Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У музэі Якуба Коласа выставілі ўнікальныя фота і аднавілі склеп з прысмакамі

16.02.2017 культура
У музэі Якуба Коласа выставілі ўнікальныя фота і аднавілі склеп з прысмакамі

У літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адкрылася фотавыстава «Якуб Колас: вядомы і невядомы», прымеркаваная да 135-годдзя пісьменьніка.

У першую частку выставы ўключаны малавядомыя фатаздымкі, на якіх можна ўбачыць паэта з блізкімі людзьмі, па-сямейнаму разьняволенага, паведамляе «Радыё Свабода».

Наведнікі новай выставы фатаграфаваліся зь Якубам Коласам. Казалі, што паэт сядзіць за сталом нібы жывы

На адным з чорна-белых фота Якуб Колас прамаўляе падчас застольля ў гонар замежных журналістаў. На другім — у садзе, каля свайго дома, зацягваецца цыгарэтай, з асалодай заплюшчыўшы вочы. На трэцім фатаздымку — строгі, у гарнітуры і капелюшы, стаіць сярод каласоў пшаніцы і жыта, якія сам пасадзіў побач з домам дзеля экспэрымэнту.

Некаторыя фатаздымкі праілюстраваныя цытатамі зь дзёньнікаў і твораў Якуба Коласа.

Разам з фота экспануюцца рукапісы паэта і яго асабістыя рэчы. Колас меў акуратны почырк, выводзіў кожную літару. А калі даводзілася закрэсьліць слова, то рабіў гэта асьцярожна і беражліва.

Рукапісы твораў Якуба Коласа 1940-х гадоў. Вершы «Мой запавет», «Мая малітва», «Сабе»

Упершыню выстаўлены рукапіс «Мой запавет» — гэта філязофска-паэтычнае крэда Коласа-грамадзяніна. У ім паэт называе сябе рыбай, выкінутай на пясок, і дадае: «Я прыйшоў у жыцьцё не для сябе самога».

Колас неяк напісаў: «Чарнільніца мая глядзіць з дакорам і думае, напэўна, «Ох, гультай!» А я адказваю тады з пакорай: «Я толькі пакурыць, вярнуся скора, хвіліначку, галубка, пачакай!»

У другой частцы фотавыставы можна пабачыць народнага паэта на сьвятах і паседжаньнях, у тым ліку за межамі Беларусі.

Валёнкі Якуба Коласа, у якіх ён езьдзіў у Маскву. На выставе ёсьць фатаздымак, дзе паэт са шчасьлівай усьмешкай сядзіць у гэтых валёнках у гатэлі «Масква»

Адзін са здымкаў — з дарчым надпісам расейскай паэтэсе Сьвятлане Сомавай: «Дарагому сябру Сьвятлане. Глядзіце — гляджу сярдзіта, каб Вы сярдзіта адносіліся да жыцьця. Я.К. 12.3.1946».

На выставе можна ўбачыць і падарункі, прывезеныя Якубам Коласам у 1935 годзе з Парыжу. Туды беларускі пясьняр езьдзіў у складзе савецкай дэлегацыі на Міжнародны кангрэс пісьменьнікаў у абарону міру.

З Парыжу Якуб Колас прывёз сувэнір — выразаны з чорнай паперы свой сылюэт, зроблены на Эйфэлевай вежы

У выстаўленым музэем лісьце Коласа да Сяргея Гарадзецкага, сябра і аднаго зь першых перакладчыкаў паэзіі Якуба Коласа на расейскую мову, паэт пісаў:

«Я не гарадзкі чалавек. Парыж цудоўны горад. Шмат найцікавейшых помнікаў і сьлядоў вялікай эўрапейскай культуры. Але ўсё ж для мяне, чалавека палёў і лясоў, наймілейшая мая Беларусь».

Фота Коласа ў піжаме і шапцы, падараванай яму на 70-годзьдзе казаскімі пісьменьнікамі, зроблена на лецішчы ў Каралішчавічах, дзе паэта наведалі сябры-літаратары.

Якуб Колас у Каралішчавічах у доме адпачынку Саюзу пісьменьнікаў. Пясьняр сядзіць у казаскай шапцы. Вакол яго пісьменьнікі Кандрат Крапіва, Мікола Аўрамчык, Максім Лужанін ды Алесь Стаховіч

Разам з фотавыставамі ў Доме-музэі Коласа побач адчыніў свае дзьверы і склеп, якім Якуб Колас карыстаўся ў 50-я гады. Праўда, у тыя часы дол там быў земляны, а па сьценах — драўляныя паліцы.

Кілбаса, капуста, гурочкі і грыбы ў слоіках — сапраўдныя. Гэтыя зімовыя нарыхтоўкі рабіла Зінаіда Камароўская, дырэктарка музэю. Яна сама родам са Стаўпеччыны, радзімы Якуба Коласа.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]