Карысная рассылка для тых, хто хоча больш ведаць пра беларускую літаратуру, але каму заўсёды не хапае часу.
Вывучыць 100 вершаў Янкі Купалы, праглядаючы электронную скрыню. Менавіта такую магчымасьць прапануе стваральнік сайту kupalaposhtai.by. Штораніцы атрымліваць па адным вершы клясыка будзе кожны, хто пакіне свой электронныя адрас на галоўнай старонцы сайту.
«Карысная рассылка для тых, хто хоча больш ведаць пра беларускую літаратуру, але каму заўсёды не хапае часу. Падпішыцеся і атрымлівайце кожны дзень па адным вершы Янкі Купалы. Няхай ваш дзень пачнецца з натхненьня, а ня з офіснай руціны», — напісана на сайце.
Стваральнік сэрвісу, мэнэджэр рассылак для бізнэс-праектаў Уладзімер Андрыенка, расказаў, што гэта першая яго спроба стварыць нешта некамэрцыйнае, але карыснае для грамадзтва. Калі ініцыятыва будзе падтрыманая (гэта значыць, калі знойдуцца ахвочыя атрымліваць на пошту рассылку зь вершамі Янкі Купалы), у будучыні праект пашырыцца — дададуцца іншыя беларускія аўтары:
«Ёсьць расейскі сайт, які працуе на такім жа прынцыпе: карыстальнікі пакідаюць адрас і атрымліваюць вершы Аляксандра Пушкіна штодня. Я вырашыў, што беларусы таксама мусяць мець такі сэрвіс. Так паўстаў kupalaposhtai.by. Можна падпісацца і праз 100 дзён лічыць, што ведаеш у вялікім абʼёме творчасьць Янкі Купалы. Дарэчы, гэтага аўтара я абраў, таму што яго дакладна ведаюць усе беларусы, але праект будзе разьвівацца і да рассылкі далучацца вершы іншых паэтаў».
Уладзімер Андрыенка лічыць, што для сучаснага занятага чалавека прасьцей прачытаць ліст з паштовай скрыні, чым кнігу:
«Вельмі цяжка знайсьці час, каб пачытаць кнігу. Гэты праект разьлічаны на такіх людзей, у каго няма часу, але ёсьць жаданьне вывучыць творчасьць Янкі Купалы».