Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Беларускі Індыяна Джонс марыць вярнуць крыж Ефрасінні Полацкай

08.01.2017 общество

У яго няма бізуна і рэвальвера, і ён не носіць фетравы капялюш.

Але ён, не горш за галівудскага кінагероя разбіраецца ў археалогіі і гісторыі. І не важна, што ён пакуль не прафесар, а ўсяго толькі студэнт. У багажы гэтага маладога чалавека ўжо некалькі гучных знаходак, галоўнай з якіх, безумоўна, з'яўляецца вернуты на радзіму “Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г.”. Знаёмцеся, суразмоўца “Гістарычнай праўды”, студэнт гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта Андрэй Радкоў.

- Андрэй, у сённяшняй моладзі гісторыя, мякка кажучы, не ў пашане. А адкуль у цябе такое захапленне гісторыяй Беларусі і цікавасць да пошукаў гістарычных артэфактаў?

- Думаю, у кожным чалавеку жыве прыхаваная патрэба да адкрыцця чагосьці новага. У кагосьці яна развіта больш, у кагосьці менш. Аднойчы, побач з вёскай, дзе я праводзіў школьныя канікулы, працавала археалагічная экспедыцыя з БДУ пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук, знакамітага беларускага гісторыка і нумізмата Валянціна Рабцэвіча. Гэтыя людзі, убачыўшы маю зацікаўленасць, арганізавалі для мяне, тады яшчэ 12-гадовага хлапчука, своеасаблівы майстар-клас па археалогіі і гісторыі, прадэманстраваўшы найкаштоўнейшыя знаходкі і распавёўшы пра іх. Тады я напэўна і ўсвядоміў: вось тое, чым я буду займацца прафесійна.

- Самым вялікім тваім поспехам на сёння з'яўляецца вяртанне ў Беларусь, па сутнасці, першай канстытуцыі на еўрапейскім кантыненце, “Статута ВКЛ 1588 г.”. Раскажы, як ты выйшаў на гэты ўнікальны дакумент?

- Гэта гісторыя пачалася ў 2010 годзе. У інтэрнэце я прачытаў артыкул пра тое, што на адным з аўкцыёнаў прадаецца метрычная кніга касцёла ў Ішкалдзі. Я тут жа “забраўся” на тую старонку і, дамовіўшыся з прадаўцом, стаў экстрана збіраць тысячу даляраў для куплі “Метрыкі”. “Кінуў кліч” сябрам, знаёмым. Размясціў аб’явы ў сацыяльных сетках. І справа, на здзіўленне, пайшла. Праз пяць дзён я ўжо ехаў з Баранавічаў з рарытэтнай кнігай у торбе. У выніку артэфакт з Ішкалдзі апынулася ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.

Падчас аднаго з валанцёрскіх выездаў мне ўдалося пазнаёміцца з загадчыкам аддзела публікацый і дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Дзмітрыем Яцкевічам. Гэта вельмі разумны і неардынарны чалавек, які дапамог мне ў працы па пошуку гістарычных артэфактаў.

Затым была купля за 500 даляраў “Магілёўскага часоўніка”, кнігі, выдадзенай у 1773 г. у Магілёўскай брацкай друкарні. Аказалася, што пры Богаяўленскім брацкім манастыры ў Магілёве ў першай трэці XVII стагоддзя была заснавана друкарня, якая праіснавала каля двух стагоддзяў. Але, на жаль, сёння ў магілёўскіх музеях захавалася вельмі мала кніг, выдадзеных у некалі знакамітай на ўсё Вялікае Княства Літоўскае Брацкай друкарні. Атрымліваецца, што кожны фаліянт на вагу золата.

Сваю дапамогу ў куплі “Магілёўскага часоўніка” прапанаваў Дырэктар музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў. Так сфармавалася наша трыо, калі так можна сказаць, “паляўнічых за артэфактамі”. У адным з артыкулаў, прысвечаных прэзентацыі выкупленай ў Магілёве кнізе, я прачытаў каментар чытача прыкладна наступнага зместу: “Безумоўна, добрую кнігу купілі, а Статут 1588 купіць слаба?”.

За гэты абрывак інфармацыі я ўчапіўся і неўзабаве даведаўся, што сапраўды адзін з маскоўскіх калекцыянераў прадае “Статут ВКЛ 1588 г.”.

