Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Беларуская - мова майго сэрца»

10.02.2017 культура
«Беларуская - мова майго сэрца»

Перакладчык Арамаіс Мірак’ян пра творчасьць і неабмежаваныя магчымасьці, нягледзячы на дыягназ ДЦП.

Ён піша мастацкую прозу, вершы і эсэ, навучаецца на вэб-журналіста ў БДУ і займаецца ў Школе маладога пісьменьніка, гаворыць шасьцю мовамі, перакладае з украінскай на беларускую, гадуе маленькую дачку Нікаліну. І ўсё гэта — у дваццаць адзін год пасьля змаганьня са страшным дыягназам — дзіцячы цэрабральны параліч.

Менскі літаратар Арамаіс Мірак’ян, армянін па паходжаньні, у інтэрвію «Радыё Свабода» распавёў, чаму беларуская для яго — мова сэрца, а таксама падзяліўся сакрэтамі творчай энэргіі. Зь дзяцінства Арамаіс жыве з дыягназам ДЦП, лекары прагназавалі: хлопчык ніколі ня зможа хадзіць. Цяпер малады чалавек самастойна вандруе, і гэта не адзінае, чым Арамаіс зьдзіўляе свае атачэньне.

Арамаіс Мірак'ян (другі справа) сярод пераможцаў конкурсу эсэ і перакладаў сучаснай украінскай літаратуры на беларускую мову

Напрыканцы студзеня ва ўкраінскай амбасадзе Мірак’яну ўручылі ганаровы дыплём як аднаму зь пераможцаў конкурсу эсэ і перакладаў сучаснай украінскай літаратуры для маладых творцаў.

— Арамаіс, прыгадай, як ты прыйшоў у літаратуру? З чаго ўсё пачалося?

— Я заўжды цікавіўся словам і ў пэўны момант пачаў усьведамляць, што мне мала рускай і беларускай літаратуры. Тады я вырашыў паспрабаваць для пачатку проста чытаць на замежных мовах. І бліжэйшай аказалася ўкраінская. Я думаў, што спатрэбіцца слоўнік, але амаль усё зразумеў і бяз слоўніка. Ва ўкраінскай літаратуры я знайшоў столькі твораў, вартых таго, каб прагучаць па-беларуску, а перакладаў ці не было, ці яны падаваліся мне далёкімі ад сутнасьці. Нават цяжка дакладна ўзгадаць, калі я зрабіў свой першы пераклад, гэта было яшчэ ў школе.

— А як склаўся лёс пасьля школы?

— У 11 клясе паўстала пытаньне, куды паступаць. Я марыў пра вэб-журналістыку. Мэтанакіравана рыхтаваўся да журфаку БДУ. Тым часам лекары сабралі цэлы кансыліюм і абвясьцілі: «Ведаеш, у тваім выпадку нельга ісьці вучыцца на журналіста». Паводле сьпісу прафэсіяў, да якіх я прыдатны па сваім стане здароўя, мне, бач ты, забаронена быць журналістам! А сьпіс той састарэў гадоў на трыццаць. Я ж усё адно буду пісаць! Так і сказаў дактарам. Яны пытаюцца: «А што, калі мы будзем супраць?» Тады я ўбачыў, што гэта фактычна забарона на прафэсію. Але ж спыняцца не зьбіраўся, быў гатовы дайсьці да Міністэрства адукацыі, да вышэйшых інстанцыяў. Я хацеў і хачу жыць у Беларусі і працаваць тут, а не зьяжджаць у эміграцыю, як некаторыя знаёмыя з інваліднасьцю. Шмат хто з нас ня здолеў рэалізаваць сябе на Радзіме.

Нарэшце мне сказалі: «Мы зробім выключэньне і дазволім, але пры адной умове: ты ня будзеш падаваць дакумэнты на міжнародную журналістыку, бо яна зьвязаная з камандзіроўкамі». Дзіўна, але гэтыя дактары ня ведалі, што з інваліднасьцю, аказваецца, можна вандраваць па сьвеце...

