Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Ня трэба шукаць чорную котку ў пакоі, дзе ёсьць толькі Лукашэнка

17.03.2017 политика
Ня трэба шукаць чорную котку ў пакоі, дзе ёсьць толькі Лукашэнка

Хопіць шукаць «змовы» там, дзе галоўны змоўшчык адзін.

Палітызаваная публіка знайшла сабе новы занятак — распрацоўваць кансьпіралягічныя тэорыі пра змовы сілавікоў супраць Лукашэнкі і — традыцыйна — пра расейскі сьлед у апошніх падзеях. Чытаеш шматлікія допісы на гэтую тэму і хочацца сказаць: «Сапраўды, ня ўсё так проста. Усё значна прасьцей».

Калі бачу заявы, што, маўляў, Лукашэнка ня ведае, што адбываецца, а сілавікі падсоўваюць яму няправільную інфармацыю, то задаюся пытаньнем: ці гэта шчырая наіўнасьць паводле прынцыпу «обмануть меня не трудно, я сам обманываться рад», ці проста людзі «на заробку» і сьвядома абгрунтоўваюць пэўную «ўстаноўку».

Паказальна, што ў такіх развагах аўтары, шукаючы блізкія аналёгіі, нярэдка зьвяртаюцца да прыкладу 19 сьнежня 2010 году, брутальнага разгону Плошчы ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў. З гэтага і пачнем. Бо чым далей, тым болей пра тыя падзеі ўтвараюцца пэўныя міты, і самы зручны (для ўлады) — пра нейкі расейскі сьлед. Таму варта нагадаць некалькі агульнавядомых фактаў, якія дапамогуць вам самім зрабіць высновы, чый сьлед моцным адбіткам лёг на тыя падзеі.

Ужо за некалькі тыдняў да дня выбараў, выступаючы на Ўсебеларускім народных сходзе, Лукашэнка даў усім зразумець, што адбудзецца пасьля 19 сьнежня. «Я і ня столькі цярпеў, пацярплю крытыку яшчэ два тыдні», — сказаў ён. Каму незразумела, перакладу — два тыдні трываю, але ня болей, пасьля выбараў наступіць іншая рэальнасьць. А ўжо пасьля разгрому Плошчы Лукашэнка сам заявіў (каб было зразумела нават самым някемлівым), што менавіта ён кіраваў дзеяньнямі праваахоўных органаў 19 сьнежня, падкрэсьліўшы, што ніякі сілавік нічога такога ня мог бы зрабіць без загаду кіраўніка дзяржавы. Можна дадаць агульнавядомыя факты, што ў сьледчых ізалятарах перад 19 сьнежня 2010-га актыўна рыхтаваліся да масавага «прыёму» новых «кватарантаў».

Калі нават дапусьціць, што ў тыя некалькі гадзінаў вечара 19 сьнежня былі нейкія кіраваныя з-за мяжы правакацыі (хоць за ўсе гады пасьля тых падзеяў ніякіх доказаў ці нават намёкаў на доказы не было знойдзена), то ніякіх сумневаў не пакідаюць далейшыя дзеяньні Лукашэнкі. Ён жа мог даць загад адразу пасьля разгону дэманстрацыі вызваліць усіх затрыманых, мінімізаваць наступствы таго «зрыву». Але замест гэтага цягам многіх месяцаў у Менску праходзілі працэсы, на якіх саджалі ўдзельнікаў Плошчы, зьнявольвалі кандыдатаў у прэзыдэнты. Гэта Расея камандавала?

Любая вэрсія пра «маскоўскі сьлед» альбо «змову сілавікоў» — і тады, і цяпер — сьвядома ці міжволі працуе на адбельваньне самога Лукашэнкі, зьняцьце зь яго адказнасьці за тое, што адбываецца ў краіне.

Што да цяперашніх падзеяў, то і тут Лукашэнка, здаецца, зрабіў усё, каб у адэкватных людзей не заставалася сумневаў, хто кіруе працэсам. Сказаў «разабрацца», сказаў «как изюм из булки, повыковыривать этих провокаторов» — сілавікі і пачалі выконваць, у меру свайго разуменьня.

Якія вам яшчэ трэба доказы, хто прымае рашэньні? Калі нешта кракае, як качка, плавае, як качка, і выглядае, як качка, — то гэта, хутчэй за ўсё, і ёсьць качка.

І дарэчы, калі нейкі канкрэтны выканаўца зробіць нейкі «перагіб» альбо памылку, то яго адразу падправяць, што паказала гісторыя з украінскім паэтам Сяргеем Жаданом. Затрымалі — разабраліся — адпусьцілі — скасавалі забарону на ўезд. Умеюць, калі захочуць. У тым і справа, што «калі захочуць».

Можна толькі паўтарыць тыя высновы, якія шмат разоў рабілі адказныя беларускія аналітыкі: пабудаваны Лукашэнкам палітычны рэжым ня можа вытрымліваць нават мінімальную дозу адноснай лібэралізацыі; рэпрэсіі і ўціск грамадзянскіх свабодаў — непазьбежныя ўмовы ягонага існаваньня.

Хопіць шукаць «змовы» там, дзе галоўны змоўшчык адзін, і прозьвішча ягонае даўно вядомае.

Віталь Цыганкоў, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]