Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Чаму русыфікуюцца віленскія палякі

04.02.2017 общество
Чаму русыфікуюцца віленскія палякі

Cтагодзьдзямі на Віленшчыне мяняліся этнічныя межы, мовы, культуры і сьвядомасьць.

Прачытаўшы матэрыял калегі Дзьмітрыя Гурневіча «Віленшчына — прарасейская Вандэя ці воўк у авечай скуры?», зь якога вынікала што больш за 50 працэнтаў віленскіх палякаў глядзяць расейскую тэлевізію, каля 65 працэнтаў зь іх пазытыўна ставяцца да Ўладзіміра Пуціна, а ў мове віленскай польскай моладзі русіцызмы складаюць аж 84 працэнты, я не зьдзівіўся.

Віленскія журналісты, грамадзкія актывісты і палітыкі даюць такой зьяве сваё вытлумачэньне. А я ў гэтай сувязі гляджу ў далёкае мінулае нашых зямель і, часам, думаю, наколькі цьмяна мы ўяўляем сабе этнагенэз беларусаў і літоўцаў і якія дрымучыя прорвы яшчэ зеўраюць у глыбіні стагодзьдзяў! Патрэбныя, відаць, дзьве-тры сотні супэрадукаваных гісторыкаў зь веданьнем сучасных і старажытных моваў і дзясяткі гадоў карпатлівай працы, каб зразумець, як у першым і пачатку другога тысячагодзьдзяў праходзіла сужыцьцё славян і балтаў у нашым краі, як адбываўся сымбіёз і сынтэз культур, моў і тоеснасьцяў, як далёка тэрытарыяльна прасунуліся крывічы ў балцкі абшар у першым тысячагодзьдзі, хто яны, уласна кажучы, такія і т.д.

Вось, напрыклад, да пытаньня, ці толькі балты былі да XIV-XV стагодзьдзяў нехрышчоныя. Чытаю ў Рымвідаса Пятраўскаса сьпісы арыстакратыі ВКЛ у сярэдзіне XV стагодзьдзя. Якія імёны! І пра што яны сьведчаць! Дабрагост Нарбутавіч, Дабяслаў Кезгайлавіч... Перш чым пахрысьціцца, гэтыя балты прынялі славянскую культуру!

І так вось стагодзьдзямі на Віленшчыне мяняліся этнічныя межы, мовы, культуры і сьвядомасьць. Балты, славяне, русіны, ліцьвіны, палякі, літоўцы, беларусы, расейцы... Прычым у залежнасьці ад поглядаў камэнтатара, парадак у гэтым шэрагу можа быць розны.

Мапу ў вялікім фармаце глядзіце тут.

Лінгвістычная мапа Віленшчыны. 1914 год

У 1990 годзе я працаваў у навукова-дасьледчым аддзеле Беларускага дзяржаўнага музэю народнай архітэктуры і побыту, гэта значыць прафэсійна займаўся этнаграфіяй Беларусі. Этнаграфія — гэта навука, якая побач з нематэрыяльнымі артэфактамі апэрыруе і зусім матэрыяльнымі — гаспадарчым інвэнтаром, тыпамі жытла і гаспадарчых пабудоў, адзеньнем, ручнікамі, тыпам арнамэнту і т.д. І ў гэтым сэнсе яна — зусім дакладная навука. Этнографы дакладна ведаюць, які народ або якая яго частка якія хаты будуе, як іх упрыгожвае і як ахоўвае пры дапамозе розных абярэгаў. Дуда, напрыклад была распаўсюджана толькі на крывіцкіх абшарах Беларусі — прычым, дзьвінскіх крывічоў, не дняпроўскіх. Толькі крывічы будавалі пэрсанальныя лазьні пры сваіх падворках і менавіта яны арганізоўвалі свае сядзібы паводле тыпу вянка — гэта значыць, закрытага жылымі і гаспадарчымі пабудовамі з усіх бакоў чатырохкутнага падворку з высокай уязной брамай-плотам. Вянкі ўласьцівыя і дняпроўскім, і дзьвінскім крывічам.

І вось прыйшоўшы працаваць у Музэй, я са зьдзіўленьнем даведаўся, што вянкі цягнуцца па ўсёй Магілёўшчыне, Віцебшчыне, Віленшчыне і канчаюцца на захад ад Трокаў. Гэта матэрыяльны доказ колішняй (магчыма ня першаснай) этнічнай прыналежнасьці насельнікаў тых абшараў да крывічоў.

Аднойчы ў тым жа 1990 годзе я быў са сваім сэктарам у экспэдыцыі ў вёсцы Варашылкі Мядзельскага раёну. Яна была базавай для нашага музэю, адтуль было перавезена пад Менск, у музэйны сэктар Паазер’я некалькі хатаў і гаспадарчых пабудоў. Жылі ў той вёсцы каталікі, якія лічылі сябе палякамі. Размаўлялі на цудоўнай віленскай беларускай мове — «плян», «генэрал», «пэнсія», «кішанёх» — чыстай тарашкевіцы. У адзін зь дзён да нас далучыўся мастак Алесь Цыркуноў, які непадалёк купіў сабе хату. Алесь размаўляў звычайнай беларускай мовай, а я, натуральна, як талаковец, ужо перавучыўся і казаў «сыстэма», «апанэнт», «балён», «газэта», «вачох» і т.д. Падчас размовы з адной старой цёткай, якая сьцьвярджала, што яна палячка, мы спыталіся ў яе, а хто ж, на яе думку, мы. Цётка, прыжмурыўшы вочы, уважліва паглядзела на нас і сказала, паказваючы на Цыркунова: «Во гэты беларус, а гэты (паказваючы на мяне) паляк»... Калі ж мы спыталі, як яна адрозьнівае беларусаў ад палякаў, яна прывяла прыклад. Маўляў, калі ў 1939 годзе прыйшлі саветы, дык адразу вывесілі абвестку з запрашэньнем на «гутарку». «А мы, — казала цётка, — стаялі і думалі, а што такое гэтая „гутарка“? Такога слова мы ніколі ня ведалі і ня чулі». «Дык а як па вашаму?» — спыталіся мы. «Бяседа» — з гонарам адказала палячка...

Так што цяперашнія зьмены мовы, культуры і сьвядомасьці для жыхароў Віленшчыны — далёка ня першыя. І, хутчэй за ўсё, не апошнія.

Сяргей Абламейка, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]