Кожны з нас у дзяцінстве выбіраў сабе героя.
Хто прагнуў быць Ільлём Мурамцам, хто Валерыем Харламавым, хто Чынгачгукам Вялікім Зьмеем.
Уяўленьне — немалая частка дзіцячай натуры дый увогуле дзіцячага жыцьця.
Ішоў час, зьмяняўся сьвет, мы падрасталі, зьмяняліся нашы жыцьцёвыя прыярытэты й героі нашых уяўленьняў таксама зьмяняліся й рабіліся значна бліжэйшымі да рэальнасьці.
Нехта бачыў сябе бізнэсоўцам, іншы — новапаўсталым амэрыканцам, хтосьці яшчэ — амонаўцам. І далей мы крочылі абранымі шляхамі.
Калі за плячыма добрая палова жыцьця, тыя героі, якіх ты выбраў, ужо не мяняюцца, яны частка твае натуры. І абраны табой вобраз распавядае пра цябе значна болей, чым ты можаш уявіць.
Вось міністар нашага МУС Ігар Шуневіч заяўляе аб тым, што кожны год надзявае разам з жонкай на 9 траўня форму савецкага НКВД, сядае ў амэрыканскі Віліс і едзе па горадзе.
Выбар героя з НКВД мне кажа пра Ігара Шуневіча болей, чым уся ягоная дзейнасьць на чале беларускага МУС. Бо гэтая форма і НКВД 1920, 30, 40-ых — кавалак жахлівай гісторыі маёй краіны. На гэтай форме кроў сотняў тысяч маіх суграмадзян.
Я пра гэта ведаю, ведае пра гэта і Ігар Шуневіч, і, тым ня менш, апранае форму НКВД.
Асоба і абраны ёй вобраз знаходзяцца ў пастаянным дынамічным узаемадзеяньні.
Яшчэ адзін вядомы пэрсанаж ролевых гульняў, адзін зь першых лідэраў данбаскіх сэпаратыстаў Ігар Гіркін таксама чалавек мэтамарфоз. Палкоўнік ФСБ, ідэоляг расейскага «Белого движения», удзельнік рэканструкцый гістарычных вайсковых клюбаў.
Ягоныя рэканструкцыі лягічна ператварыліся ва ўдзел у шматлікіх ваенных кампаній, дзе бралі ўдзел расейскія найміты ад Прыднястроўя да Данбасу.
Я пра тое, што грань паміж асобай і абраным ёй героем вельмі тонкая. Часам герой робіцца больш важкім за асобу і кіруе ёй, таму што за гэтым героем пэўная гісторыя, атмасфэра, энэргія.
Калі параўноўваць герояў, якіх сабе абралі Ігар Гіркін і Ігар Шуневіч, то белы афіцэр асабіста мне бачыцца больш годным выбарам, чым савецкі энкавэдыст. У белагвардзейскіх афіцэраў, як бы да іх ні ставіцца, быў хаця б кодэкс гонару й вялікая манархічная традыцыя Расейскай імпэрыі, дзе вялікая частка належала да эўрапейскай манархічнай культуры.
У савецкіх энкавэдыстаў кодэксу гонару не было, быў загад, які яны заўзята выконвалі, што ў менскай «амэрыканцы», што ў Курапатах, што па ўсёй прасторы былога Савецкага Саюзу.
Я ня буду рытарычна пытацца ў міністра Шуневіча, ці прыедзе ён у гэтай энкавэдысцкай форме ў Курапаты. Я ня маю ілюзій.
Калі будзе загад, не сумнявайцеся, прыедзе. Такія законы жанру.
Алег Дашкевіч, «Радыё Свабода»