Я ведаў, што ў Беларусі няма ні аднаго выдання гэтага рарытэтнага дакумента менавіта на старабеларускай мове. Былі на латыні, на польскай, але ўсе яны былі выдадзены значна пазней. Дарэчы, пра тое, на колькі цэняць гэты дакумент еўрапейцы, сведчыць той факт, што ў французскай Сарбоне адводзіцца цэлы семестр на вывучэнне нашага статута.

Кніга прадавалася на адкрытым аўкцыёне. Я “выйшаў” на прадаўца і пачаў перамовы аб продажы яе нам. Некалькі месяцаў мы перапісваліся. Я папрасіў выслаць фота “Статута”, для таго, каб правесці папярэднюю экспертызу яго сапраўднасці ацаніць стан фаліянта. Акрамя гэтага, прыйшлося і патаргавацца. Першапачатковы кошт рарытэту складаў 52 тысячы долараў ЗША. У выніку згаварыліся на 45 тысячах.

Пачаліся пошукі спонсараў. Працэс гэты быў не просты, але, дзякуй Богу, паспяховы. Нам двойчы прыйшлося ездзіць у Маскву. Першы раз, для таго, каб заплаціць 10% задатку, а другі ўжо непасрэдна за кнігай. У нас траіх тады дадалося шмат сівых валасоў, але ўсё завяршылася поспехам. У выніку, “Статут ВКЛ 1588 г.” быў прывезены ў Беларусь і цяпер знаходзіцца ў Музеі горада Магілёва.

- Наступным тваім поспехам стала “Вялікае мастацтва артылерыі” К.Семяновіча ...

- Гэта кніга не менш важная для Беларусі, чым “Статут”. Казімір Семяновіч, наш зямляк, ліцьвін, стварыў сапраўды рэвалюцыйную для свайго часу навуковую працу. Ён прымаў удзел у многіх тагачасных войнах і хутка ўсвядоміў, што артылерыя будзе гуляць вырашальную ролю ў канфліктах ўжо найбліжэйшай будучыні. Семяновічу ўдалося пераламаць стэрэатып таго, што артылерыя - гэта нібыта рамяство, не годнае шляхты.

"Паляўнічы за рарытэтамі", беларускі студэнт Андрэй Радкоў

Мала хто ведае, што Казімір Семяновіч з’яўляецца першым еўрапейцам, апісаўшым канструкцыю цвёрдапаліўных шматступеньчатых ракет. Дарэчы, рускі навуковец Канстанцін Цыялкоўскі вывучаў працы беларуса і лічыў іх вельмі карыснымі. І гэта праз шмат стагоддзяў пасля смерці Семяновіча. Уяўляеце маштаб яго даследаванняў!

Я шчыра рады, што нашы намаганні прывялі да таго, што выдадзенае ў 1676 годзе “Вялікае мастацтва артылерыі”, сёння знаходзіцца ў фондах Музея гісторыі Магілёва.

- Андрэй, зараз у беларускім грамадстве ідзе вялікая дыскусія на тэму беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Хтосьці стаіць на пазіцыях “літвінізму”, іншыя адстойваюць ідэю “беларускасці”. У сувязі з гэтым хачу ў цябе спытаць, а для цябе, чым з’яўляецца Вялікае Княства Літоўскае?

- Большасць вялікіх адкрыццяў у нашай гісторыі, вялікіх дзяржаўных дзеячаў звязаны менавіта з гэтай магутнай еўрапейскай дзяржавай. Традыцыі ВКЛ, не гледзячы на ўсе войны, захопы, разграбленні, якім падверглася беларуская зямля, на генетычным узроўні знаходзяцца ў кожным з нас. І ніякая русіфікацыя, паланізацыя ці саветызацыя не здольныя іх вытруціць.

- Якія яшчэ цікавыя кнігі табе трапляліся?

- Такіх фундаментальных выданняў, як “Статут” або “Вялікае мастацтва артылерыі” засталося вельмі мала, і яны рэдка ўсплываюць на рынку. Зрэшты, на нашым антыкварным рынку час ад часу з’яўляюцца цікавыя выданні. Зараз я спрабую адшукаць кнігі, якія раней знаходзіліся ў кніжных зборах беларускіх дваран і манастыроў. На прыклад, нядаўна мне ўдалося знайсці кнігу з экслібрысам бібліятэкі роду Скірмунтаў з Парэчча. Хутчэй за ўсё, гэты фаліянт стаяў на кніжнай паліцы прэм’ер-міністра Беларускай Народнай Рэспублікі Рамана Скірмунта. Кнігу я набыў за свае грошы і перадаў у дар Брэсцкай абласной бібліятэцы. Чаму ў Брэст? Ну, ўсё ж гэтая кніга з тых месцаў. Хай там і застаецца.

