Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Трубачкі ў вушы не ўставілі

15.03.2017 политика
Трубачкі ў вушы не ўставілі

Не спадае эпідэмія грыпа, які не толькі расійскага прэм'ера, але й мяне касянуў.

Участковыя дактары збіваюцца з ног, а беларускія ўлады традыцыйна заяўляюць, што ніякай эпідэміі няма. У Расіі, дзе Пуцін з Мядзведзевым, ёсць, а ў Беларусі, дзе Лукашэнка, няма. І ў звязку з гэтым згадалася мне гісторыя, якую распавяла спадарыня Святлана Чарняўская, удава светлай памяці Міхася Чарняўскага, выбітнага беларускага археолага, гісторыка…

«Я толькі-толькі медінстытут скончыла, працаваць пайшла - і якраз пад эпідэмію грыпа патрапіла. 50 чалавек у паліклініцы прыняўшы, бегаю па выкліках, якіх таксама паўста. Ногі адвальваюцца. Застаецца ў спісе апошняя кватэра - ісці не магу. Цяпер, можа, і не пайшла б, а тады… Давай-давай, маладая доктарка! Хворыя людзі чакаюць!
Падымаюся на трэці паверх - упокат ляжаць трое. Муж, жонка і дзіця. Дзяўчынка. Стэтаскоп у мяне на грудзях, слухаю дзяўчо - не чую. Ні дыхання, ні сэрца! Памерла! Ужо было некалькі смяротных выпадкаў…
 Госпадзі! Як сказаць бацькам? Са мной жа такога не здаралася ніколі… Маўчу хвіліну, другою… Сама ўжо не дыхаю, у самой сэрца спыняецца… І тут маці, якая побач з дачкой ляжыць, прыпадымаецца на локаць, глядзіць на мяне сумна-сумна, а потым ціха-ціха, бо праз хваробу зусім слабая, кажа: «Доктар, вы трубачкі ў вушы не ўставілі…»

Я гэта да чаго? Не толькі да грыпу… Я гэта яшчэ й да таго, што Лукашэнка заяўляе, чынавенства ягонае верашчыць, тэлевізія ягоная захлёбваецца: усё ў нас добра! Цудоўна! Няма ніякай «эпідэміі» народных пратэстаў! Народ задаровы і багаты! Файна усё! Стабільны рай!.. 
Гэта яны трубачкі ў вушы не ўставілі.

Уладзімір Някляеў, Фэйсбук

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]