Беларусы розных прафесiй абіраюць родную мову.
Беларуская мова апошнiм часам уваходзіць у моду, нават бізнэс пачаў размаўляць на ёй са спажыўцамі. З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы журналісты tut.by знайшлі грузаперавозчыка і праграміста, якія гавораць на беларускай, а таксама пагутарылі са святаром і выкладчыкам, якія рабілі пераклады на мову: першы — Свяшчэннага Пісання, другі — школьнай праграмы па вайсковай справе.
Грузаперавозчык: «Шлях да беларускай мовы быў доўгі і звілісты»
Гэта сёння Юрась Лабашоў — беларускамоўны, але ён прызнаецца, што шлях да мовы быў доўгі і звілісты. Яго сям’я з Расіі, але сам ён нарадзіўся і вырас у Мінску. Падчас школы Юрась меў добрыя адзнакі па беларускай, але было даволі цяжка, бо ў сям'і мовы не чуў.
— Мне ніхто не данёс, што гэта важна, і мяне гэта проста не кранала. І толькі праз гады, калі я пачаў разважаць на ўсялякія сацыяльна-філасофскія тэмы для сябе, калі мне стала зразумела сітуацыя ў краіне, я ўсвядоміў, што менавіта беларускай мовай трэба карыстацца.
Юрась мае юрыдычную адукацыю, скончыў універсітэт напачатку 2000-х. Праўда, па прафесіі не працаваў — знайшоў сябе ў сферы грузаперавозак. Такім чынам аб’ездзіў усю Беларусь.
— Пачаў ездзіць — пачаў аналізаваць. Бачыў рэшткі сядзібаў — пачаў разумець, што ў бядотнай краіне не было б такога ўзроўню. Слухаў, як размаўляюць на перыферыі людзі. Зразумела, што гэта мова не літаратурная, але простая мова. І я дапускаю, што гэтак размаўлялі ў нас і прыблізна 500 гадоў таму. Зараз тая самая трасянка з расейскімі словамі, у 20−30 гады была трасянка з польскімі словамі… А тое, што мова нячыстая — дык на Палессі мова моцна адрозніваецца ад мовы Браслаўшчыны. І ў гэтым няма нічога страшнага.
Сёння Юрась — беларускамоўны. Гэта свядомы выбар.
— Спачатку трэба шмат энергіі спальваць на працэсах перакладу. Першы этап, калі ты думаеш па-расейску, а перакладаеш на беларускую — самы цяжкі. Асабліва цяжка пачаць размову з чалавекам, з якім заўсёды кантактаваў па-руску. Але проста пачаць размаўляць з блізкім чалавекам, з якім ёсць давер. Проста пачаць размову з незнаёмымі людзьмі ў звычайных абставінах — яны ж не ведаюць, як ты размаўляў учора, — распавядае мужчына.
Сёння ў сям'і Юрася — беларускамоў'е. У 2012 годзе ў іх з жонкай нарадзіўся сын. З ім бацькі таксама гавораць па-беларуску. Што наконт працы, там Юрась размаўляе і па-беларуску, і па-руску.
— Тут такая справа: калі я ў працы не буду ісці на кантакт — каму будзе дрэнна? Мне будзе дрэнна, таму што я не здолею зарабіць грошы. Будзе дрэнна чалавеку, з якім можа тэарэтычна адбыцца канфлікт. Ягоная пазіцыя будзе такая: што людзі, якія хочуць размаўляць па беларуску, — яны ня гнуткія, нацыяналісты. Хоць я і не думаю, што нацыяналізм — дрэнная рэч.
На думку Юрася, беларусы павінны ведаць мову. Ён нават лічыць, што дзяржава магла б увесці абавязковы іспыт на веданне беларускай мовы, гісторыі і культуры. Гэта толькі б дапамагло беларусам зразумець сябе. А вось размаўляць на беларускай ці не — асабістая справа кожнага.
— Ніводны чалавек не будзе шчаслівым, калі яго прымушаюць. Але, калі ты будзеш ведаць, хто ты — ты захочаш і размаўляць.
