Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Савецкай Беларусі больш няма

29.03.2017 политика
Савецкай Беларусі больш няма

Уся сістэма прапаганды, БРСМы, начальніцы ідэалогіі з прычоскай «гняздо» – гэта смецце, якое трапіла ў колы гістарычнага працэсу.

Дарагі таварыш Аляксандр Рыгоравіч!

От захацеў напісаць вам ліст. Я напішу спакойна. Я, разумееце, два дні працаваў рукамі і паспакайнеў. Разважлівым стаў.

Аляксандр Рыгоравіч, маю для вас паганаю навіну – савецкай Беларусі больш няма. Яна скончылася. Разумееце, скончылася.

Вы ніколі не былі ў Прудку (і дзякуй Богу!), а я вам раскажу, што чую ад прудкаўцоў цяпер. Яны гавораць:

– Няхай мяне пасадзяць, а я болей маўчаць не буду.

Не баяцца.

Гэта не інтэлігенцыя і не атмарозкі (так вы нас ласкава называеце). Гэта даяркі і трактарысты. Газаэлектразваршчыкі. Механізатары. Вас, таварыш, больш ніхто не баіцца. Вы можаце паказаць яшчэ сто мільёнаў сваіх нквдэшнікаў, але баяцца іх ужо ніхто не будзе. Ведаеце чаму? Таму што савецкіх беларусаў больш няма. Цяпер у нас ёсць воля. Свабоду вы можаце забраць, а волю – не. Нам, ведаеце, болей не трэба пракладаць тратуары, з якіх нельга збочыць.

Дарагі таварыш Аляксандр Рыгоравіч, прашу перадаць прывітанне вашаму паплечніку таварышу Давыдзьку. А разам з прывітаннем скажыце, што нават за 300 кіламетраў ад МКАДа ніхто не верыць тэлевізару. Калі цётка-пенсіянерка, у якой нават старонкі ў аднакласніках няма, гаворыць, што чытае навіны на «Свабодзе», я разумею, што не толькі савецкая Беларусь скончылася, а і ваш Давыдзька скончыўся таксама. Усё, разумееце? Усё. Цёткі глядзяць на беларускіх баевікоў, якімі вы пужаеце, і шкадуюць іх. Разумееце? Шкадуюць.

Шкадуем.

Уся ваша сістэма прапаганды, БРСМы, суботнікі, начальніцы ідэалогіі з прычоскай «гняздо» – гэта смецце, якое трапіла ў зубчатыя колы гістарычнага працэсу. Яно – смецце – стрымлівала гістарычны працэс. Але зубчатыя колы змалолі яго ў пыл. Ну добра, яшчэ не змалолі, але гэта ўжо не спыніць.

Вы бачыце, я спакойна пішу. Не нярвуюся, не дзёргаюся. Гэта таму, што ў мяне тут цёплая сонечная раніца. Спакойнае надвор’е. Я спакойны – надвор’е спакойнае.

Я не палітык і нават не рэвалюцыянер. Наадварот – я ўнутранай эміграцыяй займаўся. Мне не важна, хто працуе прэзідэнтам. Няхай хоць вы. Але тут разумееце якая штука? Тут вам трэба выбіраць: альбо вы з намі, альбо мы без вас.

Андрусь Горват, «Фейсбук»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]