Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Мы павінны прапагандаваць Скарыну ў сьвеце»

07.02.2017 культура
«Мы павінны прапагандаваць Скарыну ў сьвеце»

Беларусы павінны друкаваць на розных мовах і альбомы, і творы, і скарыназнаўчыя працы — прасоўваць постаць Скарыны рознымі шляхамі.

Брытанскі часопіс The Economist параўнаў Францішка Скарыну з Марцінам Лютарам. Што мусіць ведаць пра беларускага першадрукара заходні чытач, і чаму найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода Беларусі — ордэн Скарыны — патрабуе «рэдагаваньня»? «Свабодзе» распавёў скарыназнавец Вячаслаў Чамярыцкі.

— Спадар Вячаслаў, The Economist, параўнаўшы Скарыну зь Лютарам, зрабіў выснову, што Лютар зьмяніў эўрапейскую гісторыю, а Скарына і памкненьняў такіх ня меў. Ці можам мы з гэтым пагадзіцца?

— Вядома ж, Скарына не перавярнуў эўрапейскую гісторыю, як тое зрабіў Лютар, але ён стаў першым кнігадрукаром ва ўсёй усходняй Эўропе. Ніхто да яго на вялізным абшары не дадумаўся друкаваць кнігі. Нават у недалёкім ад беларускіх земляў Кёнігсбэргу (цяперашнім Калінінградзе) друкарня зьявілася пазьней. Таму ўчынак Скарыны сапраўды эпахальны — за кароткі час, літаральна за тры гады, ён выпусьціў у сьвет тысячы асобнікаў Бібліі, прытым на самым высокім мастацкім узроўні! Каб ад рукі перапісаць столькі кніг, спатрэбіліся б дзесяцігодзьдзі і дзясяткі пісцоў.

— The Economist піша, што Скарына невядомы за межамі Беларусі. Аўтару тыднёвіка, вядома, відней, хоць імем «невядомага» Скарыны ў тым жа Лёндане названая бібліятэка-музэй. Пра Скарыну на Захадзе ведаюць толькі адмыслоўцы?

— Ну, адукаваныя людзі, гуманітарыі ўсё ж пра Скарыну ведаюць. Але інфармацыі, вядома ж, не хапае. У 1990 годзе ў Парыжы выйшаў нарыс пра нашага першадрукара на ангельскай і францускай мовах. Дык гэта ўжо дваццаць сем гадоў таму. Калі ў пачатку 90-х гадоў мы выдалі сэрыю кніг да 500-х угодкаў Скарыны, я пацікавіўся ў Вітаўта Кіпеля, ці трапілі яны ў ЗША. Аказалася — трапілі, прычым у бібліятэкі розных штатаў.

— Згадваецца складзены Вітаўтам Тумашам бібліяграфічны даведнік «Пяць стагодзьдзяў Скарыніяны» (1989) — там адзначана нямала публікацый і ў замежным друку.

— Гэта так. Але ж гэта бібліяграфія, яна не для масавага чытача. Таму шырока спадчына Скарыны, яго дзейнасьць на Захадзе невядомыя. Мы самі павінны прапагандаваць Скарыну ў сьвеце, ніхто за нас гэтага ня зробіць. Мы павінны друкаваць на розных мовах і альбомы, і творы, і скарыназнаўчыя працы — прасоўваць постаць Скарыны рознымі шляхамі. Скажам, у 1992 годзе я быў на навуковых канфэрэнцыях у Падуі і Вэнэцыі. Дык мы тады на сьцяне Падуанскага ўнівэрсытэту памятную дошку прымацавалі і цэлую бібліятэчку кніг скарыназнаўчай тэматыкі падаравалі. І, вядома ж, трэба дасьледаваньні праводзіць у старых бібліятэках. Вось нядаўна знайшлі ў Нямеччыне ў адной зь бібліятэк цэлы блёк Скарынавых кніг.

— Брытанскі тыднёвік прадставіў Скарыну гэткім сабе вандроўнікам, які «шмат падарожнічаў, наведваў Расею». З чым былі зьвязаныя гэтыя «падарожжы» Скарыны?