Наступнай цяжкасьцю было цэнтралізаванае тэставаньне. У беларускай сыстэме адукацыі вынікі ЦТ правярае кампутар, і на блянку адказаў трэба абавязкова паставіць крыжык роўна ў квадраціку, не выходзячы па-за межы. А ў мяне ёсьць невялікае дрыжаньне рук, і я не трапляў у квадрацік. Таму адказы ў нас правяраў чалавек, а не кампутар. У мяне і яшчэ ў аднаго хлопца бяз рук і бяз ног. Дарэчы, іспыт ён здаў проста бліскуча.

Арамаіс Мірак’ян сярод заўзятараў футбольнага клюба «Крумкачы»

— Ты гадаваўся ў расейскамоўнай сям’і. А як прыйшоў да беларускай мовы?

— Гэты шлях ня быў простым. У 10 клясе я зацікавіўся гісторыяй. І вельмі пашэнціла з настаўнікам, які прыносіў розныя падручнікі, выдадзеныя яшчэ на пачатку 90-х гадоў, дзе нашая гісторыя падавалася глыбока і асэнсавана. Праз гэтае захапленьне я пачаў паступова пераходзіць на беларускую ў штодзённым жыцьці. Але ў мяне няма ні кроплі беларускай крыві, толькі расейская і армянская, таму ў сям’і не зразумелі такую інавацыю. Руская для мяне — мова дзелавых стасункаў, а беларуская — мова сэрца. Яна выратоўвае, калі хочаш сказаць нешта шчырае, цёплае, прызнацца ў каханьні.

— А да сваіх армянскіх каранёў ты адчуваеш прыхільнасьць?

— Вядома, армянская культура і гісторыя мне вельмі блізкія. Бацька прыехаў у Беларусь на пачатку 90-х, ён уцякач ад наступстваў землятрусу ў Сьпітаку. Ягоны родны горад моцна пацярпеў, толькі там загінула больш за 20 тысяч чалавек. Тата цудам уратаваўся: у іх быў перапынак на працы, ён выйшаў на вуліцу, і ў гэты момант пачаўся землятрус. Будынак абваліўся, і ўсе, хто быў усярэдзіне, загінулі. А Беларусь дала яму прытулак і стала другой радзімай.

— Што прасьцей асабіста для цябе: перакладаць прозу ці паэзію?

— Канечне, прозу. Але гэта вельмі сумная справа, бо праца выключна тэхнічная. Верш патрабуе працы душы, варта цалкам адчуць яго. Акрамя таго, рыфма часта не супадае. Нават у беларускай і ўкраінскай мовах, дзе амаль 86% агульнай лексыкі. Ёсьць выказваньне: «Перакладчык у прозе — раб, а ў паэзіі — супернік».

Арамаіс Мірак’ян сярод навучэнцаў Школы маладога пісьменьніка

— Колькі часу ў сярэднім займае пераклад паэтычнага твору?

— Адзін зь вершаў украінскага паэта Сяргея Жадана я перакладаў два дні запар, не пакідаючы працоўнага стала. Залежыць ад натхненьня. Акрамя Жадана, я таксама доўга перакладаў творчасьць Ліны Кастэнкі і Івана Франка.

— Можаш даць нейкую матывацыйную параду тым, хто піша? Як творчаму чалавеку сабраць сілы? Бо заўжды ёсьць страх «белага аркуша паперы», страх паставіць першую літару…

— Звычайна мне ў такіх выпадках трэба сесьці і не ўставаць, пакуль ня скончу. Зьбіраць варта ня сілы, а эмоцыі, адчуваньні, якія пасьля выліваюцца на паперу. Самыя цікавыя сюжэты — у нас пад нагамі.

— Ты размаўляеш і пішаш па-беларуску, робіш пераклады з украінскай... А якімі яшчэ мовамі валодаеш?

— Магу свабодна чытаць па-сэрбску, па-польску. Таксама разумею арабскую — у дзяцінстве мы зь сям’ёй два гады пражылі ў Эгіпце. Армянскай, на жаль, пакуль ня ведаю.

