючы нейкай выгоды для сябе, — разважае Багінская.
Спадарыня Ніна апавяла, што ўлады тройчы выстаўлялі на продаж яе дом на лецішчы, але пакупнік так і не знайшоўся.
— Адабраўшы мой дом, яны хацелі кампэнсаваць суму штрафаў, якія я быццам бы вінная дзяржаве. Нават прывозілі адмыслова пакупнікоў. Людзі самі не захацелі купляць лецішча, бо зразумелі супрацьзаконнасьць пакупкі: я па-ранейшаму маю ўсе дакумэнты на маёмасьць.
Больш за ўсё ў 2016 годзе спадарыню Ніну зьдзівіў факт складаньня пратаколаў за чытаньне вершаў Багдановіча.
— Гэта вельмі дзіўна! Усё жыцьцё чыталі Багдановіча, і ніколі нас ніхто за вершы не караў. Але мы працягнем сваю справу беларушчыны. Прынамсі я гляджу ў наступны год з аптымізмам.