Наш зямляк пайшоў нават далей, бо разумеў важнасьць новых тэналёгій.
Брытанскі часопіс The Economist зьмясьціў прысьвечаны Францішку Скарыну артыкул, у якім беларускі асьветнік і першадрукар параўноўваецца з ініцыятарам Рэфармацыі і перакладчыкам Бібліі на нямецкую мову Марцінам Лютэрам (пераклад – «Радыё Свабода»).
У артыкуле адзначаецца, што сёлета спаўняецца 500 год выхаду «95 тэзісаў аб сіле і дзейснасьці індульгенцыяў» Марціна Лютэра, і да гэтага прымеркаваныя шматлікія царкоўныя і сьвецкія імпрэзы. Але 1517-ы варта памятаць і па іншых прычынах. У гэтым годзе Францыск Скарына выдаў кнігу псальмаў у роднай беларускай мове: ён быў адным зь першых, хто выкарыстаў кірыліцу. Аднак па-за межамі Беларусі, дзе ў яго гонар названыя вуліцы і адкрытыя помнікі, Скарына застаецца адным з забытых талентаў эпохі.
У публікацыі нагадваюцца асноўныя эпізоды біяграфіі Скарыны і адзначаецца, што ён «жыў надзвычай насычаным жыцьцём». Будучы маладым чалавекам, ён зьехаў у Італію і стаў у Падуі першым доктарам мэдыцыны з Усходняй Эўропы. За 40-гадовую карʼеру Скарына спрабаваў свае сілы ў мэдыцыне, філязофіі і ляндшафтным дызайне. Ён таксама шмат падарожнічаў, наведваючы Расею і маючы кантакты з герцагам Прусіі. «Хадзілі нават чуткі, што ён пазнаёміўся з самім Марцінам Лютэрам», — піша The Economist.
Хадзілі нават чуткі, што ён пазнаёміўся з самім Марцінам Лютэрам.
Скарына быў, верагодна, выхаваны як каталік, але ён прысьвяціў сваё жыцьцё вывучэньню ўсходняга праваслаўя. Ён быў першым, хто пераклаў Біблію на ўсходнеславянскую народную мову. Скарына быў адным з першых гуманістаў эпохі Адраджэньня, які ўсклаў на сябе такую задачу пасьля таго, як спробы тых, хто намагаўся гэта зрабіць у сярэднявеччы, былі бязьлітасна падаўленыя. У гэтым сэнсе ягоная праца зь Бібліяй папярэднічала Лютэру на некалькі гадоў.
Праўда, адзначае The Economist, вынік не зусім чысты. Беларуская мова была яшчэ ў зачаткавым стане, таму элемэнты царкоўнаславянскай заставаліся, як і запазычаньні з чэскай. Як Лютэр у Нямеччыне — Скарына заклаў асновы сучаснай беларускай мовы з выкарыстаньнем кірыліцы. Ягоныя элегантныя прадмовы прыводзяцца ў якасьці першых прыкладаў беларускай паэзіі.
Скарына не перакладаў Біблію акадэмічна: ён хацеў, каб простыя людзі чыталі Слова Божае і ўсьвядомілі яго. Ягоная «Маленькая падарожная кніжыца», кніга малітваў, была прызначана для сьвецкіх асобаў. Скарына зьвяртаўся да чытачоў наўпрост, нагадваючы ім, што кніга і «зьмяшчае дух мудрасьці». Тут ёсьць падабенства зь Лютэрам, які сьцьвярджаў, што «просты сьвецкі чалавек, узброены Пісаньнем» пераўзыходзіў клірыкаў безь яго.
У параўнаньні паміж Скарынам і Лютэрам можна пайсьці далей, піша The Economist. Як пратэстанцкі рэфарматар, Скарына разумеў важнасьць новых тэхналёгій. Ён першы выкарыстаў друкаваны прэс у Вільні. Скарына быў выдатным гравёрам, таксама: ягоныя яркія гравюры з біблейскімі пэрсанажамі ў традыцыйных беларускіх строях былі разьлічаныя на тое, каб малапісьменныя грамадзяне здолелі зразумець рэлігійныя ідэі. Інавацыі, якія захлынулі Эўропу, не спыніліся на Вісьле: увасобленая ў Скарыне, Усходняя Эўропа мела бліскучую культуру Адраджэньня.
Скарыну не хапала міжнароднай вядомасьці, таму што ніколі не існавала праваслаўнай рэфармацыі, піша The Economist. У адрозьненьні ад Лютэра, у яго не было жаданьня разбурыць структуру царквы. Марцін Лютэр стаў вядомы тым, што зьмяніў эўрапейскую гісторыю; У Скарыны не было такіх амбіцыяў.
Тым ня менш, Скарына застаецца папулярным сярод сваіх суайчыньнікаў — беларусаў: паводле апытаньня 2012, Скарына названы самым вядомым беларусам.
Мерапрыемствы, прысьвечаныя 500-годдзю ягоных першых перакладаў, дапамогуць зрабіць больш вядомымі здабыткі Скарыны на міжнародным узроўні. ЮНЭСКА арганізавала шэраг мерапрыемстваў у справе дасьледаваньня ягонага ўплыву на беларускую літаратуру, друк і масавую культуру.
Францыск Скарына, падсумоўвае The Economist, павінен быць побач з Лютэрам як адна з найвялікшых фігур эўрапейскай культуры.