— Як цябе прымаюць у менскіх літаратурных колах?

— У сам саюз яшчэ не ўзялі, але я навучаюся ў Школе маладога пісьменьніка пры СБП. Шчыра кажучы, калі падаваў заяву на ўдзел у Школе, не спадзяваўся атрымаць станоўчы адказ. Надыходзіць 1 верасьня, і мне дасылаюць ліст, што я прыняты. Неўзабаве прайшла гэтая няўпэўненасьць, я зразумеў: варта пісаць, пісаць і пісаць. У прыватнасьці, хачу падзякаваць цудоўным выкладчыкам Школы — Ганьне Бутырчык, Натальлі Паваляевай і Людміле Рублеўскай. Яны шмат далі мне як пісьменьніку-пачаткоўцу і як асобе.

— Якія твае творчыя пляны на бліжэйшую будучыню?

— Цяпер я шмат пішу аўтарскую мастацкую прозу. Літаральна заўтра маю дэдлайн, каб даслаць тры тэксты для Школы маладога пісьменьніка, нам увесь час даюць заданьні. У доўгатэрміновай пэрспэктыве хацелася б напісаць раман на армянскую тэматыку, бо яна, на мой погляд, недастаткова асьветленая ў эўрапейскай літаратуры. А творы мясцовых аўтараў амаль не перакладаюцца. І выходзіць, што сьвет ня мае ўяўленьня пра сучасную літаратуру Каўказу.

— Ты маеш улюбёны ўласны пераклад? Верш, які найлепш адлюстроўвае твае сьветаадчуваньне?

— Так, гэта верш украінскай паэткі Ліны Кастэнкі. Яна напісала яго для сваёй армянскай сяброўкі Сільвы Капутык’ян, таксама паэткі. Верш прысьвечаны генацыду армянаў — шчымлівая, блізкая тэма. Зусім нядаўна я пераклаў яго на беларускую і хацеў бы падзяліцца перакладам з чытачамі Свабоды. Думаю, тут будзе шмат супадзеньняў зь беларускім сьветаадчуваньнем.

Загінулі іх вёскі, жывёла разбрылася.

Брыдуць... Дзе іх прытулак, дзе, у якім баку?

Каб мову сваю родную ня страцілі да скону,

Ім літары выводзяць армянкі на пяску.

А вецер, вецер, вецер... Галосячы над краем,

Па загарэлых тварах нібы сьцяблінай б’е.

А як накрэсьліш слова прыгожай вязьзю літар —

Яно, нібы жывое, ўцякае ад цябе.

У гібельнай пустэльні зьядуць яго вярблюды,

Забудуцца нашчадкі і змоўкнуць назаўжды.

Брыдуць, брыдуць выгнанцы, ня маючы прытулку,

Над імі кружаць грыфы — прадвеснікі бяды.

Згарэлі ўсе іх цэрквы, загінулі мужчыны,

Званы іх патанулі у возеры Севан.

А над пакутным шляхам драпежна навісае

Ня месяц зорны ў небе — турэцкі ятаган.

А вецер, вецер, вецер... Галосячы над краем,

Куды зь зямелькі роднай няшчасных завядзе?

Няма каму выводзіць малюнкі родных літар,

Няма каму чытаць іх, няма выводзіць дзе...

І ўсё-ткі на прывалах, пад зорамі і сонцам,

У мройлівым бяссоньні на спаленай зямлі

Яны армянскіх літар высейваюць насеньне,

Сьлязьмі іх паліваюць — каб словы прарасьлі.

А вецер, вецер, вецер... Галосячы над краем,

Ён замятае лісьце, як жоўтую луску.

А пасярод пустэльні — краса армянскіх літар

Упарта прарастае з крывавага пяску.

Іх топчуць і драпежаць гайні варожай коні,

Іх, нібы пустазельле, рука чужынца рве.

І ўсё ж — цавэт танэм! Ня быць ім у палоне!

Іх мова прарастае, квітнее і жыве!

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]