Лукашэнка ня толькі не адпавядае часу, ён цягне Беларусь назад.
У размовах і дыскусіях пра першага прэзыдэнта Беларусі часам ад самых розных людзей – альбо жартам, альбо ўсур’ёз – даводзілася пачуць, што ў свой час Лукашэнку паставяць помнік. І гучыць гэта зусім не ад зацятых лукашыстаў (якія баяцца такое казаць, бо лічаць гэта нейкай адваротнай варожай прапагандай), але ад цалкам адэкватных людзей, якія нібыта проста рэалістычна канстатуюць стан беларускай грамадзкай сьвядомасьці. Маўляў, які ні ёсьць, але дэ-факта «бацька нацыі», нічога тут ня зробіш – калі дажывем, будзем хадзіць каля ягоных помнікаў ды плявацца.
Што ж, паспрабуем адкінуць эмацыйны і маральны аспэкт гэтай тэмы (як бы цяжка ні было гэта зрабіць у выпадку з Лукашэнкам) і паразважаем чыста практычна і, можна сказаць, цынічна на тэму, ці магчымы калі-небудзь у Беларусі помнік Лукашэнку.
Возьмем для пачатку аптымістычны варыянт. Праз пэўны, нам невядомы, час (і праз пэўную колькасьць беларускіх лідэраў) у краіне запаноўвае дэмакратыя, Беларусь заяўляе пра імкненьне ўступіць у эўрапейскую сям’ю народаў (ці гэта будзе Эўразьвяз, ці нейкая ўсходнеэўрапейская супольнасьць). У гэтым варыянце «школьная» гістарычная ацэнка Лукашэнкі будзе выглядаць так, як, на маю думку, яна і павінна выглядаць – аўтарытарны кіраўнік, пры якім адбыліся дзяржаўны пераварот, зьнікненьні (альбо забойствы, калі гэта будзе даказана) палітычных апанэнтаў, фальсыфікацыя выбараў, абмежаваньне свабоды грамадзянаў ва ўсіх сфэрах жыцьця ад палітыкі да эканомікі, аднабаковая залежнасьць ад Расеі, звужэньне выкарыстаньня беларускай мовы (і заўважце, што я яшчэ выбіраю самыя мяккія фармулёўкі!).
Няма ніводнай падставы лічыць, што ў дэмакратычнай, незалежнай, прававой, праэўрапейскай Беларусі палітычная ацэнка Лукашэнкі будзе пазытыўная. Мы назіраем на прыкладзе краінаў Лацінскай Амэрыкі, як празь дзесяцігодзьдзі грамадзтва расстаўляе гістарычныя і юрыдычныя кропкі над «і» ў ацэнках прадстаўнікоў ваенных хунтаў 70–80-х. Ад Аргентыны да Чылі палітыкаў і генэралаў судзяць за канкрэтныя дзеяньні, нягледзячы на спрэчкі вакол эканамічных ды палітычных посьпехаў, дасягнутых краінамі ў той час. У Гішпаніі ў канцы 2008 году дэмантавалі апошні помнік генэралу Франсіска Франка, які ўзначальваў краіну амаль 40 гадоў.
А Пілсудзкі? – спытаюць мае гіпатэтычныя апанэнты. «Начальнік дзяржавы», аўтарытарны кіраўнік, дзяржаўны пераварот, турмы для палітычных апанэнтаў – усё гэта было, але ж у Польшчы яму стаяць помнікі! Так, стаяць. Але трэба разумець гістарычны кантэкст, у якім мы павінны ацэньваць палітыкаў мінулага. Мы ж не папракаем заснавальнікаў ЗША (якія былі рабаўладальнікамі) у тым, што яны не змагаліся за расавае раўнапраўе, а князя Вітаўта – у адсутнасьці барацьбы за правы жанчын, напрыклад. І ў 1930-я гады, у часы Пілсудзкага, аўтарытарызм і пасадкі палітычных апанэнтаў былі звычайнай для таго часу і для нашага рэгіёну практыкай, на агульным фоне рэжым «санацыі» быў далёка ня самы крыважэрны.
Аднак Лукашэнка кіруе эўрапейскай краінай у 21-м стагодзьдзі, і ацэньваць яго нашы наступнікі будуць з гледзішча адпаведнасьці сёньняшнім каштоўнасьцям, дзе правы чалавека, наяўнасьць палітзьняволеных, палітычныя ды эканамічныя свабоды выходзяць на першы плян. А Лукашэнка ня толькі не адпавядаў часу, ён цягнуў Беларусь назад. Дый, пагадзіцеся, Пілсудзкі не заяўляў, што на польскай мове нельга выказаць нічога вялікага, не называў палякаў немцамі са знакам якасьці, а змагаўся за максымальную незалежнасьць сваёй краіны, найперш ад Расеі.
Дарэчы, калі гіпатэтычна ўявіць самы катастрафічны варыянт будучыні, пры якім Беларусь часова ўвойдзе ў склад Расеі (у што я асабіста абсалютна ня веру, бо хутчэй сама Расея «зьменіць свае тэрытарыяльныя межы», іншымі словамі, разваліцца). То зь якой радасьці расейцы будуць ставіць помнікі Лукашэнку? Хітруну, які цягнуў з Расеі рэсурсы, адмаўляўся далучацца, будаваў за расейскія грошы ўласную незалежную дзяржаўнасьць, паддобрываўся да Захаду, не падтрымаў вайну з Украінай, заўсёды меў сваю фігу ў кішэні?
Вядома, што гісторыю пішуць пераможцы. Якой становіцца нацыя, якія каштоўнасьці яна вызнае – зыходзячы з гэтага, яна і стварае пантэон сваіх герояў, выбірае іх з шалупіньня падзеяў, адных узвышае, іншых ацэньвае крытычна альбо зусім забывае дзеля непатрэбнасьці.
І мне нават цяжка ўявіць той нерэальна-змрочны сцэнар беларускай будучыні, у якім Лукашэнка можа стаць станоўчым нацыянальным героем.
Віталь Цыганкоў, «Радыё Свабода»