Былы хімік, сённяшні праграміст: «Калі прыязджаў дадому, казалі: «Гавары па-нармальнаму»
Вадзім Шчаглоў сёння размаўляе па-беларуску і дома, і на працы. Малады чалавек родам з Мастоўскага раёну Гродненскай вобласці. Там скончыў беларускамоўную школу, але канчаткова адмовіўся ад рускай на хімічным факультэце БДУ. Штуршок атрымаў, калі перачытаў «Каласы пад сярпом тваім» Караткевіча.
— Я пачытаў і падумаў: а чаму б не размаўляць па-беларуску? Чаму б не паспрабаваць? Сябры гэта ўспрынялі добра, але ў сям'і спачатку было пэўнае неўспрыняцце. Калі прыязджаў дадому, мама, бабуля казалі: «Гавары па-нармальнаму».
Хлопец стаў дапамагаць сабе сам. Пачаў ствараць сваё беларускамоўнае асяроддзе. Зрабіў суполку «Вконтакте» «Вечарыны беларускай мовы». Спачатку на гэтыя вечарыны прыходзілi тры чалавекі, потым — болей. Пазней удзельнікі пачалі разам ездзіць ў падарожжы, хадзіць на канцэрты ці проста бавіць час у кавярні, абмяркоўваючы па-беларуску розныя тэмы.
Апроч таго, ва ўніверсітэце будучы хімік пачаў пісаць на беларускай мове канспекты. На лекцыях, дарэчы, дыктавалі па-руску. Складанасцяў такі падыход не дадаваў, а з цягам часу ўвогуле стаў аўтаматычным, гаворыць Вадзім.
— Я хадзіў у беларускамоўную школу, таму ў мяне не было праблемы быццам на беларускай мове нельга нічога выказаць. Я шмат гадоў працаваў з беларускамоўнымі падручнікамі, ведаў, што адпаведнікі ў беларускай мове ёсць для ўсяго.
Па размеркаванні Вадзім адпрацаваў хімікам на мытні, у лабараторыі — даследваў фарбы, палімеры. Здаецца, быў там адзіным беларускамоўным.
— На працы маю беларускамоўнасць успрымалі нармальна. Было прыемна, калі людзі ў размовах са мной пераходзілі на беларускую мову хаця б на кароткі час. Некаторым было складана, але яны спрабавалі. Але ўвесь дакументазварот у нас вёўся па-руску, таму прыходзілася так і запаўняць усе лісты.
З лета Вадзім — праграміст у цалкам беларускамоўнай фірме.
— Адчуваю сябе быццам бы ў ідэальнай Беларусі, — усміхаецца хлопец. — Калектыў наш невялікі, каля дзесяці чалавек. Беларуская мова ў нас дзякуючы нашаму дырэктару. Калі я шукаў працу, увагу прыцягнула вакансія: патрабавалася веданне моваў: ангельскай, нямецкай і беларускай. Тлумачылася: беларуская — для стасункаў на фірме. Гэта мяне так абрадавала — плюс 100 да матывацыі, каб туды патрапіць.
У сям'і Вадзіма білінгвізм. Ён размаўляе на беларускай, жонка — з большага на рускай мове, але, бывае, і па-беларуску.
— Ёсць адчуванне, што глабальна беларуская мова выкарыстоўваецца шырэй. З’яўляецца беларускамоўная рэклама — гэта папулярна. Але наконт пашырэння беларускамоўнага кола людзей, сказаць так не магу, шчыра кажучы. Хутчэй наадварот. Ты знаходзішся шмат у беларускамоўнай тусоўцы, а потым трапляеш у іншае асяроддзе і заўважаеш, што ў ім беларускамоўных не шмат.
На думку Вадзіма, беларусам важна адчуваць сябе асобным народам.
— Мая маці глядзіць нейкія спаборніцтвы і кажа: «О, наши!». Гляджу: «Ды няма ж тут нашых». «Ну, в смысле, россияне». І гэта пытанне не аднаго чалавека. Такіх людзей шмат. Але трэба ўсведамляць сябе канкрэтна беларусамі, а мова — гэта толькі адзін са сродкаў. Ёсць жа ў нас прозвішчы. Усе маглі б быць Івановымі, але кожны носіць сваё прозвішча, цікавіцца гісторыяй свайго роду. І ў межах краіны таксама.
