Для Беларусі надышла прынцыпова іншая эпоха.
Моцны палітык не баіцца ісьці на дэмакратычныя выбары, не баіцца свабоды слова і не баіцца адкрытага, прамога дыялёгу з сваімі апанэнтамі. Бо ён ведае, што можа сумленна перамагчы.
Узурпацыя ўлады — гэта заўжды паказчык асабістай слабасьці і асабістай баязьлівасьці ўзурпатара.
Разгон апазыцыйнай дэманстрацыі, увязьненьне апазыцыйнага палітыка ці цэнзура ў СМІ — гэта не дэманстрацыя сілы, гэта дэманстрацыя слабасьці. Каго ты ня можаш пераканаць і каго ты баісься — таго ты прыбіраеш з дарогі: садзіш за краты, забіваеш ці запалохваеш.
Прыкладам адваротнага мог бы служыць Барыс Ельцын, зь якім быў асабіста знаёмы Аляксандар Лукашэнка. Ельцына ёсьць за што крытыкаваць, і мы ўсе дагэтуль адчуваем наступствы ягоных памылак. Але Ельцына складана папракнуць у асабістай слабасьці, баязьлівасьці ці няшчырасьці.
Кіраўнікі жнівеньскага путчу 1991 году і спробы збройнага камуністычна-нацыяналістычнага рэваншу 1993 году былі ўсе ўрэшце адпушчаныя на волю і нават змаглі заняць важныя пазыцыі ў палітыцы, бізнэсе, грамадзкім жыцьці.
Усе дзевяностыя гады на цэнтральных тэлеканалах Расеі, у тым ліку дзяржаўных, палівалі Ельцына брудам у самы прайм-тайм. Зь Ельцына жартавалі і зьдзекаваліся сатырыкі на тэлевізіі і ў прэсе. Ягоныя праблемы са здароўем былі ўсім вядомыя і за імі пільна сачылі ўсе мэдыі.
Ельцын нікога не баяўся і сышоў непераможаным.
Хутчэй, яго можна крытыкаваць за празьмерную самаўпэўненасьць і ад таго празьмерны лібэралізм. Свабода і адносная дэмакратыя былі ў Расеі, пакуль Ельцын быў пры ўладзе. Як толькі ён перастаў быць прэзыдэнтам, дэмакратыі ня стала зусім, бо высьветлілася, што яна трымалася на асобе Ельцына, а не на інстытутах, якія ў Расеі так і не былі пабудаваныя (а ў выпадку з спэцслужбамі — не дэкамунізаваныя і не рэфармаваныя пад патрэбы дэмакратычнага грамадзтва).
Так ці іначай, сэнсацыйная паўтарагадзінная сустрэча Лукашэнкі з галоўным рэдактарам «Народнай Волі» Ёсіфам Сярэдзічам — гэта добры знак. Якіх улада ў цяперашні час пасылае шчодра.
Проста нельга будаваць ілюзіяў: цяперашнія сустрэча з галоўным рэдактарам самай крытычнай да ўладаў апазыцыйнай газэты, размовы пра круглы стол з апазыцыяй, увядзеньне беларускамоўных групаў у дзіцячых садках — гэта вынік вонкавых абставінаў, а не пераасэнсаваньня і сталеньня.
Дармовая расейская падтрымка скончылася, цяпер міжволі трэба займацца сапраўднымі рэформамі, міжволі будаваць сапраўдныя збалянсаваныя міжнародныя адносіны з вонкавым сьветам, падмацоўваць нацыянальную сьвядомасьць, а таксама міжволі займацца сапраўднай палітыкай унутры краіны.
Трэба мабілізоўваць увесь экспэртны, рэпутацыйны, прадпрымальніцкі патэнцыял Беларусі, а шмат з гэтага патэнцыялу належыць той частцы грамадзтва, якая традыцыйна выступае апазыцыяй цяперашнім уладам.
Патрэба ўсяго гэтага была даўно, але цяпер аднаўленьня расейскага субсыдыяваньня Беларусі не прадбачыцца, як не прадбачыцца і паляпшэньня эканамічнай сытуацыі ў самой Расеі і паляпшэньня беларуска-расейскіх стасункаў.
Ды й нават і раптоўнае (немагчымае) вяртаньне расейскай эканомікі ў 2013 год асабліва нічога не зьмяніла б для пэрспэктываў Беларусі. Крамлёўская агрэсія супраць Украіны адбылася ў адносна эканамічна прыязныя часы: у Крамлі палічылі, што шанцаваць будзе бясконца і што можна даць волю сваім «геапалітычным» фантазіям.
Для Беларусі надышла прынцыпова іншая эпоха. Эпоха сур’ёзнай і прафэсіянальнай палітыкі, сур’ёзнага і прафэсійнага дзяржаўнага кіраваньня. І гэта вельмі добра, хоць надзеі на тое, што ў краіне пачалася сапраўдная паступовая мадэрнізацыя, застаюцца хісткімі.
Алесь Чайчыц, «Радыё Свабода»