У далейшым гурт плануе праводзіць «вясновыя канцэрты» штогод і зрабіць гэта добрай традыцыяй.
Гурт «Крама» дасць вялікі «вясновы канцэрт» у бровары «Друзья» 26 сакавіка. Са слоў лідэра гурта Ігара Варашкевіча, гэта першы канцэрт у такім фармаце, але гурт плануе і ў далейшым збіраць сяброў і прыхільнікаў творчасці ранняй вясной, паведамляе сайт budzma.by.
Тым жа аматарам сапраўднага класічнага року і якаснай беларускай музыкі, хто па нейкіх прычынах не змог павіншаваць «Краму» з 25-годдзем у prime-hall, ёсць магчымасць праслухаць юбілейную праграму 26 сакавіка.
Варашкевіч распавёў, што юбілейны канцэрт у prime-hall планавалася здымаць на відэа. Але падчас канцэрту здарылася катастрофа — завіс лічбавы гукавы пульт, і гук быў запісаны з бракам.
«Сутнасць не ў тым, хто быў вінаваты ў той сітуацыі, а тым, што ўжо нічога не паробіш. Было шмат ідэй, да прыклад, запісаць гук для відэа ў студыі. Мы ад яе адмовіліся, таму што гэта будзе не сумленна. Таксама была ідэя перайграць гэты ж канцэрт у пустым prime-hall, але, вядома, энэргетыка будзе зусім не тая, і мы таксама ад гэтага адмовіліся», — распавёў Ігар Варашкевіч.
Перабраўшы мноства ідэй, група вырашыў паўтарыць юбілейную праграму на вясновым канцэрце, у надзеі, што на гэты раз з гукам будзе ўсё добра. Атрыманы гук будзе змантаваны з відэа, знятым у лістападзе 2016-га.
«Канцэрты бываюць розныя, але гэта быў адзін з тых рэдкіх канцэртаў, калі ты проста купаешся ў гуку, выходзіш — і з першай песні ў цябе кантакт з залай, а свята доўжыцца дзве гадзіны. Таму губляць яго нельга, і мы вырашылі пайсці на такі кампраміс. Усё будзе па-сумленнаму. Проста гук будзе з іншай пляцоўкі», — падзяліўся Варашкевіч.
Адзінае адрозненне — на вясновым канцэрце не будзе запрошаных гасцей для выступлення з “Крамай” на адной сцэне, як гэта было ў Prime-hall.
«Гэта фізічна не магчыма. Мы, уласна кажучы, і ўвесь канцэрт не зможам паўтарыць, таму што ёсць песні, сыграныя ад пачатку і да канца, як на плытцы, пад метраном, а ёсць песні, якія маюць свой канцэртны варыянт: «Гэй, налівай», напрыклад, «Што дапаможа нам», дзе з залай ёсць пэўныя пераклічкі, там, дзе мы спяваем разам. На кожным канцэрце гэта адбываецца па-рознаму, і паўтарыць гэта немагчыма, тут законы матэматыкі не дзейнічаюць»,— падзяліўся лідар «Крамы».
Калектыў спадзяецца, што дзякуючы «вясноваму канцэрту» ўдасца выратаваць хаця б 70 % ад юбілейнага.
Варашкевіч таксама адзначыў, што, магчыма, з цягам часу ў вясновых канцэртаў складзецца свая ўласная тэматыка.