Некалькі дзён таму пад навіной аб маскоце БАТЭ з імем "Маланка" ўзнікла спрэчка наконт выкарыстання лацінскага алфавіта ў беларускай мове.
Паколькі спартыўныя назвы і прозвішчы гульцоў транслітаруюць рэгулярна, pressball.by вырашыў зняць пару пытанняў.
Barysaŭ. З-за адной літары ŭ — больш за 70 паведамленняў-каментароў. Хто меў рацыю?
Беларускі алфавіт заснаваны на старажытнай кірыліцы, якая была складзена ў IX ст. на аснове грэчаскага алфавіта і атрымала шырокае распаўсюджанне на ўсходнеславянскіх землях з прыняццем хрысціянства (988 г.). Продкі заўзятараў мінскага, кіеўскага і маскоўскага "Дынама" тады, як і зараз, размаўлялі па-рознаму: мовы хоць і блізкія, мелі і маюць шэраг фанетычных асаблівасцей. Стараславянскае пісьмо не магло цалкам адпавядаць кожнай з сістэм гукаў — яно паступова змянялася і прыстасоўвалася да патрэб асобных народаў. У 1708 г. кірылаўскі алфавіт быў рэфармаваны, з яго пачалі выкідваць некаторыя літары (ѧ, ѫ (юсы), ѱ (ксі), ѯ (псі)…). Замест старажытных назваў "аз", "буки", "веди" пачалі ўжываць лацінскія — "а", "бэ", "вэ". Рэфармаваны алфавіт атрымаў назву "грамадзянкі". Да XX ст. у беларускім варыянце "грамадзянкі" для перадачы спецыфічна беларускіх фанетычных рыс увядуць дадаткова літары ці спалучэнні літар — ў, і, ё, дж, дз.
Кірыліца была тыповай беларускай графікай, як у рукапіснай традыцыі, так і ў друкаваных тэкстах, пачынаючы ад скарынаўскіх выданняў па ХVІІІ стагоддзе.
Сёння, на жаль, не кожны беларус ведае, што побач з "грамадзянкай" у XIX і пачатку XX ст. на тэрыторыі сучаснай Беларусі шырока выкарыстоўвалася лацінка — відазменены варыянт лацінскага алфавіта. Дык навошта аднаму народу дзве азбукі?
Першыя помнікі беларускага пісьма лацінкай (невялікая колькасць дакументаў і надпісаў) пачалі з’яўляцца яшчэ ў канцы XVI ст. пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай.
З XVII ст. польскай лацінскай графікай звычайна занатоўвалі тэатральныя інтэрмедыі (паміж актамі польска- ці лацінскамоўных п’ес у антрактах устаўлялі забаўляльныя фрагменты па-беларуску).
З 1795 года беларускія землі — у складзе Расійскай імперыі. Легальна друкавацца па-беларуску (любым шрыфтам) забаронена, уласнабеларускай кірылічнай сістэмы пісьма не існуе. Для літаратараў, якія адкрыта ці прыхавана супрацьстаялі рускаму моўнаму ўціску, выбар лацінкі быў найперш палітычным крокам, сімвалам барацьбы за сваю культуру. Кірыліца ў XIX ст. пачынае атаясамлівацца з царскай уладай, лацінскі алфавіт, прыняты ў польскай мове, — са свабодалюбствам суседзяў.
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч пісаў у цэнзурны камітэт:
"У нашых правінцыях са ста сялян, відаць, можна знайсці дзесяць, якія добра чытаюць па-польску, тым часам з тысячы ледзьве знойдзецца адзін, што ведае рускую мову. Таму надрукаваць які-небудзь беларускі твор рускімі літарамі — гэта заперці яго ў куфар, бо вышэйшы клас грамадства не возьме ў рукі прастанародную кнігу, а сяляне, можа, і жадалі б чытаць аповесці і апавяданні але не ведаюць рускія літары і не могуць задаволіць сваё жаданне".
Пісьменнік відавочна перабольшвае, але яго асабісты настрой бачны (пераклад "Пана Тадэвуша", зроблены Дуніным-Марцінкевічам, быў забаронены толькі з прычыны лацінскага графічнага афармлення). Лацінкай, напрыклад, таксама былі надрукаваны творы Францішка Багушэвіча, "Мужыцкая праўда" Кастуся Каліноўскага (7 нумароў), некаторыя зборнікі выбраных твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа, Цёткі.
На працягу XIX ст. пераважна за межамі Расійскай імперыі лацінкай былі надрукаваны 38 кніг. У 1906-1917 гг. было надрукавана не менш як 60 выданняў на двух алфавітах паралельна.
