Як прымусіць чыноўнікаў вярнуць беларускамоўныя класы і школы.
У гэтым навучальным годзе на беларускай мове навучаюцца 128,6 тысяч школьнікаў. З кожным годам колькасць такіх вучняў памяншаецца. У сярэдзіне 1990-х гадоў сярэднюю адукацыю на беларускай мове атрымлівалі больш за 500 тысяч школьнікаў.
Эксперт Грамадскага Балонскага камітэту Павел Церашковіч лічыць, што вяртанне адукацыі на беларускай мове трэбв пачаць не са школаў, а са стварэння паўнавартаснага беларускамоўнага універсітэту.
Прыклад Швецыі, якая ў 1950-х гадах распачала працэс пераходу вышэйшай адукацыі на ангельскую мову, паказаў, што гэта негатыўна паўплывала на шведскую.
– У шведскай мове спынілася стварэнне новай тэрміналогіі. Пасля шматлікіх дыскусій у краіне скарацілі колькасць курсаў, якія вядуцца на англійскай мове, – расказаў Павел Церашковіч выданню «Заўтра тваёй краіны».
Сітуацыю можна перанесці на двухмоўе ў Беларусі, дзе нягледзячы на дэкларацыю раўнапраўя моў, насельніцтва амаль не мае магчымасцяў атрымоўваць вышэйшую адукацыю на беларускай мове і вымушана адстойваць свае правы, каб навучацца на ёй у школах.
– Нам трэба прызнаць, што беларускамоўнае насельніцтва краіны – гэта дыскрымінаваная меншасць. І калі з вялікімі цяжкасцямі яе правы на сярэднюю адукацыю забяспечваюцца, у галіне вышэйшай адукацыі гэтых правоў фактычна няма, – адзначае Павел Церашковіч.
Ісландыя вырашыла моўную праблему арганізацыяй вышэйшай адукацыі на роднай мове але з выкарыстаннем англамоўных падручнікаў. Такім чынам, падтрымлівалася і развівалася ісландская мова, а разам з гэтым студэнты засвойвалі і мову, якая забяспечвала ім канкурэнтаздольнасць на міжнародным рынку працы.
У Фінляндыі вышэйшая адукацыя адбываецца на дзвюх мовах, і выкладчыкі універсітэтаў кожныя пяць год здаюць экзамены на веданне фінскай і шведскай.
– Як мінімум патрэбна стварыць хаця б адну ўстанову вышэйшай адкацыі з беларускамоўным выкладаннем і справаводствам. Беларускамоўнае насельніцтва мае права патрабаваць ці сваімі сіламі ствараць беларускамоўны універсітэт, – кажа Павел Церашковіч.