У Магілёве адзначылі магдэбурскі юбілей.
28 студзеня 440 год таму кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторы даў магілёўцам правілей на самакіраваньне. Суполка «Грамадзкі магістрат» і «Магілёўскі моладзевы цэнтар» з нагоды магдэбурскага юбілею склікалі канфэрэнцыю.
На канфэрэнцыю былі запрошаныя экспэрты зь Беларусі, Украіны і Расеі. З імі арганізатары паспрабавалі знайсьці у сучасным беларускім самакіраваньні прыкметы Магдэбурскага права, перадае «Радыё Свабода».
Удзельнікі гаварылі пра вытокі эўрапейскага прывілею на самакіраваньне, значэньне Магдэбурскага права ў разьвіцьці гарадоў на абшарах Вялікага Княства Літоўскага. Выказвалі погляд на цяперашнія рэаліі ўдзелу грамадзян у кіраваньні гарадоў і магчымасьці папулярызацыі Магдэбурскага права ў Беларусі.
Пры канцы абвясьцілі пераможцаў у штогадовай намінацыі «Чалавек году» і «Падзея году».
Магдэбурскае права мае стаць падмуркам беларускай дзяржавы
Адзін з удзельнікаў канфэрэнцыі магілёўскі гісторык Аляксандар Агееў на пытаньне журналістаў, ці можна казаць пра культ Магдэбурскага права ў Беларусі, адказаў адмоўна.
«Культу Магдэбурскага права ў Беларусі адназначна не існуе, але ёсьць уяўленьні, што гэта такое. Ёсьць настальгічныя ўяўленьні ў гісторыкаў і разуменьне у палітыкаў таго, што добра б было, каб у нас захавалася непарыўнасьць таго самакіраваньня і мы тады б з многімі праблемамі не сутыкаліся. Цяперашняя ж задача — зрабіць магдэбурскае права, калі ня культам, то нормаю, каб яно стала падмуркам для нашай беларускай дзяржавы», — адзначыў навуковец.
Паводле Агеева, веданьне пра тое, што можа даць гораду Магдэбурскае права, ёсьць, але неабходна вызначыцца як канкрэтна яго папулярызаваць і казаць, што «мы некалі кіравалі самі сабою, а значыць і сёньня можам».
Магдэбурскае права — разьнявольвала асобу
Яшчэ адзін магілёўскі гісторык Якаў Рыеў засяроджвае ўвагу на тым, што магдэбурскія вольнасьці — гэта фэномэн сярэднявечнай заходнеэўрапейскай цывілізацыі.
«Гэты фэномэн разьнявольваў асобу, дазваляў ёй быць свабоднай і гарантаваў недатыкальнасьць яе ўласнасьці», — казаў навуковец.
Большасьць беларускіх гарадоў — у фэадальнай залежнасьці
Андрэй Завадзкі з «Фонду імя Льва Сапегі» заявіў, што ў Беларусі няма мясцовага самакіраваньня. Экспэрт спасылаецца на палажэньні беларускай канстытуцыі, якія супярэчаць Эўрапейскай Хартыі самакіраваньня. Гэты дакумэнт, нагадвае ён, Беларусь адмаўляецца падпісваць.
«У 120 артыкуле беларускай канстытуцыі запісана, што мясцовыя саветы дэпутатаў, як і выканкамы, — кажа Завадзкі, — выконваюць рашэньні вышэйшых органаў улады і зыходзяць у сваіх дзеяньнях з агульнадзяржаўных інтарэсаў і толькі потым з інтарэсаў грамадзян».
Экспэрт засяродзіў увагу, што Магдэбурскае права мела для сярэднявечных гарадоў статусны характар. Выдзяляла горад як аўтаномную адміністрацыйную палітычную, эканамічную адзінку. На тэрыторыі сучаснай Беларусі было больш за 90 гарадоў з магдэбурскім правам і яны былі вольныя, нагадаў экспэрт.
«Цяпер жа ў Беларусі больш за сто паселішчаў гарадзкога тыпу і колькі зь іх маюць органы мясцовага самакіраваньня?», — запытаўся ён ва ўдзельнікаў канфэрэнцыі і сам адказаў.
«Дзесяць гарадоў абласнога падпарадкаваньня і чатырнаццаць гарадоў раённага падначаленьня, а астатнія гарадзкія паселішчы ня маюць гарадзкога самакіраваньня. Па-сутнасьці, яны растварыліся ў прылеглай мясцовасьці, у сваіх раёнах. Яны зноў падпалі ў фэадальную залежнасьць, а менавіта супраць гэтага было скіравана Магдэбурскае права».
