Мсьціслаўскі школьнік сваімі довадамі паставiў на месца дырэктара Расейскага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў.
Таварыства беларускай мовы ў Магілёве ўзнагародзіла пераможцаў інтэлектуальнага спаборніцтва «Беларускае пяціборства». За многія гады правядзеньня спаборніцтва арганізатары адзначылі, што ўдзельнікі паказалі добры ўзровень валоданьня беларускай мовай.
Пераможцаў узнагародзілі дыплёмамі, ухвальнымі граматамі ды спэцыяльнымі прызамі. Знаўцы беларускай мовы атрымалі і кнігу з сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе» — «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам», паведамляе («Радыё Свабода» http://www.svaboda.org/a/28280355.html).
Сёлетняе «Пяціборства» самае магутнае па выніках за ўсе гады правядзеньня
Сёлета «Беларускае пяціборства» ТБМ разам з Дзяржаўным унівэрсытэтам імя Куляшова правяло ў 16 раз. За перамогу ў пяці намінацыях змагаліся 32 школьнікі. Пераможцамі сталі вучні з Амсьціслава, Магілёва і пасёлка Дараганава, што ў Асіповіцкім раёне. Іх узнагароджвалі ў грамадзкім цэнтры «Кола» перад справаздачным сходам магілёўскай суполкі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.
«Сёлетняе „Беларускае Пяціборства“ аказалася самым магутным па балах, чым усе ранейшыя. Адказы на пытаньні па мове нас асабліва парадавалі, — камэнтуе вынікі спаборніцтва адзін з арганізатараў Міхась Булавацкі. — Сёлета мова ўдзельнікаў была істотна лепшай. Я пакуль не хацеў бы казаць, што пачынаецца ўздым вывучэньня мовы. Мне падаецца, што гэта разавае адхіленьне ў прыемны бок. Паглядзім, як будзе ў наступным годзе. Сёлета ж нас вынікі парадавалі».
Удзельнікі спаборнічалі ў ведах па пяці школьных дысцыплінах — матэматыцы, прыродазнаўстве, гісторыі, а таксама па літаратуры і мове. Свае адказы яны меліся падаваць на беларускай мове, якасьць якой улічвалася падчас падвядзеньня вынікаў.
Гісторыя «Тарашкевіцы» — адказ расейскаму стратэгу Рашэтнікаву
Пераможцам на Пяціборстве стаў вучань з Амсьціслава Мацьвей Дашкевіч. Ён прыхільнік дарэформеннага беларускага правапісу.
У адным з заданьняў арганізатары прапанавалі спаборнікам адказаць сваімі довадамі дырэктару Расейскага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Леаніду Рашэтнікаву на ягоны закід, што, нібыта, беларускую мову стварылі «пастановай пасяджэньня аргбюро ЦК ВКП(б) у 1926 годзе» Мсьціслаўскі школьнік у сваім довадзе згадаў Граматыку беларускай мовы Браніслава Тарашкевіча, якую мовазнаўца выдаў у 1918 годзе.
З Мацьвем пагутарыць не ўдалося. На ўрачыстасьць узнагароджаньня ён прыехаць ня змог. У 2015 годзе амсьціславец быў трэцім на Пяціборстве. Летась прыхільнік клясычнага беларускага правапісу атрымаў спэцыяльны прыз за найлепшыя веды па гісторыі.
«Я працытаваў выказваньне Рашэтнікава і прапанаваў спаборнікам паспрачацца з расейскім стратэгам наконт кароткага веку беларускай мовы і Беларусі, як гістарычнай часткі Расеі, — казаў Міхась Булавацкі, адзначаючы довады ўдзельнікаў беларускага спаборніцтва на словы дырэктара Расейскага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў. — Чытаючы адказы, мяне цешыла, што ўдзельнікі маглі б годна спрачацца з гэтым стратэгам, — Яны б яму нагадалі пра мову статутаў Вялікага княства Літоўскага, пра скарынаўскую біблію і „Мужыцкую праўду“ Кастуся Каліноўскага».
Далучыцца да беларускага космасу
Вучань дзясятай клясы 21 магілёўскай школы Ільля Касакоў ня першы раз удзельнічае ў Пяціборстве і кожны раз ён сярод пераможцаў. Сёлета хлопец паказаў другі вынік, але перамог у намінацыі «Прыродазнаўства» ды «Гісторыя». Летась Ільля на Пяціборстве быў першым.
