У Менску адбыўся тысячны «Марш абураных беларусаў».
Сёньня ў цэнтры Менску прайшоў «Марш абураных беларусаў», на які сабраліся каля 2 тысячаў чалавек. Яны выйшлі на вулічную акцыю, бо незадаволеныя Дэкрэтам № 3 і «падаткам на дармаедзтва», пiша «Радыё Свабода».
Арганізатар, палітык і былы палітвязень Мікола Статкевіч паабяцаў працяг, калі ня будзе скасаваны падатак, паводле якога кожны, хто ня мае сталай працы, мусіць выплаціць дзяржаве 360 рублёў.
А 18-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы пачалі зьбірацца людзі. Першымі прыйшлі вядомыя па ранейшых акцыях актывісты: Максім Вінярскі, Леанід Кулакоў, Вольга Нікалайчык, ад якіх дзяржава запісала патрабуе выплатаў, бо лічыць іх «дармаедамі» і «утрыманцамі».
Праз дзесяць хвілінаў большая частка плошчы была ўжо запоўненая пратэстоўцамі: тут і маладзёны з бел-чырвона-белымі стужкамі, і пажылыя пары і мужчыны сярэдняга ўзросту.
— Я прыехаў сюды з Баранвічаў, думаў, затрымаюць, але нейкім чынам удалося даехаць, не прыцягваючы ўвагі.
- Я ведаю, што з нашага гораду шмат народу сюды зьбіралася, — гаворыць 45-гадовы Сяргей С. Мужчына прыехаў пратэставаць у Менск, бо проста ня можа знайсьці працоўнае месца ў Баранавічах. Сёлета ён, як і тысячы беларусаў па ўсёй краіне, атрымаў па пошце «ліст шчасьця».
Раптам з боку мэтро выйшла калёна анархістаў у масках і баляклявах. Маладыя людзі ўсталі на прыступкі і пачалі скандавацьі: «Выше, выше черный флаг, государство главный враг» ды іншыя лёзунгі. Яны трымалі расьцяжкі, на якіх было напісана: «Хто глаўны дармаед? Прэзыдэнт!».
Калі колькасьць удзельнікаў акцыі дасягнула амаль тысячы, натоўп рушыў па праспэкце Незалежнасьці да будынку Міністэрства па падатках і зборах. Тут на прыступкі ўзышлі арганізатары: палітыкі Мікалай Статкевіч і Ўладзімер Някляеў. Статкевіч заклікаў улады тэрмінова адмяніць Дэкрэт № 3 і скасаваць «падатак на дармаедзтва»
— Я лічу, што сёньняшняе мерапрыемства дасягнула пастаўленых мэтаў. Звычайныя, шэраговыя грамадзяне зьехаліся ў Менск і шчыра пратэстуюць. Калі праз пару тыдняў, улады нічога не прадпрымуць, людзі зноў выйдуць на вуліцы. Яны зробяць гэта, незалежна ад жаданьня ўладаў. Таму кіраўніцтву краіны лепш не рызыкаваць. 25 сакавіка мы зьбярэмся дакладна і гэта будзе не на Бангалоры, — сказаў Мікола Статкевіч.
Вакол Уладзімера Някляева сабраліся слухачы: маладыя хлопцы гаварылі яму, што «прыехалі з Гомеля і вельмі шануюць Някляева», паціскалі палітыку руку.
— У савецкія часы скублі грошы з простых мужыкоў з кожнай яблынькі, з кожнай куркі, якую мелі ў гаспадарцы. Тое ж мы бачым і цяпер! Народ абіраюць, хаця можна было на цяперашнім этапе аднавіць эканоміку. Але ў краіне адзін эканаміст, і эканоміка адпаведная, — прамовіў Някляеў, зьвяртаючыся да натоўпу. У 19.15 арганізатары аб’явілі, што акцыя скончаная і людзі пачалі разыходзіцца. Аднак, без інцындэнтаў не абышлося. Калі група анархістаў спрабавала зьехаць з плошчы Незалежнасьці, на іх напалі людзі ў цывільным і паспрабавалі адабраць сьцягі і расьцяжкі. Пасьля гэтага выпадку астатнія анархісты сышлі з плошчы ў падземны пераход ля гандлёвага цэнтру «Сталіца».