Выкладчык духоўнай семінарыі: «Беларусам трэба павандраваць па славянскіх краінах, каб паважаць сваю мову»
Алесь Кароль выкладае ў духоўнай семінарыі ў Жыровічах і духоўным вучылішчы ў Мінску. Асноўныя прадметы — царкоўнаславянская і беларуская мовы. Сам ён нарадзіўся ў Расіі, але большую частку жыцця правёў у Беларусі. Па-беларуску размаўляць стаў ва ўніверсітэце.
— Потым я стаў выкладаць беларускую мову. Так што я прафесійна з ёй звязаны. Да таго ж, калі была другая палова 80-х гадоў і хваля беларусізацыі — не дзіва, што на філалагічным факультэце былі беларускамоўныя выкладчыкі і студэнты.
Дома Алесь размаўляе па-беларуску далёка не заўсёды. Жонка — украінка, ён — беларус, для стасункаў між сабой выкарыстоўваюць рускую. Але беларускамоўнасці ў жыцці Алеся шмат. Выкладчык удзельнічаў у спецыяльнай камісіі пры экзархаце, якая перакладала Свяшчэннае Пісанне на беларускую мову.
— Ён павінен хутка выйсці — якраз падыходзіць 500-гадовы юбілей выдання Бібліі Скарынам. Хочацца спадзявацца, што і на прыходах гэта пераклад спатрэбіцца, і людзі будуць яго чытаць.
— Ці можна спадзявацца, што святары пачнуць больш размаўляць па-беларуску падчас праваслаўных літургій?
— Гэта залежыць асабіста ад кожнага святара. Бо свяшчэннаначалле яшчэ ў 90-я гады дала благаславенне не ігнараваць беларускую мову. Але калі яны кепска валодаюць ёй — то баяцца асаромецца, казанні кажуць па-руску. Паколькі ёсць вольны выбар, на якой мове казаць — то выбіраюць тую, да якой прызвычаіліся. Сітуацыя тут такая ж, як і ва ўсім грамадстве. Асобныя святары традыцыйна па-беларуску кажуць казанні, фрагменты чытаюцца па-беларуску. Але такіх прыходаў не шмат. Цалкам беларускамоўная літургія служыцца ў Петрапаўлаўскім саборы ў Менску, па суботах.
— Як лічыце, беларускамоўнае кола пашыраецца апошнім часам?
— Ведаеце, мае назіранні адваротныя. Дзякуй богу, беларусы маюць сваю дзяржаву, нас каля 10 мільёнаў — не малы народ. Але стаўленне да беларускай мовы абсалютна абыякавае. І гэта дзіўна. Бо мова і прыгожая, і багатая, і даўняя, а да яе адносіны, як да нечага абсалютна непатрэбнага. Вывучаюць мовы прэстыжныя, а беларуская абсалютна аказваецца неканкурэнтаздольнай. Што казаць, калі айчыныя вытворцы тавараў друкуюць свае анатацыі на рускай, украінскай, нават на казахскай мовах, а на беларускай ні слова — гэта ўжо нейкая анамалія.
Алесь лічыць, што добра было б, каб чыноўнікі выкарыстоўвалі для дакументазвароту не толькі адну дзяржаўную мову, але і другую, якую вельмі часта ігнаруюць.
— У навучальных установах беларускай мове адводзіць не такія драбніцы, як цяпер. І многія прадметы можна было б выкладаць па беларуску. Ва ўсіх сферах беларуская мова мае тэрміналогію, і магла б выкарыстоўвацца без усялякіх праблем. Але, верагодна, кіраўніцтва навучальных устаноў, Міністэрства адукацыі и чыноўнікі ўсіх рангаў у мове не зацікаўлены, ім гэта абсалютна не важна, — разважае Алесь Кароль.
— Прыходзіць і прагматычнае пакаленне. Вам скажуць: кітайская мова — за ёй будучыня.
Але надзею на лепшае Алесь не пакідае. Суайчыннікам суразмоўца раіць болей вандраваць.
