Прэзентацыя кнігі «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса» адбудзецца 12 сакавіка ў Мінску.
12 сакавіка ў холе побач з кнігарняй «Галіяфы» (Няміга-3, цокальны паверх, пав. 66) адбудзецца прэзентацыя кнігі Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса». Пачатак а 12-й гадзіне, паведамляе nn.by.
У імпрэзе возьмуць удзел літаратары і мастакі: Вера Бурлак, Кацярына Дубовік, Віктар Жыбуль, Марыя Мартысевіч, Юлія Цімафеева, Серж Мінскевіч.
Сусветна вядомая казка Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса» — адзін з самых загадкавых твораў класічнай літаратуры Вялікабрытаніі — ужо другое стагоддзе вабіць як дзяцей (якім яна непасрэдна прызначалася), так і дарослых.
У гэтым выданні змешчаны пераклад казкі, выкананы Верай Бурлак. Арыгінальныя ілюстрацыі Кацярыны Дубовік суправаджаюць у падарожжы ў Залюстэркавы свет і дазваляюць адчуць сябе ўдзельнікам фантастычнай гульні — шахматнай партыі, разыгранай Льюісам Кэралам.