На імпрэзу да Дня роднай мовы, арганізаваную магілёўскімі актывістамі Таварыства беларускай мовы, прыйшлі каля сотні чалавек.
Апошнія некалькі гадоў у Магілёве для дыктовак арганізатары выбіраюць творы літаратараў, якія нарадзіліся на Магілёўшчыне. Беларускую дыктоўку паводле твора Міхася Стральцова «Сена на асфальце» напісалі 19 лютага магілёўцы, паведамляе Радыё Свабода.
Сёлета ў Стральцова 80-гадовы юбілей. Ягонае славутае эсэ пра адчуваньні вяскоўца, які пераехаў у горад, і стала матэрыялам для ахвотнікаў спраўдзіць веданьне беларускай мовы.
«Сёлета не было шырокага анансаваньня дыктоўкі, але сабралася на яе поўная заля. Гэта зьдзівіла. Яшчэ адна адметнасьць, што разам з намі сёлета ў арганізацыі дыктоўкі браў удзел Саюз пісьменьнікаў Беларусі. Яны самі прапанавалі дапамогу», — адзначыў кіраўнік гарадзкой арганізацыі ТБМ Алег Дзьячкоў.
Дыктавала фрагмэнт твору Стральцова настаўніца Ганна Бандарэнка. Пэдагог ад першай дыктоўкі ТБМ нязьменна «экзамэнуе» рупліўцаў беларушчыны.
Пісаў пад дыктоўку і кіраўнік культурна-асьветніцкага абʼяднаньня ўкраінцаў Магілёва Генадзь Гузій. Ён вітаў тых, хто прыйшоў.
Пісала сёлетнюю дыктоўку і супрацоўніца галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Магілёўскага аблвыканкаму Іна Багамазава. Летась вітаў удзельнікаў імпрэзы начальнік гэтага ўпраўленьня Андрэй Кунцэвіч.
Віталі тых, хто прыйшоў на дыктоўку, і вучні беларускамоўнай клясы: Эвеліна Самойленка, Тацяна Турандзіна, Улада Грыцава.