З розных бакоў і з розных крыніц прыходзяць паведамленьні пра людзей, якія штодзень карыстаюцца беларускай мовай, ня будучы зьвязаныя з інтэлігенцкімі коламі.
Даволі маналітная ў 80-90-я гады беларускамоўная супольнасьць краіны ў нашы дні ўжо выразна падзеленая. Падзелы праходзяць у палітычнай, ідэалягічнай, каштоўнаснай, эстэтычнай і нават этычнай сфэрах. І гэта добра, бо сьведчыць пра пашырэньне беларушчыны.
З розных бакоў і з розных крыніц прыходзяць паведамленьні пра людзей, якія штодзень карыстаюцца беларускай мовай, ня будучы зьвязаныя з інтэлігенцкімі коламі.
Некаму ў дзьверы пазваніў беларускамоўны вадаправодчык. Пасьля размовы зь ім высьветлілася, што чалавек мала што чытаў зь беларускай літаратуры і зусім ня мае ніякага дачыненьня да апазыцыі і мастацкіх сфэраў. Ён, паводле яго словаў, проста беларус.
Супрацоўніца менскага мэтро Людміла Майстрэнка размаўляе з пасажырамі па-беларуску. За гэта на яе нават скардзяцца. І Майстрэнка таксама — не пісьменьніца, не апазыцыянэрка і не журналістка. Яна нават нарадзілася не ў Беларусі.
У фае Купалаўскага тэатру падчас антракту людзі ціха размаўляюць па-беларуску — уражаньне такое, што тэатар яны ўспрымаюць, як законнае і бясьпечнае месца нацыянальнай эмансыпацыі. Пэрсанал тэатру на беларускамоўныя пытаньні гледачоў таксама адказвае па-беларуску.
Удзельнікі розных грамадзкіх і мастацкіх імпрэзаў у кулюарах прызнаюцца, што зусім не чытаюць кніг, і робяць гэта... па-беларуску! Яны або нічога, або зусім мала ведаюць пра разьвіцьцё сучаснай беларускай літаратуры і культуры, пра новыя імёны і творы.
Сядаеш у таксоўку, а там цябе сустракае беларускамоўны таксіст...
Ня раз і ня два ў апошнія гады даводзілася чуць нараканьні на культурны ўзровень сёньняшняй беларускамоўнай моладзі. Некаму замінае, што той ці іншы маладзён ня ведае нейкага твора літаратуры. Іншы наракае на прагалы ў гістарычнай адукацыі і няведаньне імёнаў нацыянальнага пантэону. Яшчэ некаму не падабаецца «штучная і малапісьменная» мова новага пакаленьня. І так далей.
І вось мне раптам стала зразумела, што мова не пра «нізкі ўзровень», «непісьменнасьць» ці «неадукаванасьць». Проста беларускамоўным сёньня можна быць, і ня будучы прыналежным да высокіх сфэраў нацыянальнай культуры, мастацтва або навукі. Сёньня ўжо можна быць нармальным, звычайным беларускамоўным чалавекам, які не змагаецца за беларушчыну, не належыць да апазыцыі, ня піша вытанчаных вершаў і не паўтарае на памяць імёны, падзеі і даты, якія для нацыяналістаў 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя былі амаль сьвятымі.
Тое самае можна сказаць і пра падзелы ў палітычныя, ідэалягічныя і эстэтычныя ў колах беларускамоўнай інтэлігенцыі. Яны таксама сьведчыць пра тое, што нас робіцца больш.
Народ Беларусі ўсё яшчэ не гаспадар свайго нацыянальнага лёсу. І такое становішча цягнецца некалькі апошніх стагодзьдзяў. І, тым ня менш, беларушчына пашыраецца, Беларусь як краіна і нацыянальны арганізм крочыць у бок нармалізацыі. Пытаньне ў тым, як далёка гэтаму працэсу будзе дазволена зайсьці. Калі гісторыя і геапалітыка будуць спрыяць, то, магчыма, беларусы здолеюць узяць свой лёс ў свае рукі.
Калі не, то, магчыма, адно з апошніх апавяданьняў Васіля Быкава пад назвай «Інтэграцыя» акажацца прарочым. Паводле быкаўскага сюжэту, Расея напала на Беларусь, каб пазбавіць яе незалежнасьці. Беларусы, у тым ліку і апазыцыя, аб’ядналіся вакол А.Л. і пайшлі на вайну, якую ўрэшце прайгралі. Пасьля паразы А.Л. пашыхтаваў недабіткі свайго войска пераважна зь ліку апазыцыйных дзеячаў на полі бою, каб параіцца, што рабіць далей. Вырашылі застрэліцца, каб не здавацца. Калі ж усе пастраляліся, А.Л. з аховай сеў у джып і зьехаў... у Расею.
Але паколькі нас робіцца больш, значыцца і шанцаў на такі сыход робіцца менш.
Сяргей Абламейка, «Радыё Свабода»