Вакаліст Sepultura Дэрык Грын носіць пашпарт у вокладцы з беларускім арнаментам, які сімвалізуе каханне, дабрабыт ды свабоду.
Вокладку яму падарыла беларуска Юля падчас канцэрта метал-зорак у мінскім клубе Re:Public некалькі гадоў таму. Гэта быў дзень знаёмства музыкі і дызайнеркі скураных аксесуараў, якое перарасло ў каханне.
"Я з дзяцінства люблю менавіта цяжкую музыку, і на той час слухала Sepultura ужо гадоў восем, — распавядае Юля euroradio.fm гісторыю знаёмства з Дэрыкам. — Я прынесла бранзалеты — хацела падарыць удзельнікам. Мы былі з сяброўкай, яна не размаўляла па-англійску, і ў грымёрцы пасля канцэрта я больш перакладала для яе. Размовы былі ні пра што і пра ўсё на свеце, бо музыкі гурта — вельмі адкрытыя людзі".
Юля пакінула Дэрыку свае адрасы ў сацсетках, і той адразу яе адшукаў. Пачалася перапіска. Потым ― сустрэчы ў розных гарадах. Потым Юля паехала ў Сан-Паулу ў госці да музыкі, а пасля Новага года Дэрык Грын наведаў Мінск.
"Ён хацеў паглядзець, як мы жывем. Яму цікавая наша культура. Ён цікавіўся, які ў нас самы папулярны рок-гурт. Аднак узроўню Sepultura я каманд не прыгадала, таму назвала "Песняроў". Яшчэ пытаўся пра нашы народныя песні, — працягвае дзяўчына. — Праўда, былі акурат лютыя маразы, -24, а ён не любіць холад і снег. Таму гулялі не шмат. Па вуліцы Дэрык хадзіў цалкам заматаны — я звязала яму шалік, каб ён не замерз. Яго было цяжка пазнаць, хаця мы і ў метро спускаліся. Пазналі ў Гранд-кафэ, дзе мы часта бывалі".
Пра Дэрыка Юля можа доўга распавядаць. Кажа, каб мы пісалі больш пра яго, маўляў, ён вельмі класны і адкрыты чалавек, заўсёды адказвае сваім фанатам.
"Я, шчыра кажучы, у шоку дагэтуль, — смяецца Юля. — Ён ― як беларус, душа ў яго беларуская".
I had the most incredible time with my love, I can't thank you enough!! I feel very fortunate to be together with you.❤️ Now it's back to work!!!🤘🏾!!
Фото опубликовано Derrick Green 🤘🏾 (@derrickgreenofficial) Янв 22 2017 в 7:42 PST
Дэрык — вегетарыянец, таму ў Мінску знайсці нешта добрае і вегетарыянскае было няпроста. Аднак з беларускай кухняй амерыканскі музыка пазнаёміўся ў Юлі дома: палюбіў дранікі, варэнікі з бульбай і грыбамі, вегетарыянскі боршч і грыбны суп. А яшчэ з Мінска Дэрык Грын прывёз майку "Слухай сваё" і цяпер марыць пра яшчэ адну, дзе назва нашай краіны будзе напісаная кірыліцай, бо, мяркуе музыка, з надпісам па-англійску майка з Беларусі губляе канцэпт.
Увесну Юля едзе да Дэрыка ў Бразілію. Пасля гэтага пара плануе пачаць жыць разам, хутчэй за ўсё, на радзіме музыкі, у ЗША.
"У кожным выпадку, я паеду за ім, як жонка дзекабрыста", — смяецца дзяўчына.
У будучыні Юля збіраецца весці гаспадарку і працягне займацца скуранымі вырабамі. Дарэчы, Дэрык носіць упрыгожанні, зробленыя каханай: бранзалет і падвеску.