— Францішак Скарына ня проста вандраваў, ён заўсёды езьдзіў па справах — у пошуках працы, друкароў, друкарскага начыньня, паперы. Ён у пэўным сэнсе быў прадпрымальнікам. Калі памёр брат Іван, Францішку на складзе ў Познані дасталіся тысячы скураў, ён жа мусіў зь імі нешта рабіць. Ды і кнігам сваім ён павінен быў шукаць збыт. Дакладна невядома, ці сам Скарына вазіў іх у Маскву, ці яго мэцэнат Багдан Онкаў. Але ён імкнуўся пашырыць свае выданьні, каб пра іх ведалі ва ўсіх канцах усходняй славяншчыны. Калі справы ў Вільні ўскладніліся, Скарына нават да герцага Прусіі езьдзіў. Ён быў сапраўды цікаўны і няўрымсьлівы. Сёньня і ўявіць няпроста, як ён паехаў у далёкую незнаёмую Падую здаваць іспыт на доктара лекарскіх навук на лацінскай мове! Трэба ж было ведаць тагачасны ўзровень мэдыцыны. Калі ён пасьпеў яе асвоіць на такім узроўні, што прафэсары, якія прымалі іспыт, зьдзіўляліся і галасавалі аднагалосна? Цікава, што ў Падуі Скарына зарэкамэндаваўся сакратаром караля Даніі. І сапраўды, нядаўна наш дасьледчык-лацініст Алесь Жлутка знайшоў матэрыялы, якія сьведчаць, што ён насамрэч быў тым сакратаром. Зьдзіўляе, як ён усюды пасьпяваў. І сёньня надрукаваць кніжку няпроста. А Скарына — распачаў кнігадрукаваньне!

— The Economist называе мову Скарыны «ўсходнеславянскай», на якую ён і пераклаў Біблію. А вы які тэрмін тут дапускаеце?

— Я лічу, што аўтар артыкула вельмі далікатна выказаўся пра мову Скарыны. Бо сам Скарына называў сваю мову «рускай», з-за чаго ў людзей недасьведчаных можа ўзьнікнуць у галаве блытаніна. Але так у часы Скарыны называлася мова, якой карысталіся на беларускіх і ўкраінскіх землях, якая была дзяржаўнаю ў ВКЛ. Фактычна, Скарына працягваў беларусізаваць мову рэлігійнай літаратуры. Некаторыя цяперашнія дасьледчыкі называюць мову Скарыны старабеларускай, другія — царкоўнаславянскай у беларускай рэдакцыі. Сапраўды, калі гаварыць пра іншыя творы таго часу, то мова Скарыны ўтрымлівае больш архаічных элемэнтаў. Мова «Хронікі Быхаўца» ці Статуту ВКЛ больш беларуская. Але важна тое, што біблейскія героі ў скарынаўскіх перакладах пачалі гаварыць зь беларускім акцэнтам, на такой царкоўнаславянска-беларускай трасянцы. У The Economist недакладна гаворыцца, што Скарына заклаў асновы сучаснай беларускай мовы. Але і самая найвыдатнейшая асоба асновы мовы не закладае. Мову закладае народ. Старабеларуская мова, нават літаратурная мова, ужо існавала і да Скарыны, а ў ХV-ХVІ стагодзьдзях яна была дзяржаўнай, на ёй пісаліся творы, статуты, летапісы і хронікі. Вельмі разьвітым было і сьвецкае, і дзелавое пісьменства на старабеларускай мове. Скарына ж замацаваў беларускія элемэнты ў Бібліі, у канфэсійнай літаратуры. Дзякуючы гэтаму, пасьлядоўнікі Скарыны — Васіль Цяпінскі і Сымон Будны — больш сьмела ўжывалі гэтую мову ў рэлігійных творах.

— «Біблія руска» — чытаем мы на Скарынавай Бібліі. Сыходзячы з аднаго гэтага, Масква ў свой час магла прысабечыць Скарыну і абысьціся безь Івана Фёдарава. Чаму так не адбылося?

