Міхасю Стральцову сёння споўнілася б 80 год.
Дзень народзінаў Міхася Стральцова. Яму было б 80.
Неяк мы йшлі па лесе пад Каралішчавічамі, і сустрэлі чалавека, які стаяў і спяваў. Адзін у лесе. Стральцоў сказаў: «Мусібыць, добра яму жывецца...»
Каб спяваў сам Стральцоў, я чуў рэдка. Гэтак рэдка, што можна сказаць: не чуў ніколі. Караткевіч, Гілевіч, Брыль, Бураўкін, Барадулін і нават Быкаў (асабліва ў застоллі) - проста народныя артысты ў параўнанні з ім. Але гэта не азначае, што ён не любіў музыку. Любіў - і ў яго быў нават свой, стральцоўскі музычны нумар...
Калі дайшло да разводу з першай жонкай, Стральцову (па размене кватэры) дасталася аднапакаёўка на вуліцы Шчукіна ў доме №4. Гэта раён мінскай Грушаўкі. Першае, што ён туды перавёз, былі кнігі і стос вінілавых кружэлак. Выключна класіка: Рахманінаў,Моцарт, Чайкоўскі, Пракоф’еў... Радыёлы ў яго не было (у сям’і пакінуў), нехта (ці не Караткевіч?) даў яму стары прайгравальнік, у якім адразу зламалася (ці ўжо была зламаная) іголка на гуказдымальніку. Ён усё збіраўся і ніяк сабрацца не мог новую купіць, дык ставіў іншым разам кружэлку на дыск - і яна бязгучна круцілася, а ён як бы нешта слухаў.... Я спытаў, калі першы раз убачыў: «Што гэта вы...»
Між іншым, мы доўга на «вы» былі. З Рыгорам Барадуліным, да прыкладу, я лёгка на “ты”перайшоў, хоць ён на два гады старэйшы за Стральцова. А з Міхасём - не. Была ў ім нейкая аддаленасць нават на блізкай адлегласці...
Дык вось пытаю: «Што гэты вы, Міхась Лявонцявіч, выпілі?..» Хоць бачу, што зусім цвярозы. Кажа: «Нічога. Проста слухаю, што помню...»
Стральцоў мог музыку па памяці слухаць. А гэта вам не вершы на памяць чытаць, у чым мы аднойчы ўсю ноч спаборнічалі.
Гэта што да музыкі. А што да жанчын (што прыблізна адное і тое), дык яму падабаліся тыя жанчыны, у якіх ён быў закаханы. Хоць іншым разам здавалася, што ён хацеў бы слухаць жанчыну, як і музыку: без гуку... Чуць тое, што помніў.
Гаварыць пра жанчын ён не любіў. Дакладней, балбатаць не любіў пра жанчын. Тое, што хацеў сказаць пра іх, пра каханне - тое й сказаў у вершах. «Ты пайшла - і я стаў падобны на клетку, якую пакінула птушка...»
Манерай паводзінаў, характарам, адносінамі да жыцця (уключна з адносінамі да жанчыны), рэакцыямі на ўсё вонкавае беларускі паэт Міхась Стральцоў нагадваў мне рускага паэта Юрыя Кузняцова. І зусім не тым, як яны абодва выпівалі, а тым, як абодва жылі. У свеце - і асобна ад яго.
Яны абодва былі адзінотныя. Кузняцоў наўпрост напісаў: «Я ў пакаленнні сябра не знайшоў…» Тое самае мог напісаць Стральцоў. Але не напісаў. Чаму? Бо нехта з сяброў, якіх намінальна хапала, мог спытаць: «Як жа так?.. А я?..»
Кузняцову было напляваць, хто і што ў яго спытае. «Я один. Звать меня Кузнецов. Остальные - обман и подделка». У Стральцова нічога падобнага і блізка не знайсці. Вось у гэтым была паміж імі істотная розніца.
Розніца была і ў адносінах да жанчын-паэтак. Калі Кузняцоў лічыў паэзію і вайну выключна мужчынскім заняткам, заяўляў, што «Цветаева - истерия, Ахматова - рукоделие, Ахмадулина – подражание»), дык Стральцоў у адносінах да прадстаўнікоў жаночай паэзіі (і найперш беларускай:ад Геніюш і Арсенневай да Пфляўмбаўм і Янішчыц) быў цалкам талерантны.
Быў талерантны ён і ўдносінах да тых, хто называўся ягонымі сябрамі. Ні пра каго з іх не выказаўся кепска нават тады, калі яго ізалявалі ў ЛТП - і ніхто з іх носа туды не паказаў. Апроч Леаніда Дранько-Майсюка, які на званне сябра не прэтэндаваў - проста прыносіў тое, што Старальцову трэба было. Кнігі, яду, тытунь.
Я таксама сяброўскіх адносінаў з ім не дамагаўся - і здзіўляўся, калі такія адносіны (ці, скажам так, падобныя да іх) выяўляліся. Напрыклад, калі ўзніклі праблемы (цэнзарскія) з выданнем маёй кнігі «Наскрозь», рэдактарам якой быў (чаму я пра гэта і ўспомніў) ужо згаданы Леанід Дранько-Майсюк. Ён сказаў пра праблему Стральцову, і той дапамог яе вырашыць.
Прыехаўшы да яго, каб падзякаваць, я пачуў: «Ды кінь. Гэта па-сяброўску. Падзякуй Леаніду. Каб нехта іншы быў, дык мог мне і не сказаць».
Гэта так. Іншы мог і не сказаць. А тым больш - паспрабаваць зратаваць кнігу. Зарэзалі і зарэзалі. Вось тады мы з Міхасём Лявонцявічам усю ноч пра сяброўства і прагаварылі...
Стральцоў прыйшоў у паэзію, калі ўжо займеў сваё, адметнае месца ў прозе, і за ім цягнуўся ў паэзіі, так бы мовіць, шлейф празаіка. Як у Караткевіча ў прозе - шлейф паэта. Гэта такая інерцыя ўспрымання - і адсюль скепсіс у ацэнках паэтычнай творчасці Стральцова. Шмат у каго. Скажам, у Янкі Брыля. Але тут трэба ўлічваць яшчэ адну акалічнасць: рэдка каму, адзінкам удавалася на аднолькава высокім узроўні пісаць паэзію і прозу. Той жа Брыль, якому я сказаў аднойчы пра ягоныя абразкі, што ў іх больш паэзіі, чым прозы, задаволена прызнаўся, што хацеў бы быць паэтам. Але… не выйшла.
А ў Стральцова выйшла. Без ніякіх «але». Таму проста не магло быць так, каб гэтае скептычнае «але» нехта некуды не ўставіў.
У яго ўвогуле выйшла ўсё. Нягледзячы на складаны лёс, без чаго чалавеку проста няма чаго сказаць, праз што ў рэшце рэшт і стаўся бліскучы беларускі творца Міхась Стральцоў.
Пад шоргат кропель дажджавыхЁн з тэлефоннай будкі бачыў,Як па галінах верхавыхЗялёны вецер пругка скача.Ён наглядаў. Ён не спяшаў.Нішто пагляд не абражала.Як бы лячылася душа,Яе як быццам суцяшала,Што вецер згоды не пытаў —Шалеў над горадам — і, ніцы,Ужо на вулках шкуматаўПлашчы, кашулі і спадніцы.I ў гэтай будцы пад дажджом,У нейкай роспачы вялікай,Сябе за даўнім рубяжомУбачыў ён — і не паклікаў...
Уладзімір Някляеў