Вяртаньне да Магдэбурскае права — сродак пераадоленьня каляніяльнага мінулага
Магдэбурскае права выхоўвала грамадзяніна эўрапейскага сьветапогляду, казала ў сваім выступе госьця з Кіева філёзаф Ірына Грабоўская. У цяперашніх рэаліях традыцыі Магдэбурскае права ўспрымаюцца, як сродак пераадоленьня каляніяльнага мінулага Ўкраіны, выбудоўваньня эўрапейскай краіны, якая мае вярнуцца ў эўрапейскую сям’і, канстатавала экспэрт.
Цяпер ва Ўкраіне рэфармуюць сыстэму мясцовага самакіраваньня. Паводле гісторыка з Кіева Кацярыны Кобчанкі пэўныя канатацыі з Магдэбурскага мінулага ў рэформах адчуваюцца.
«У рэформе не гучаць выразна традыцыі Магдэбурскага права, але апэляцыя да эўрапейскага досьведу прысутнічае, — казала экспэрт. — Многае ўзятае з тамтэйшага функцыянаваньня мясцовага самакіраваньня. Такім чынам, ва Ўкраіне, як у заходняй і ўсходняй Эўропе, мясцовыя ініцыятывы атрымліваюць больш правоў і упаўнаважаньня ў вырашэньні праблемаў сваёй мясцовасьці».
У раённым горадзе пад Кіевам Пераславе-Хмяльніцкім, прыгадала суразмоўніца, адну з вуліц назвалі вуліцай Магдэбурскага права. Гэта была мясцовая ініцыятыва, і на ўзроўні гораду быў усьвядомлены гонар за прыналежнасьць да магдэбурскіх гарадоў і традыцыі.
Магдэбурскае права — атаясамліваецца са свабодаю
У канфэрэнцыі браў удзел і гісторык з Расеі Сяргей Міхальчанка. Навуковец вывучаў гісторыю Магдэбурскага права ў гарадах Браншчыны. Ён канстатаваў, што месьцічы апынуўшыся ў Расеі, прасілі самадзержцаў вярнуць ім магдэбурскія вольнасьці. Магдэбурскае права на землях Браншчыны, казаў экспэрт, называлася «Ратушным упраўленьнем».
«Я чытаў пэтыцыю почапскіх месьцічаў да імпэратара Пятра ІІ з просьбаю вярнуць ім Ратушнае ўпраўленьне. Пэтыцыя датуецца 1727 годам», — расказаў гісторык.
Адказваючы на пытаньне, ці варта разглядаць падобныя звароты, як пратэст супраць адарваньня Браншчыны з прававога поля Эўропы, ён адказаў:
«Мы можам такі зварот трактаваць зь цяперашняга гледзішча, як імкненьне вярнуцца ў Эўропу, аднак, пра Эўропу ў дакумэнце згадак няма. Думаю, што тагачасныя месьцічы і слова такога ня ведалі. Ратушнае упраўленьне давала ім магчымасьць праводзіць свабодна таргі, займацца рамёствамі, а тут прыйшоў Меншыкаў і, па-сутнасьці, іх запрыгоніў. Яны хацелі назад у свабоднае жыцьцё. Ратушнае ўпраўленьне атаясамлялася ў іх з свабодаю».
Барацьба з дэкрэтам аб дармаедах і папулярызацыя беларушчыны — рэаліі абласнога цэнтру, які меў магдэбурскія традыцыі
Тым часам у цяперашнім Магілёве барацьба з Дэкрэтам аб дармаедзтве, паводле суполкі «Грамадзкі магістрат», стала падзеяй году. Грамату ўручылі мясцоваму палітыку Ўладзімеру Шанцаву. Ён з аднапартыйцамі сабраў блізу 900 подпісаў за скасаваньне дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства».
Чалавекам году Грамадкі магістрат вызначыў кіраўніка магілёўскай суполкі Таварыства беларускай мовы Алега Дзьячкова. Ён уганараваны за арганізацыі імпрэзаў па папулярызацыі беларушчыны і беларускасьці ў Магілёве.
«Хочацца верыць, што мая перамога ў намінацыі — знак таго, што беларушчына пакрысе адваёўвае сабе месца ў публічнай гарадзкой прасторы. І гэта ўважаюць за ўстойлівую тэндэнцыю», — пракамэнтаваў Алег Дзьячкоў сваю перамогу ў намінацыі.