— Ну, Скарына нарадзіўся ўсё ж у ВКЛ, а не ў Масковіі. У выпадку яго «прысваеньня» Фёдараў выглядаў бы дробнай фігурай, бо ён толькі праз паўстагодзьдзя пачаў друкаваць кніжкі, і то прыехаўшы ў Астрог, у ВКЛ. Мы працяглы час належалі да розных дзяржаваў, таму расейцы доўга Скарыну папросту замоўчвалі. І толькі ў ХХ стагодзьдзі шырэй сталі вывучаць. Вядомы кнігазнаўца Яўген Неміроўскі цэлыя манаграфіі друкаваў. Тады ж у працах па гісторыі расейскага кнігадрукаваньня пачалі гаварыць пра Скарыну як папярэдніка Фёдарава.

— Ня ведаю, што напісана на мэдалі Скарыны, якім вы былі ў свой час узнагароджаныя, а вось на ягоным ордэне імя падвойнае — Францыск Георгій. Чаму Скарыну ўвесь час прыпісваюць гэтага «Георгія»?

— На мэдалі — толькі «Францыск Скарына». Адкуль узяўся Георгій? У адной прывілейнай грамаце 1532 году перад прозьвішчам Скарыны стаіць слова «аgregius», што значыць «выдатны, славуты». «Аgregius» перакруцілі ў «Georgius» і — пайшло-паехала. Хоць наш вядомы дасьледчык-скарыназнавец Георгі Галенчанка ня так даўно адшукаў арыгінал таго прывілею з «аgregius». «Georgius» сустракаецца толькі ў рукапіснай копіі. І многія сьвядома пачалі выдумваць, нібыта Скарына быў вымушаны зьмяніць праваслаўнае імя Георгій на каталіцкае Францыск, каб паступіць у каталіцкі ўнівэрсытэт. Але ж у тагачасных каталіцкіх унівэрсытэтах у Заходняй Эўропе вучыліся і Георгіі.

— Дык што, ордэн Скарыны трэба «падрэдагаваць»?

— Абавязкова! Пісаць на ордэне Скарыны падвойнае імя — гэта недарэчнасьць і памылка.

— Як вы як скарыназнавец са стажам успрынялі той факт, што імя Скарыны было забранае ў галоўнага менскага праспэкту і перанесенае на сталічныя задворкі? Вуліца Скарыны цяпер знаходзіцца за кружной дарогай, у мікрараёне «Ўручча».

— Гэтае перайменаваньне я ўспрыняў як вялікую несправядлівасьць. Скарына — знакавая асоба ў гісторыі Беларусі. Нават The Economist прызнае, што Францішак Скарына — самае вядомае беларусам імя. Таму праспэкт імя Скарыны, які зьвязвае захад Эўропы з усходам, быў вельмі дарэчы. Праспэктам Незалежнасьці можна было назваць праспэкт Дзяржынскага. У Менску і Грунвальдзкі праспэкт павінен быў зьявіцца. Нашы вуліцы павінны быць ачышчаныя ад дзеячоў, якія ня толькі не пакінулі значнага сьледу ў гісторыю Беларусі, але часам сьвядома шкодзілі нам.

— Цяпер ідзе грамадзкая дыскусія адносна наданьня імя Скарыны Нацыянальнаму аэрапорту альбо Нацыянальнай бібліятэцы. Вы за які варыянт?

— Я за тое, каб імя Скарыны было нададзена Нацыянальнай бібліятэцы. Ён жа кнігадрукар, ды і помнік добры там стаіць. Неяк я быў у Армэніі, дык ерэванскі..

— Цяпер ідзе грамадзкая дыскусія адносна наданьня імя Скарыны Нацыянальнаму аэрапорту альбо Нацыянальнай бібліятэцы. Вы за які варыянт?

— Я за тое, каб імя Скарыны было нададзена Нацыянальнай бібліятэцы. Ён жа кнігадрукар, ды і помнік добры там стаіць. Неяк я быў у Армэніі, дык ерэванскі Інстытут старажытнай кнігі і рукапісаў носіць імя Месропа Маштоца, які вынайшаў армянскі алфавіт. А аэрапорт я б назваў імем Каліноўскага, які выдаваў першую беларускую газэту, які аддаў сваё жыцьцё за Беларусь. Нацыянальны аэрапорт імя Кастуся Каліноўскага — няблага ж гучыць!

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]