У Варшаве прайшлі сумесныя беларуска-украінскія заняткі «Мова нанова»
Беларусь-Украіна: суседзі-сябры ў беларускай гісторыі. Такой была тэма апошніх заняткаў «Мова Нанова» ў Варшаве. На курсах выступіў Анатоль Гваздэцкі, пераможца Міжнароднага варшаўскага фестывалю бардаў «ОPPА», перадае «Радыё Рацыя».
Большасць песняў – сумна-лірычныя, прысвечаныя ваярам за свабоду і вайне на Данбасе. Таксама падчас заняткаў госці паразважалі над важнасцю выкарыстання роднай мовы ў паўсядзённым жыцці.
«Мова можа абараняць лепш чым зброя», зазначалі ўдзельнікі. «Мне б хацелася, каб вайна больш нідзе не ўзнікла, каб яна скончылася ва Украіне», - гаворыць бард Анатоль Гваздэцкі.
«Іншыя краіны маюць разумець, што на мяжы вайны праходзіць ва Украіне. Гэтую мяжу ўтрымліваюць патрыёты Украіны, але не толькі. Ёсць таксама патрыёты з Беларусі, якія стараюцца падтрымліваць наш народ. Рускі мір прыйшоў не толькі да нас. Усе, хто падтрымліваюць рускі мір, яны прыйшлі ратаваць расейскамоўных. Таму трэба размаўляць на сваёй мове, каб больш было людзей, якія гавораць на роднай мове, тады не будзе такога павароту падзеяў», - адзначыў бард.
Варшаўскія заняткі «Мова Нанова» праходзяць кожны чацвер у Беларускім Доме. Арганізоўвае курсы філолаг Ганна Колб.