Сакратарыят Саюза беларускіх пісьменнікаў павіншаваў беларусаў з Днём Волі.
Саюза беларускіх пісьменнікаў павiншаваў беларусаў з Днём Волі, пiша novychas.by.
«25 сакавіка 1918 года ў Мінску ІІІ Устаўной граматай была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Бацькі беларускай дзяржаўнасці, публіцысты і літаратары пакалення «Нашай Нівы», нягледзячы на нестабільнае становішча звонку і няпэўную будучыню, праявілі палітычную мужнасць і гэтым паказалі прыклад сваім наступнікам.
Ва ўмовах неспрыяльнай, часта несамастойнай палітыкі БССР, грамадскія дзеячы аб'ядналіся на культурніцкай глебе, дзякуючы чаму з'явіліся Акадэмія Навук і Беларускі Дзяржаўны ўніверсітэт, сотні новых кніг і перыядычных выданняў, выраслі новыя пакаленні людзей, улюбёных у беларускую справу. Рэпрэсіўная машына ДПУ, НКУС і КДБ сталінскіх часоў займалася планамерным вынішчэннем ідэалаў БНР і фізічным знішчэннем папулярызатараў нашай мовы і літаратуры, але «канчаткова вырашыць» беларускае пытанне так і не ўдалося: у 1991 годзе Беларусь стала незалежнай краінай.
Саюз беларускіх пісьменнікаў віншуе суайчыннікаў з Днём Волі – нацыянальным святам Беларусі. Волі і свабоды – заўсёдных спадарожнікаў творчасці – нас вельмі часта хацелі пазбавіць. За апошнія дні перад святам былі гвалтоўна затрыманыя сотні палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, блогераў і журналістаў, і сярод іх беларускія кніжнікі Алесь Яўдаха, дырэктар інтэрнэт-крамы knihi.by, і памочнік дырэктара выдавецтва “Кнігазбор” Міраслаў Лазоўскі. Па-ранейшаму наша імкненне да Волі сутыкаецца з гвалтам і беззаконнем.
Няхай Дзень Волі стане святам салідарнасці, святам нязломнага беларускага духу.
Жыве Беларусь!
Сакратарыят ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў»