Я прачнулася ў іншай краіне...
Такое вострае адчуваньне ў мяне было раніцай 20 сьнежня 2010 году пасьля брутальнага разгону акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, калі сотні людзей былі затрыманая і кінутыя за краты.
За адзін дзень краіна зьмянілася, так хутка і так жорстка былі перакрэсьленыя надзеі на лібэралізацыю, мірныя перамены, і проста надзея на лепшае жыцьцё. Праз няпоўных сем гадоў краіна зноў мяняецца: толькі не за адзін дзень, а на вачах, цягам тыдня. Яшчэ 3 сакавіка я была ў Менску ў Курапатах разам з маёй калегай Галінай Абакунчык, якая вяла дзьвюхгадзінны жывы рэпартаж з мітынгу абаронцаў. У той момант усіх яднала адчуваньне, што супольны грамадзкі пратэст можа мець вынік, што ўлады ўстрымліваюцца ад ужываньня сілы, што можна перамагаць, і што гэта толькі пачатак.
Мы не былі наіўныя, але прыслухоўваліся да пазытыўных сыгналаў. А гэта і публічныя абдымкі рэдактара калісьці апальнай «Народнай волі» Ёсіфа Сярэдзіча з Аляксандрам Лукашэнкам, і іхняя размова па-беларуску, і словы пра нейкі агульнанацыянальны дыялёг, і размовы пра магчымы мірны транзыт улады, да якіх многія паставіліся скептычна, а хтосьці ўсё ж з надзеяй. І заявы кіраўніка краіны пра тое, што гісторыю Беларусі трэба адлічваць ад Полацкага княства таксама былі пазытыўным сыгналам, які многія пачулі, і першыя «круглыя сталы» ў прэзыдэнцкай газэце пра Курапаты і палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі былі ў пэўнай ступені сьведчаньнем магчымых пераменаў.
Ня ведаю, ці ўсе надзеі на мірны дыялёг і перамены скончыліся, але ўсё зьмянілася. Не за некалькі гадзінаў, як увечары 19 сьнежня 2010 году, а за адзін тыдзень. Пачалі з прапагандысцкай тв-атакі ў стылі «Жалезам па шклу», працягнулі арыштамі курапацкіх пераможцаў — Зьмітра Дашкевіча і Сяргея Пальчэўскага, і далей як сьнежны ком — затрыманьні ў Маладэчне, Берасьці, Воршы актывістаў, журналістаў, шараговых удзельнікаў — ужо з паўсотні зьняволеных. Карэспандэнтка «Свабоды» Галіна Абакунчык 19 сьнежня 2010 году вяла рэпартаж у жывым эфіры Радыё Свабода падчас самых драматычных падзеяў на Плошчы Незалежнасьці. Яна зьняла на відэа брутальныя затрыманьні і зьбіцьцё людзей, гэты запіс дагэтуль зьяўляецца адным з найбольш выразных дакумэнтальных сьведчаньняў пра тыя падзеі.
Празь сем гадоў яна была затрыманая пасьля мірнай акцыі пратэсту ў Воршы, і пасьля ночы ў міліцэйскім пастарунку яе судзілі фактычна за выкананьне сваіх прафэсійных абавязкаў. Галіна Абакунчык, як і многія іншыя, прачнулася сёньня за кратамі. Гэта знаёма шмат каму ў Беларусі — так шмат гадоў прачыналіся палітыкі, праваабаронцы, удзельнікі мірных пратэстаў.
Гэта знаёмая Беларусь — але ў 2017-м усё ж іншая.
Бо цяпер справа не ў журналістах, актывістах і выбаршчыках, якіх затрымліваюць і зьнявольваюць.
Людзі ў кожным кутку Беларусі больш не баяцца ўголас гаварыць пра несправядлівасьць, пра цяжкае жыцьцё, пра падман, пра разваленую эканоміку, пра галечу, пра немагчымасьць больш гэта цярпець.
Ці здольная ўлада пачуць — у той Беларусі, якая будавалася апошнія два дзесяцігоддзі, — гэта амаль рытарычнае пытаньне. Але зусім не рытарычнае: ці здольная яна нешта зьмяніць?
Ганна Соўсь, «Радыё Свабода»