Першы паўнавартасны перапіс насельніцтва на тэрыторыі Расійскай імперыі адбыўся ў 1897 годзе.
Паводле падлікаў, на тэрыторыі Беларусі тады жылі 6,67 мільёна чалавек. Адно з пытанняў датычыла роднай мовы. І тыя, хто назваў беларускую, складалі абсалютную большасць амаль паўсюль — напрыклад, у Полацкім і Лідскім уездах 73%, у Гомельскім — 74%. Дзе-нідзе, як, напрыклад, у Вілейскім уездзе лічба даходзіла да 87%.
Статыстыка вялася па губерніях, уездах, а таксама гарадах.
Прааналізаваўшы гэтыя лічбы, «Наша Ніва» склала рэйтынг «самых беларускамоўных» гарадоў.
Варта ўдакладніць, што ў сілу гістарычных перадумоваў (перадусім зона аседласці) у многіх гарадах большасць складалі габрэі. Напрыклад, у Бабруйску іх было больш за 60%, а беларускамоўных толькі 5%.
Аднак гэтыя лічбы не мусяць уводзіць у зман, бо ў гарадах жыў толькі кожны сёмы чалавек. Таму калі браць Бабруйскі ўезд у цэлым, доля беларускамоўных узрастала да 67%.
*тых, хто назваў беларускую мову роднай падчас перапісу насельніцтва ў Расійскай імперыі ў 1897 годзе