У пачатку XX ст. газета "Наша ніва" і выданні суполкі "Загляне сонца і ў наша аконца" таксама друкаваліся і "грамадзянкай", і лацінкай, якая была ўжо больш прыстасавана да беларускай гаворкі. Так, для абазначэння нескладовых [й] і [ў] выкарыстоўваліся лацінскія літары j і ŭ (zaihraje, kroŭ); гук [γ] фрыкатыўны абазначаўся лацінскай літарай h (kaho, haspadar), выбухны [г] — літарай g (guzik). Шыпячы [ж] — ž. Для перадачы цвёрдага [л] ужывалі знак ł, мяккага — l (haława i hulać, kultura)… Пачынаючы прыблізна з 1906 года спалучнні літар sz, cz паступова замяняюцца літарамі š i č (норма разыходзілася з польскай, аўтары імкнуліся да эканоміі графічных сродкаў). Гэты варыянт лацінкі ўмоўна называюць чэшска-беларускім, хоць падобны спосаб абазначэння шыпячых прыняты і ў славацкай, літоўскай, латышскай, эстонскай мовах.
Вынікі праведзенай на старонках "Нашай нівы" публічнай дыскусіі паказалі, што большасць чытачоў газеты выказваецца на карысць "грамадзянкі", блізкай і зразумелай масаваму чытачу. З 1912 г. "Наша ніва" і большасць беларускіх тэкстаў друкуюцца кірылаўскімі літарамі.
У 20-30-я гады ХХ ст. лацінка выкарыстоўвалася нароўні з кірыліцай у Заходняй Беларусі, ад сярэдзіны 1940-х гг. друк беларускай лацінкай працягваўся толькі ў эміграцыі (у пасляваенным СССР ужыванне беларускай лацінкі разглядалася як нешта вельмі правакацыйнае, глыбока антысавецкае).
Што ў XXI стагоддзі?
Сёння для большасці беларусаў лацінка — гэта штосьці нерэальнае, не звязанае з рэчаіснасцю, штодзённай практыкай. Нешта, з чым забаўляецца нацыянальная інтэлігенцыя. Разам з тым ёсць сферы жыцця, дзе лацінка неабходная: напісанне ўласных імёнаў у дакументах, прозвішчаў атлетаў на спартыўнай форме, беларускіх геаграфічных назваў.
Зараз стандарты ствараюцца на аснове традыцыйнай беларускай лацінкі. У 2000 г. распрацавалі "Інструкцыю па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіта". У 2013 г. ААН зацвердзіла дапрацаваны стандарт. Надпісы ў мінскім метро, якія вызвалі шмат дыскусій, яму адпавядаюць.
З другога боку, напрыклад, на дарожных знаках Беларусі амаль нельга сустрэць карэктнае напісанне. Часцей за ўсё надпісы робяць па-англійску альбо лацінкай з рускай формы напісання, што не толькі блытае замежнікаў, але і парушае беларускае заканадаўства. Калі на многіх картах беларускія населеныя пункты ўжо пазначаныя як Sluck і Mahilioŭ, на дарогах бачым Slutsk і Мogilev.
Стандарт лацінкі для дакументаў яшчэ не прыняты, таму ці можна папракнуць спартыўныя структуры, якія пакуль пішуць Tsmoki замест Cmoki, Mayeuski замест Majeŭski, Niakhaichyk замест Niachaičyk? А вось БАТЭ павага — самі разабраліся.
Ці патрэбна?
Лацінкай карысталіся класікі літаратуры і дзеячы культуры, менавіта ў ёй упершыню з’явілася літара, якой няма ў іншых славянскіх мовах, — "ŭ" ("у-нескладовае", якое пазней перайшло ў кірыліцу як "ў"). Лацінка добра перадае некаторыя асаблівасці беларускіх гукаў, чаго бракуе кірыліцы ([γ] фрыкатыўны — выбухны [г]).
Беларусы ў перыяд нацыянальнага адраджэння зрабілі паслядоўны выбар на карысць кірыліцы — першага алфавіта. Тым не менш уласныя імёны і геаграфічныя назвы будуць транслітаравацца заўтра, праз год і дзесяцігоддзе. Чаму мы павінны адракацца ад зручнага варыянта беларускай лацінкі, калі ён — частка гісторыі? Англічанін ці амерыканец спатыкаецца на ž, š i č? Здаецца, палякаў, чэхаў, славакаў, якія маюць нацыянальныя варыянты лацінкі, гэта акалічнасць не надта турбуе.