«Удзел у „Пяціборстве“ для мяне магчымасьць далучыцца да беларускага космасу. Выйсьці за межы беларускай мовы і літаратуры. Спраўдзіць свае веды ў іншых дысцыплінах па-беларуску. Важна разьвівацца, не стаяць на месцы. Кожная мова мае сваю каштоўнасьць, як і любая матэрыяльная спадчына, таму яе трэба берагчы», — пракамэнтаваў Ільля свой удзел у «Беларускім Пяціборстве».
Практыка дапамагла авалодаць моваю
Найлепшае веданьне беларускай мовы паказала на Пяціборстве школьніца зь мястэчка Дараганава Ксенія Сітнік. Яна таксама ня здолела прыехаць у Магілёў. У тэлефоннай гутарцы з журналістам Свабоды дзяўчына адзначыла, што мове яе навучылі настаўнікі.
«Ад трэцяй клясы я з маці ўдзельнічала ў краязнаўчых конкурсах. Іх праводзіла наша настаўніца беларускай мовы Жанна Караленя, а зь ёю трэба было гаварыць толькі на беларускай мове. Такая практыка дапамагла авалодаць моваю з пачатковых клясаў, — казала Ксенія — А ў старэйшых клясах беларускай мове вучыў настаўнік Мікола Тамашоў. Ён таксама гаварыў з вучнямі па-беларуску, чым падахвочваў іх да вывучэньня мовы. Першая мая настаўніца Ала Паходава прывучыла мяне ўдзельнічаць у школьных алімпіядах, чым дапамагала мне пракласьці дарогу да беларускасьці».
Ксенія заўсёдніца моўных алімпіядаў. У Пяціборстве ж яна ўдзельнічала ўпершыню. Як адзначала дзяўчына, прывабіла яе да ўдзелу ў спаборніцтве кніжная лятарэя. У розыгрышу, кажа яна, былі надта цікавыя кнігі на розныя тэмы, і не займець адну зь іх было б не даравальна.
«Заданьні на Пяціборстве былі павышанага ўзроўню. Адказы на іх можна знайсьці не ў саміх школьных падручніках, а ў дадатковай літаратуры, сьпіс якой звычайна падаюць на апошніх старонках падручнікаў. Вядома ж, творчы ўзровень у падачы заданьняў на Пяціборстве быў іншым, чым у школе. Гэта было незвычайна», — падзялілася ўражаньнямі Ксенія Сітнік.
Вывучыць мову за год і перамагчы на Пяціборстве
Першы раз удзельнічаў у Пяціборстве Ўладзіслаў Астрашаб. Ён вучыцца ў дзясятай клясе магілёўскага ліцэю № 1. У хлопца на Пяціборстве — трэцяе месца. Па яго словах, на спаборніцтве яму цяжка даліся заданьні па гісторыі, аднак, агульным вынікам ён задаволены.
«Беларускае пяціборства» — добрая альтэрнатыва алімпіядам, якія праводзяцца на расейскай мове», — адзначыў Ўладзіслаў.
«Я гавару па-беларуску ў сям’і. Пішу сябрам па-беларуску. Авалодаць мовай дапамагла практыка. Можна сказаць, што беларускую мову я вывучыў за год», — пахваліўся хлопец.
Беларусы пакуль не зразумелі наколькі важная і дарагая моўная спадчына
Адзінаццаціклясьніца Аліна Палагіна з 43 магілёўскай школы заняла чацьвёртае месца на Пяціборстве. Яна паказала найлепшы вынік па літаратуры. Любоў да беларускай мовы дзяўчыне прывіла настаўніца Алена Асіповіч. Паводле Аліны, у яе шмат сяброў, якія гавораць па-беларуску.
«Моладзь толькі пачынае свой шлях да беларускасьці, — казала Аліна. — Многія беларусы пакуль не зразумелі, наколькі важная і дарагая моўная спадчына».
«Удзел у „Беларускім Пяціборстве“ — гэта як сустрэцца з сваёй роднай краінаю і ўбачыць яе па-іншаму, — адзначала Аліна. — Гэта дужа важна, бо ўсюды пакуль трымаюцца пазыцыі, што ўсе, калі гавораць па-расейску, то так і трэба. Але гэта ня равільна. Усё ж пачынаецца са слова, з жаданьня быць не такім, як усе».
Упершыню інтэлектуальнае спаборніцтва прайшло ў 1999 годзе. Міхась Булавацкі высьветліў, што заданьні алімпіядаў па матэматыцы прапануюцца школьнікам толькі на расейскай мове, і паспрабаваў арганізаваць нефармальную алімпіяду па-беларуску. Ад 2001 году спаборніцтва праводзіцца па пяці прадметах школьнай праграмы.