Таксама нядаўна нам удалося выявіць і выкупіць некалькі кніг XVIII стагоддзя, надрукаваных у магілёўскай друкарні. Нешта выяўляецца на аўкцыёнах, іншыя кніжныя артэфакты трапляюць у поле зроку падчас экспедыцый па Беларусі. На самой справе гэтая паляванне за артэфактамі зацягвае і ператвараецца ў сапраўдную працу. На жаль, з-за загружанасці пакутуюць іншыя сферы маяго жыцця. Напрыклад, вучоба. Зараз я хацеў бы прысвяціць больш часу менавіта вучэбнай дзейнасці.

- Я якраз і хацеў цябе спытаць пра вучобу. Для таго, каб займацца пошукамі рарытэтаў, трэба ў гэтым як мінімум разбірацца. Індыяна Джонс, найбольш вядомы, праўда, выдуманы, паляўнічы за артэфактамі, быў прафесарам археалогіі. Ты зараз студэнт. Не думаеш сур’ёзна заняцца навукай?

Індыяна Джонс, персанаж, прыдуманы Стывенам Спілбергам і Джорджам Лукасам

- На сённяшні дзень мае амбіцыі некалькі сціплей, чым у доктара Джонса (смяецца). Аб пасадзе прафесара я пакуль не думаю. Галоўнае, скончыць універсітэт. А далей будзем бачыць. Магчыма, для сябе я выберу выкладчыцкую сьцежку, ці можа быць стану музейным работнікам. Што ж тычыцца маіх сённяшніх ведаў, уменняў і навыкаў, то гэта шмат у чым вынік маёй працы і ўзаемадзеяння з сапраўднымі экспертамі ў галіне гісторыі і археалогіі. Такая практычная дзейнасць значна больш карысна, чым звычайнае канспектаванне лекцый або завучванне тэзісаў з падручніка. Зрэшты, і ад вузаўскай парты я не збіраюся адмаўляцца, бо тэарэтычныя веды таксама важныя.

- Праз твае рукі прайшло дастаткова шмат цікавых дакументаў, кніг? У цябе не з’яўлялася жаданне, нешта пакінуць сабе, пачаць самому калекцыянаваць старадаўнія рарытэты?

- Прыватная калекцыя - справа, безумоўна, добрая. Але мне здаецца, што гістарычныя артэфакты не павінны асядаць у прыватных загашніках. Яны павінны быць адкрытымі і даступнымі для ўсіх.

- Я ведаю, што адным з тваіх хобі з’яўляецца ваенна-гістарычная рэканструкцыя. Раскажы аб гэтым сваім захапленні.

- Так, я сур’ёзна захапляюся ваенна-гістарычнай рэканструкцыяй. Гэта хобі ў мяне з’явілася даўно. Падчас экспедыцый па Беларусі мне ў рукі траплялі аўтэнтычныя прадметы, уніформа, амуніцыя Першай і Другой Сусветных войнаў. Да таго ж я ўдзельнічаў у шматлікіх “Вахтах памяці” - пошукавых экспедыцыях, якія праводзяцца валанцёрамі-следапытамі на месцах баёў на тэрыторыі Беларусі і Расіі. Гэты дотык да вайны з’явіўся тым штуршком, які паўплываў на маё рашэнне прафесійна заняцца рэканструкцыяй.

Некаторы час я займаўся выключна Чырвонай Арміяй. Але потым мяне захапіла рэканструкцыя уніформы 1-й дывізіі Войска Польскага ім. Т. Касцюшкі. Гісторыя гэтага фарміравання непарыўна звязана з Беларуссю. У складзе гэтай вайсковай адзінкі ваявала шмат выхадцаў з Беларусі. Ды і баявое хрышчэнне “касцюшкаўцы” прынялі каля беларускай вёскі Леніна. Так, што гэта вельмі актуальная для беларусаў тэма.

"Беларускі Індыяна Джонс" Андрэй Радкоў

- Якія планы на будучыню ў “беларускага Індыяны Джонса”?

- Ну, вядома ж вярнуць галоўную рэліквію Беларусі Крыж Ефрасінні Полацкай. Хочацца зрабіць як мага больш для беларускай гісторыі і культуры. Знайсці і вярнуць тое, што па праву належыць нам, беларусам, і што з’яўляецца гістарычнай спадчынай нашай краіны.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]