— Варта нашым жыхарам пабываць у іншых славянскіх краінах: у Сербіі, Балгарыі, Македоніі, Харватыі, Славеніі, Чэхіі, Славакіі, Польшчы, у Закарпацці ва Ўкраіне. І паглядзець, як народ ставіцца да сваіх моваў. І нават да мікрамоваў - такіх, як кашубская мова каля Гданьску.
Былы настаўнік: «Людзям дарослым загаварыць на мове ўжо цяжкавата. Але моладзь у нас дакладна будзе беларускамоўнай»
Васіль Савіч з вескі Багданаўка Лунінецкага раёну пачаў гаварыць па-беларуску, калі вучыўся ў беларускамоўнай школе-васьмілетцы. Ён не забыўся на яе і ў сярэдняй школе, дзе навучанне вялося на рускай. Больш за тое, менавіта ў сярэдняй школе ён упершыню напісаў верш — на беларускай.
— Жонка мая дагэтуль смяецца: «Максімавіч капае бульбу, і ўжо адстаў, ужо нешта піша ў разоры», — усміхаецца Васіль Савіч.
Пасля школы хлопец трапiў ў Кранштат, на атамную падводную лодку, дзе служыў тры гады. Вярнуўся на радзіму ў сярэдзіне навучальнага года і, каб не марнаваць час, паступіў на завочнае навучанне ў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут — на агранома. Пасля працаваў ў праектным інстытуце по меліярацыі ў Пінску, аб’ездзіў усё Палессе.
— А потым прыйшла думка: «У нас меліярацыя — гэта толькi асушэнне. Навошта мне ўвесь час думаць, што я высушыў сваё Палессе»?
Так Васіль Максімавіч ў 1978 годзе трапіў ў багданаўскую сярэднюю школу. Спачатку збіраўся выкладаць біялогію, але пакуль яго адпусцілі з інстытуту, месца настаўніка па гэтым прадмеце ўжо было занятае. Васілю Максімавічу далі вайсковую справу, чарчэнне і выяўленчае мастацтва. Ён 13 год выкладаў іх на рускай мове, а потым яшчэ 20 — на беларускай.
— У 1991 годзе, калі рэспубліка наша здабыла незалежнасць, армія перайшла на беларускую мову. Я вырашыў таксама перакласці на беларускую праграму па вайсковай справе. А потом і па маляванні, і па чарчэнні. Усе тэрміны я перакладаў без аніякіх цяжкасцяў. Наш вясковы дыялект ідзе з Валыні, з Украіны, ён бліжэй да украінскай мовы. Але, нягледзячы на тое, что я валодаў багданаўскім дыялектам, думаю, чалавек, калі пажадае, зробіць усё. Я люблю беларускую мову, яна вельмі сакавітая, вельмі прыгожая.
Ні вучні, ні дырэктар не заміналі весці прадметы на роднай мове. Наадварот, да Васіля Максімавіча прыязджалі пераймаць вопыт: ён стаў першым ў раёне, хто пачаў весці вайсковую справу на беларускай.
— Канешне, палітычныя сітуацыя вельмі гэтаму спрыяла. У мяне ў кабінеце вісеў бел-чырвона-белы сцяг, герб «Пагоня». Я ніколі не быў сябрам БНФ, але падтрымліваў іх накірунак. Яны былі за беларускую мову, і я лічыў, что гэта вельмі слушна. Гэта быў сапраўды беларускі шлях, — прыгадвае Васіль Максімавіч.
Змены палітычных абставінаў у сталіцы не заміналі вучыць багданаўскіх дзяцей на беларускай. Васiль Максiмавiч выкладаў чарчэнне, выяўленчае мастацтва і вайсковую справу да 2012 года, пакуль не сышоў на пенсію.
— Руская мова нейкая грубаватая, чужая нам. Беларусы больш пяшчотныя, таму і мова наша такая. Па-руску «цветок», па-беларуску — «кветка», па-руску «язык», па-беларуску «мова». Якія мы самі, такая ў нас і мова — пяшчотная, — гаворыць Васіль Савіч. — Яна зараз становіцца папулярная сярод моладзі, і гэта вельмі каштоўна. Толькi на моладзь спадзяванне. Людзі дарослыя ўжо варацца ў сваім саку, загаварыць на беларускай многім цяжкавата. Але моладзь у нас дакладна будзе гаварыць на беларускай.