Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

БАТЭ далучыўся да «беларускамоўных»

08.03.2017 спорт
БАТЭ далучыўся да «беларускамоўных»

Палова футбольных клюбаў Вышэйшай лігі будуць з прозьвішчамі па-беларуску.

Беларускі футбольны клюб БАТЭ прэзэнтаваў новую форму для сэзону 2017 году, першая гульня якога пройдзе 1 красавіка. На новай форме «жоўта-блакітных» прозьвішчы напісаныя па-беларуску, гэтаксама ж па-беларуску пазначаны і галоўны спонсар, перадае «Радыё Свабода».

Пра стаўкі на «беларускасьць» у новым сэзоне расказаў Ігар Случак — ініцыятар кампаніі «Справаводзтва па-беларуску» і актыўны прыхільнік беларусізацыі спорту:

«Па новым сэзоне яшчэ ня так шмат інфармацыі, але некаторая ўжо ёсьць. У мінулым сэзоне 7 клюбаў Вышэйшай лігі былі з прозьвішчамі на футболках па-беларуску: «Дынама-Менск», «Дынама-Берасьце», «Тарпэда-БелАЗ», «Крумкачы», «Гарадзея» і «Нёман». На гэты сэзон з Вышэйшай лігі вылецелі «Граніт» і «Белшына», на іх месца прыйшлі «Дняпро» і «Гомель». А «Гомель» ужо шмат год выкарыстоўвае беларускую мову на футболках.

Ігар Случак

Калі ніхто не адмовіцца ад беларускамоўных футболак, дык палова камандаў Вышэйшай лігі будзе з прозьвішчамі па-беларуску. У Першай лізе толькі «Тарпэда-Менск» выкарыстоўвае беларускую мову, але яны — адзіны клюб, які цалкам усё па-беларуску робіць. А БАТЭ ў мінулым годзе адказваў мне ў вершаванай форме пра тое, што будуць беларускую мову пашыраць».

Форвард Мікалай Януш — адзіны футбаліст нацыянальнага першынства, які карыстаецца роднай мовай

Фэдэрацыя футболу прэзэнтавала бел-чырвона-белую форму

Случак кажа, што ўжо зрабіў рассылку футбольным клюбам з прапановамі пашыраць выкарыстаньне беларускай мовы на полі, на трыбунах і ў інтэрнэце. Неўзабаве яму маюць прыйсьці афіцыйныя адказы, якіх ён чакае з аптымізмам:

«На гэты сэзон у мяне вялікія спадзевы, бо мінулы год задаў добры тэмп. Наша Фэдэрацыя футболу вельмі добра беларусізуецца, адна з самых прабеларускіх арганізацыяў, я лічу. Закрыцьцё мінулага футбольнага сэзону было праведзенае цалкам па-беларуску ўпершыню мо за ўсю гісторыю Беларусі. «Зорны мяч» прайшоў па-беларуску з выкарыстаньнем арнамэнтаў, вышыванак, усё чырвона-белае. Той жа брэнд зборнай «белакрылыя» будзе разьвівацца ў гэтым сэзоне, і гімн Фэдэрацыі футболу для іх па-беларуску выканалі Naviband. І прадукцыя, календары тыя ж па-беларуску, і там «травень», а ня «май»«.

Случак дадае, што яму падабаецца форма зборнай Беларусі з элемэнтамі нацыянальнага арнамэнту: як «хатняя» бел-чырвона-белая, так і «выязная» чорная (таксама блізкі беларусам колер):

«Я быў на тым матчы, калі Беларусь гуляла з Францыяй упершыню ў новай форме. Была вельмі файная падтрымка. Увесь стадыён быў сапраўды беларускім! І я быў на другой гульні зь Люксэмбургам, якая, на жаль, скончылася ўнічыю, але і на тым матчы была файная падтрымка, людзей прыйшло, можа, меней, але падтрымка была амаль такая ж. Таму, я лічу, гэта вельмі правільны падыход Фэдэрацыі, што каманда робіцца сапраўды беларускай. І яе будуць падтрымліваць толькі за тое, што яна беларуская, і ў радасьці, і ў горы. Перамогі ня могуць быць заўжды, але Беларусь будзе заўжды».

Але не ўва ўсіх відах спорту сытуацыя зь беларускай мовай пазытыўная, кажа Случак:

«У хакеі беларускім застаецца вялікая праблема. Беларуская мова зусім не выкарыстоўваецца ў нацыянальным чэмпіянаце, а ў Кантынэнтальнай хакейнай лізе яе зусім нельга выкарыстоўваць. Там як з этыкеткамі тавараў і Мытным саюзам — тое самае, патрабаваньне выкарыстоўваць расейскую мову. Хаця я гляджу, што каманды КХЛ з той жа Латвіі, з той жа Фінляндыі выкарыстоўваюць сваю мову і на форме, і на сайтах».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]